У судзе Цэнтральнага раёну Менску 3 чэрвеня агучылі выракі двум удзельнікам акцыі салідарнасьці з затрыманым блогерам Сяргеем Ціханоўскім, піша «Вясна». Акцыя была зьвязаная не зь цяперашнім затрыманьнем Ціханоўскага, а з папярэднім.
Сяргея Ціханоўскага затрымлівалі 6 траўня ў Магілёве. Яшчэ са студзеня за Ціханоўскім «вісеў» 15-дзённы арышт паводле пастановы суду за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй 20 сьнежня ў Менску. Але адбываць гэтыя 15 сутак тады яго не адправілі, а адпусьцілі на волю пасьля 15-дзённага арышту, прысуджанага раней. 18 траўня блогера зноў прывезьлі ў суд і пакаралі яшчэ 15 суткамі арышту за сустрэчы з падпісчыкамі ў розных гарадах Беларусі, якія міліцыя расцаніла як несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы. Але вызвалілі 21 траўня, яшчэ да сканчэньня тэрміну. 29 траўня Ціханоўскага зноў затрымалі пасьля інцыдэнту на ягоным пікеце ў Горадні.
Пасьля затрыманьня 6 траўня ў Менску і Магілёве сабраліся некалькі дзясяткаў прыхільнікаў Ціханоўскага. У Менску акцыя праходзіла ў раёне Нямігі.
Судзьдзі Іван Касьцян і Юлія Густыр 3 чэрвеня пакаралі максымальным магчымым штрафам у 1350 рублёў блогера Дзьмітрыя Казлова (вядомага як Шэры Кот) і старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова.
Супраць блогера сьведчыў намесьнік начальніка ГУУС Павал Кунчык, які сказаў, што бачыў, як Казлоў крычаў: «Свабоду Сяргею Ціханоўскаму!» Сам Дзьмітры Казлоў на суд не прыйшоў.
Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў у Горадні. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).
ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);
ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;
ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.