Акцыі пратэсту ўкраінскіх аграрыяў прымусілі Міжведамасную камісію Ўкраіны ў пытаньнях міжнароднага гандлю адкласьці канчатковае рашэньне аб абмежаваньні ўвозу азотных угнаеньняў на ўкраінскі рынак.
Антыдэмпінгавае расьсьледаваньне праводзілася з жніўня 2019 году адносна азотных угнаеньняў незалежна ад краіны іх паходжаньня. Абмежаваньні павінны былі закрануць прадукцыю зь Беларусі, краін Эўразьвязу, Турэччыны, Казахстану, Грузіі, Кітаю і ЗША.
Папярэдне прадстаўнікі ўраду Ўкраіны анансавалі ўвядзеньне квотаў на нітрат амонію, вапна-аміячную салетру, карбамід і карбаміда-аміячныя сумесі. Гэтая прадукцыя займае істотную частку ў гандлі Беларусі з Украінай.
Фэрмэры супраць манаполіі алігархаў
Украінскія аграрыі пачалі акцыі пратэсту тыдзень таму — адразу пасьля таго, як прадстаўнікі ўраду анансавалі завяршэньне антыдэмпінгавага расьсьледаваньня і магчымае ўвядзеньне па яго выніках квотаў на пастаўкі азотных угнаеньняў з-за межаў Украіны.
Фэрмэры выйшлі на вялікія аўтамагістралі ў сямі рэгіёнах Украіны — Адэскай, Запароскай, Харкаўскай, Хэрсонскай, Кіраваградзкай, Хмяльніцкай ды Чаркаскай абласьцях. А 28 траўня яны прыехалі ў Кіеў пікетаваць урад і Офіс прэзыдэнта.
Паводле фэрмэраў, улады спрабуюць умацаваць манаполію на рынку азотных угнаеньняў двух прадпрыемстваў, якія належаць алігархам — «OstChem» Дзьмітрыя Фірташа і «ДніпроАзот» Ігара Каламойскага. Гэтыя кампаніі і ініцыявалі антыдэмпінгавае расьсьледаваньне, матывуючы яго тым, што імпарт, які адбываецца ў вялікіх аб’ёмах і па нізкіх цэнах, спрычыняе шкоду нацыянальным вытворцам гэтай прадукцыі.
«Манаполія дазваляе алігархам павялічваць цану на ўгнаеньні. Мы патрабуем допуску імпартнай прадукцыі, каб цана на рынку выроўнівалася, а мы маглі выбіраць, што набываць, а што не набываць», — сказаў адзін з удзельнікаў акцыі пратэсту.
Аграрыі перакананыя, што абмежаваньні імпарту прывядуць да павелічэньня іхных выдаткаў, скарачэньня аб’ёмаў вытворчасьці, а зь іншага боку — узбагацяць алігархічныя структуры ды ўзмоцняць іхны ўплыў на ўкраінскую палітыку і эканоміку.
На перамовы з пратэстоўцамі выйшлі прадстаўнікі Міністэрства разьвіцьця эканомікі, гандлю і сельскай гаспадаркі. Яны запэўнілі, што канчатковае рашэньне будзе ўхваляцца пасьля дадатковага абмеркаваньня з аграрыямі.
«Наша задача — ухваліць рашэньне, якое будзе ў інтарэсах фэрмэраў, а не алігархаў, і тым больш не ў інтарэсах замежных кампаній, якія хочуць кантраляваць наш рынак», — заявіў намесьнік міністра Тарас Качка.
Азот у гандлі Беларусі і Ўкраіны
Пастаўкі азотных угнаеньняў, нафтапрадуктаў і іншай мінэральнай прадукцыі складаюць аснову гандлёвых дачыненьняў Беларусі і Ўкраіны.
Паводле ўкраінскай статыстыкі, у студзені-сакавіку 2020 году беларускія пастаўкі сумесяў карбаміду і нітрату амонію (код 31028) склалі больш за 50% ад агульнага аб’ёму ўвезеных ва Ўкраіну ўгнаеньняў — 48,5 тысячы тон на 7,118 мільёна даляраў, а карбаміду (код 31021) — 2,3 тысячы тон на 534 тысячы даляраў.
Беларуская статыстыка сьцьвярджае, што ва Ўкраіну прадалі 14,9 тысячы тон карбаміду і нітрату амонію (код 31028) на 6,967 мільёна даляраў, што ў два разы больш, чым у аналягічны пэрыяд мінулага году, і 700 тон карбаміду (код 31021) на 403,9 тысячы даляраў.
Пад антыдэмпінгам другі раз
ААТ «Гродна Азот» — адзіны ў Беларусі вытворца шырокай лінейкі азотных угнаеньняў, якія экспартуюцца ў больш як 60 краін сьвету, у тым ліку ў Аўстралію, Паўночную і Паўднёвую Амэрыку, Афрыку, Азію, Эўропу.
Гэтае прадпрыемства можа другі раз трапіць пад абмежаваньні ва Ўкраіне. У верасьні 2018 году таксама квотамі былі абмежаваныя пастаўкі сернай кіслаты і олеўму.
Серная кіслата выкарыстоўваецца ў вытворчасьці фосфарных і азотных угнаеньняў, двухвокісу тытану, выбуховых рэчываў, сынтэтычных мыйных сродкаў, а таксама для ўтылізацыі пароў аміяку, якія ўтвараюцца ў працэсе вытворчасьці коксу. У мэталюргіі і машынабудаваньні ёю труцяць мэтал ад іржы, а ў энэргетыцы чысьцяць ад накіпу катлы, трубаправоды на ЦЭС і АЭС.
Што ўжо знаходзіцца пад украінскім антыдэмпінгам
Сёлета ў траўні Ўкраіна абмежавала пастаўкі беларускіх запалак на ўкраінскі рынак антыдэмпінгавым мытам у памеры 21,32%.
З 26 сакавіка набыло моц рашэньне Ўкраіны аб увядзеньні антыдэмпінгавага мыта на пастаўкі зь Беларусі будаўнічых блёкаў зь цеплаізаляцыйнага бэтону ў памеры 34,19% ад мытнай вартасьці прадукцыі.
1 лютага 2019 году міжведамасная камісія па міжнародным гандлі канчаткова ўвяла абмежаваньні на пастаўку прадукцыі Берасьцейскага электралямпавага заводу на пяць гадоў (да 2 сакавіка 2023 году).
У траўні 2019 году Ўкраіна на пяць гадоў абмежавала мытам у 57,03% пастаўкі зь Беларусі цэмэнтных клінкераў і партландцэмэнту.
Кампрамісным стала рашэньне міжведамаснай камісіі наконт паставак ва Ўкраіну прадукцыі «Мазырсолі» — кампанія ня будзе выплачваць антыдэмпінгавы збор, але мусіць прытрымлівацца пэўных цэнавых абавязаньняў.
З 1 верасьня 2018 году на тры гады Ўкраіна ў «інтарэсах нацыянальных вытворцаў» абмежавала пастаўкі сернай кіслаты і олеўму, якія традыцыйна купляліся на трох найбуйнейшых хімічных прадпрыемствах Беларусі — Гомельскім хімічным заводзе, наваполацкім «Нафтане» і «ГроднаАзоце».