Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз патрабуе вызваліць Ціханоўскага і Статкевіча


Штаб-кватэра Эўракамісіі ў Брусэлі
Штаб-кватэра Эўракамісіі ў Брусэлі

«Апошнія падзеі ў Беларусі ўзьнялі сур’ёзныя пытаньні адносна павагі ўладамі правоў чалавека і асноўных свабодаў сваіх грамадзянаў», — заявіў у інтэрвію Радыё Свабода Пэтэр Стана, прэс-сакратар кіраўніка зьнешняй палітыкі Эўразьвязу Жазэпа Барэля.

Эўрапейскія палітыкі мяркуюць, што блогер Сяргей Ціханоўскі, прадстаўнік апазыцыі Мікалай Статкевіч, а таксама іншыя грамадзкія актывісты, затрыманыя падчас мірных акцыяў, «павінны быць неадкладна вызваленыя, а крымінальны і адміністрацыйны перасьлед супраць іх спынены».

Пэтэр Стана нагадаў, што па меры набліжэньня Беларусі да прэзыдэнцкіх выбараў важна, каб улады забясьпечвалі свабоду сходаў і слова для ўсіх грамадзянаў. «Мы таксама заклікаем Беларусь своечасова запрасіць на выбары назіральнікаў БДІПЧ АБСЭ (Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека), што зьяўляецца звычайнай практыкай у такіх выпадках», — адзначыў ён.

Высокі прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Жазэп Барэль меў наведаць Беларусь у канцы красавіка. Эўрапейскія чыноўнікі такога рангу за ўсю найноўшую гісторыю Беларусі наведвалі краіну двойчы: у 2009 годзе, у разгар папярэдняга пацяпленьня адносін паміж Беларусьсю і ЭЗ, Менск наведаў тагачасны кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі Хавіер Саляна, а ў жніўні 2014 году пераемніца Саляны Кэтрын Эштан удзельнічала ў Менску ў перамовах аб украінскім канфлікце паміж прэзыдэнтамі Ўкраіны і Расеі Пятром Парашэнкам і Ўладзімірам Пуціным.

Аднак, як паведаміла ў красавіку Міністэрства замежных справаў Беларусі, візыт высокага прадстаўніка Эўразьвязу адклалі празь «неспрыяльную эпідэміялягічную абстаноўку».

Сёньня офіс Жазэпа Барэля нагадвае, што «Эўрапейскі Зьвяз імкнецца да стабільнай, дэмакратычнай і квітнеючай будучыні Беларусі і яе народу, таму што гэта прыносіць карысьць людзям краіны, і Эўразьвяз будзе працягваць працу з усімі зацікаўленымі бакамі, цьвёрда прытрымліваючыся гэтай мэты».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG