Мы сабралі для вас навіны зь Беларусі і сьвету, датычныя каранавірусу, за 28 траўня.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
- Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавала 28 траўня новую афіцыйную статыстыку распаўсюду COVID-19. Паводле міністэрства, на 19 траўня ў Беларусі агулам 39 858 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19. 219 памерлых. За дзень выявілі яшчэ 902 выпадкі і прызналі яшчэ 5 сьмерцяў.
- Беларусу, які вінаваціў Лукашэнку ў сьмерці маці ад COVID-19, адмовілі ў крымінальнай справе. Аляксандар Мацьвееў вінаваціў Лукашэнку ў бязьдзеяньні службовай асобы падчас пандэміі каранавірусу.
- Грамадзкае аб’яднаньне «Экадом» выказаа занепакоенасьць бязьдзейнасьцю дэпартамэнту ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі Міністэрства надзвычайных сытуацыяў (Дзяржатамнагляд) на фоне зьяўленьня інфармацыі аб распаўсюдзе COVID-19 на Беларускай АЭС.
- Беларусь увайшла ў пяцёрку краін Эўропы з найбольшай колькасьцю зарэгістраваных выпадкаў заражэньня COVID-19 за апошнія два тыдні, паведаміў 28 траўня дырэктар Эўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусьветнай арганізацыі здароўя Ганс Клюге, піша БелаПАН.
- Намесьнік міністра дзяржаўнай маёмасьці Польшчы Артур Собань заявіў, што межы краіны могуць быць адкрытыя 15 чэрвеня.
- Колькасьць амэрыканцаў, якія ад пачатку каранавіруснай эпідэміі зьвярнуліся па дапамогу па беспрацоўі, перавысіла 40 мільёнаў. Колькасьць новых зваротаў па дапамогу шматкроць перавышае ўсе паказчыкі, устаноўленыя з моманту, калі гэтыя дадзеныя пачалі адсочвацца. А агульны ўзровень беспрацоўя ў краіне ўжо супастаўляльны зь Вялікай дэпрэсіяй.
- Драматург, сцэнарыст і ЛГБТ-актывіст Лары Крамэр памёр у Нью-Ёрку. Яму было 84 гады. Прычынай сьмерці стала пнэўманія.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ