У Кіеве прыкладна 500 прадстаўнікоў Украінскай рэстараннай асацыяцыі выйшлі на акцыю пратэсту каля будынку ўраду з патрабаваньнем зьняць усе абмежаваньні на працу кавярняў і рэстаранаў, уведзеных з прычыны распаўсюджваньня каранавірусу.
Удзельнікі акцыі прайшліся да будынку ўраду, трымаючы ў руках плякаты са слоганамі «Час гойсаць па рэстаранах», «Думай-це! Адчыняй-це!», «Мы больш бясьпечныя, чым мэтро і маршруткі», «Нас мільён, дайце працаваць!», «Хопіць з нас карантыну» і іншыя. Таксама ўдзельнікі пратэсту прынесьлі лыжкі, чарпакі, мэталічныя талеркі, рондалі і грукалі па іх.
Да пратэстоўцаў выйшаў прадстаўнік ураду і выслухаў патрабаваньні ўдзельнікаў акцыі.
Ва Ўкраіне з 25 траўня запрацаваў грамадзкі транспарт, салёны прыгажосьці і нехарчовыя крамы, але рэстаранам і кавярням паўнавартасна адкрыцца яшчэ не дазволілі.
Цяпер праца рэстаранаў магчымая толькі на летніх пляцоўках і на вынас. З 10 чэрвеня ўлады Ўкраіны дазволяць адкрыць залі рэстаранаў і кавярняў для наведвальнікаў у рамках паслабленьня рэжыму карантынных абмежаваньняў. Таксама ў гэты дзень адновяць работу ўстановы культуры, паўнавартасна пачнуць працаваць гатэлі і гостэлы.
- Ва Ўкраіне, паводле афіцыйных дадзеных, COVID-19 выявілі ў 24 314 чалавек, зь іх 727 памерлі, 10 078 — ачунялі. Таксама паведамляецца, што каранавіруснай інфэкцыяй ў краіне захварэлі 4 682 мэдычных працаўніка.