Культурны пласт з падмуркам будынку канца ХІХ стагодзьдзя ў цэнтры Віцебску, дзе згуляў вясельле Марк Шагал, больш не пацерпіць ад будаўнічых работ па пракладцы цеплатрасы. Але і музэефікацыі аб’екта не адбудзецца.
На гэтым тыдні будаўнікі аднавілі часова спыненыя земляныя работы па рэканструкцыі ўчастку цеплавых сетак на вуліцы Талстога насупраць Уваскрасенскай царквы ў Віцебску. Рэканструкцыя адбываецца паводле ранейшага праекту.
Каб пракласьці новую галіну цеплатрасы, рабочыя разабралі невялікі фрагмэнт сьцяны і паўцыркульную цагляную арку, якія датуюцца канцом XVIII стагодзьдзя.
«Мы зафіксавалі гэтыя элемэнты, — адзначае архітэктар-рэканструктар Яўген Калбовіч, які праводзіць дасьледаваньні адкрытых падмуркаў і вядзе назіраньні падчас земляных работ. — На жаль, рэшткі сьцяны знаходзіліся пад ліўневай каналізацыяй. Вільгаць пашкодзіла матэрыял, зь якога яна была зробленая. Цэгла і вапна былі амаль цалкам дэструктаваныя».
Па словах архітэктара, гэта робіць немагчымым далейшае выкарыстаньне цэглы ў якасьці донарскай — для рэстаўрацыі іншых гістарычных аб’ектаў. Каштоўныя элемэнты, знойдзеныя падчас археалягічных дасьледаваньняў — кафля, цэгла з клеймамі, мэталічныя вырабы XVIII–XIX стагодзьдзяў — перадалі ў віцебскі краязнаўчы музэй.
Праект цеплатрасы ў гістарычным цэнтры закрануў рэшткі старых пабудоў, але абмінуў падмуркі зьвязанага з імёнамі Марка Шагала і Бэлы Розэнфэльд дома Вітэнбэрга, частку якога займаў гатэль «Брозі».
Кавалак трасы ідзе ўздоўж будынка № 2 па вуліцы Талстога, дзе цяпер банк. Ад дома Вітэнбэрга ён стаяў за некалькі мэтраў. Калі пракладалі траншэю, адкрылася, сярод іншага, частка падмуркаў знакамітага дома. Экскаватар іх пашкодзіў. Віцебскія аматары гісторыі выказвалі заклапочанасьць далейшым лёсам дома Вітэнбэрга.
Пасьля часовага спыненьня работ падмуркі дома Вітэнбэрга больш не чапалі.
«На мой погляд, гэта найбольш бясьпечны варыянт трасіроўкі і для культурнага пласту, і для гістарычнага будынка, — упэўнены Яўген Калбовіч. — У іншым выпадку, калі б зьмянілі маршрут пракладаньня труб, на яго месцы мы б атрымалі магістральную цеплатрасу, якая сілкуе частку гораду. І, адпаведна, — крыж на аднаўленьні дома Вітэнбэрга. А я спадзяюся, што рана ці позна пытаньне аб яго адбудове паўстане».
Паводле архітэктара, за апошнія дні падчас дасьледаваньняў значных адкрыцьцяў ня здарылася. Больш сур’ёзнага вывучэньня падмуркаў дома Вітэнбэрга бліжэйшым часам таксама не адбудзецца. Іх засыплюць зямлёй і захаваюць статус культурнага пласту.
«Ідэю закансэрваваць і накрыць падмуркі шкляным шатром зьдзейсьніць складана, — тлумачыць архітэктар. — Гэта б мела сэнс, калі б значная частка падмуркаў была адкрытая. На гэтай пляцоўцы сёньня стаіць Альгерд».
Дасьледчык адзначыў, што ў сувязі з пракладаньнем цеплатрасы помнік князю можа нахіліцца, таму трэба рабіць пэўныя захады. Апошні дзень археалягічных і архітэктурных дасьледаваньняў пляцоўкі перад Уваскрасенскай царквой прызначаны на чацьвер. Пасьля гэтага траншэі пачнуць засыпаць, а тэрыторыю вакол помніка — парадкаваць.
Гэта публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.