Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі ня будзе Майдана. Як на гэта адрэагуе Захад? Ці будуць на сёлетніх выбарах назіральнікі АБСЭ? Што азначае для Захаду адсутнасьць сёлета на выбарах у Беларусі выразнага празаходняга кандыдата? Якія «чырвоныя лініі» праводзіць Захад на сёлетніх выбарах для дзейнай беларускай улады, за якія дзеяньні яе чакаюць «пугі» і пазбаўленьне «пернікаў»?
Гэтыя пытаньні ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць аглядальнікі Свабоды Юры Дракахруст і Сяргей Навумчык, а таксама экспэртка Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Кацярына Шмаціна.
Ці прыедуць на выбары ў Беларусь назіральнікі АБСЭ?
Дракахруст: Сёньня Аляксандар Лукашэнка ў размове са старшынём КДБ Валерам Вакульчыкам заявіў, што Майданаў у Беларусі ня будзе і што на Беларусь дзьмуць вятры з розных бакоў. Сёньня мы пагаворым пра заходні вецер. Ёсьць практычнае пытаньне — ці будуць на сёлетніх выбарах назіральнікі АБСЭ? Іх могуць не запрасіць, яны могуць адмовіцца, скажам, з прычыны каранавірусу. Як будзе?
Шмаціна: Прысутнасьць міжнародных назіральнікаў, нават тых, якія ўвесь час крытыкуюць беларускія выбары, спрыяе легітымнасьці вынікаў выбараў. І для афіцыйнага Менску гэта будзе карысна. Прысутнасьць міжнародных назіральнікаў можа стрымліваць беларускія ўлады ад самых жорсткіх дзеяньняў.
Навумчык: Амбасадары заўсёды ўручалі даверчыя граматы Лукашэнку. Ніхто не казаў, што не прызнае легітымнасьці Лукашэнкі, а лічыць урадам Беларусі ўрад БНР. Калі Лукашэнку будуць намаляваныя 75%, яго будуць прызнаваць у тым сэнсе, у якім прызнавалі дагэтуль.
Адсутнасьць праэўрапейскіх кандыдатаў — выклік для Захаду
Дракахруст: Асаблівасьць сёлетніх выбараў — адсутнасьць выразнага празаходняга, праэўрапейскага кандыдата. Да таго ж у асноўных прэтэндэнтаў ёсьць расейскія «хвасты». Прынамсі, антырасейскімі кандыдатамі іх ніяк не назавеш. Парадаксальна і нават камічна, што Лукашэнка іх абвінавачвае ў прарасейскасьці. Для Захаду гэта праблема? Ці ўспрымаюць там гэтыя выбары як дылему — Лукашэнка або Пуцін?
Навумчык: Захад апынуўся ў цяжкім стане, гэта і пандэмія, і эканамічны спад. У ЗША — масавыя забурэньні плюс выбары. Для мяне індыкатарам было тое, што праз 4 дні пасьля затрыманьня Ціханоўскага не было ніякай рэакцыі міжнароднай супольнасьці.
Шмаціна: На думку Захаду, у Беларусі не прагназуецца на сёлетніх выбарах ніякіх зьменаў. Захад стомлены сустрэчамі зь беларускай апазыцыяй. Захад зацікаўлены ў стабільнасьці ў Беларусі. Ня думаю, што ў Захаду ёсьць імпэт нешта ўкладаць у зьмены ў Беларусі, прынамсі сёлета.
«Чырвоныя лініі» Захаду для беларускіх выбараў
Дракахруст: Якія «чырвоныя лініі» Захаду для беларускага рэжыму на гэтых выбарах? Чаго на гэтых выбарах Захад не даруе Лукашэнку, за што можа яго рэальна пакараць?
Шмаціна: Дамоўленасьці з Захадам сёлета прыкладна такія самыя, як на выбарах 2015 году — каб усё прайшло ціха, мірна і без палітвязьняў.
Навумчык: Я мяркую, што «чырвоная лінія» на гэтых выбарах — гэта кроў, гэта сьмерць. Калі гэтага ня будзе, то нават наконт зьбіцьця Лукашэнка скажа — паглядзіце, што ў вас у Мінэсоце робіцца.