Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта не дэжавю». Беларускія выбары 2020 вачыма польскага аналітыка


Збор подпісаў за Валера Цапкалу, Менск, 26 траўня 2020
Збор подпісаў за Валера Цапкалу, Менск, 26 траўня 2020

Размова з Ганнай-Марыяй Дынэр, аналітыкам Польскага інстытуту міжнародных спраў у Варшаве.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Сьцісла:

  • сабраць патрэбныя подпісы здолеюць 5–6 кандыдатаў;
  • кампанія цікавая перш за ўсё ўдзелам новых гульцоў;
  • кампанія цікавая яшчэ і тым, што праходзіць на тле дрэнных беларуска-расейскіх адносін;
  • абставіны пандэміі і яе эканамічныя наступствы кепска ўплываюць на рэйтынг Лукашэнкі, хоць ён застаецца выбарчым фаварытам;
  • беларусам ужо надакучыла «традыцыйная апазыцыя»;
  • наймацнейшы апанэнт Лукашэнкі — Бабарыка.

— Пачаўся збор подпісаў для рэгістрацыі кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі. На вашу думку, колькі з гэтых 15 чалавек, якія зарэгістравалі ініцыятыўныя групы — а цяпер, пасьля заявы Алега Гайдукевіча пра выхад з кампаніі, ужо 14 чалавек — маюць рэальныя шанцы сабраць патрэбныя 100 тысяч подпісаў?

Ганна Марыя Дынэр
Ганна Марыя Дынэр


— Даволі цяжкае пытаньне. Зразумела, зьбярэ гэтыя подпісы ініцыятыўная група дзейнага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі. Мне здаецца, што вялікія шанцы сабраць 100 тысяч подпісаў мае таксама Віктар Бабарыка, тым больш што яго ініцыятыўная група не нашмат меншая за групу Аляксандра Лукашэнкі.

Што тычыцца астатніх кандыдатаў, сытуацыя даволі складаная. Думаю, што ў Валера Цапкалы і Сьвятланы Ціханоўскай таксама рэальныя шанцы сабраць па 100 тысяч подпісаў. Пытаньне, аднак, у тым, ці Сьвятлана Ціханоўская, нават калі зьбярэ подпісы, будзе зарэгістраваная ЦВК.

Некаторыя зь лідэраў апазыцыі адкрыта прызнаюцца, што ня маюць шанцаў сабраць патрэбную колькасьць подпісаў, але хочуць пакарыстацца гэтай выбарчай нагодай для палітычнай агітацыі падчас збору подпісаў.

Падсумоўваючы, думаю, што подпісы ў ЦВК здадуць, хутчэй, чалавек 5–6, а не 14.

— Калі паглядзець назад, на прэзыдэнцкія выбары ў 2001-м, 2006-м, 2010-м, 2015 гадах, то што можна сказаць агульна пра цяперашнюю выбарчую кампанію? Гэта дэжавю ці, магчыма, сёлета ёсьць нешта, чаго не было ніколі раней?

— Гэта не дэжавю. Трэба помніць, што ўсе тыя кампаніі, якія вы згадалі, моцна адрозьніваліся адна ад адной. Найбольш сумныя вынікі мела прэзыдэнцкая кампанія 2010 году, калі кандыдаты ад апазыцыі заплацілі зьняволеньнем за свой удзел у выбарах, а Эўропа ўвяла санкцыі супраць беларускіх уладаў. Кампанія 2015 году таксама была даволі асаблівая — яна была нашмат спакайнейшая, чым тая ў 2010-м, і прайшла амаль непрыкметна. Глядзелі на яе толькі тыя, якія наймацней цікавіліся Беларусьсю, ну і Эўразьвяз, для якога яна паслужыла падставай, каб адмяніць большасьць санкцый супраць Менску.

Сёлетняя кампанія даволі цікавая, перш за ўсё ўдзелам спадароў Цапкалы і Бабарыкі. Асабліва спадар Бабарыка, я думаю, можа надаць гэтай кампаніі цікавую форму, таму што ён гаворыць пра істотныя рэчы, якія сапраўды хвалююць шмат каго зь беларусаў. Цікавы калярыт кампанія можа атрымаць таксама ад сужэнцаў Сяргея і Сьвятланы Ціханоўскіх.

Ну і гэтая прэзыдэнцкая кампанія праходзіць у цікавым палітычным кантэксьце. Нават у 2015 годзе, ня кажучы ўжо пра ранейшыя кампаніі, беларуска-расейскія адносіны не былі такія дрэнныя і напружаныя, як цяпер.

Усё гэта стварае немалы выклік для беларускіх уладаў. Існуе, як заўсёды, спакуса, каб зь нязручнымі кандыдатамі абысьціся па-старому, але з другога боку, на такія дзеяньні можа востра зрэагаваць Эўразьвяз. Думаю, што ў выпадку грубых парушэньняў выбарчага заканадаўства стасункі з Эўразьвязам зноў выразна пагоршыліся б, а гэта ня тое, што трэба афіцыйнаму Менску цяпер, у сытуацыі дрэнных адносін з Расеяй.

— Якім чынам каранавірусная пандэмія можа паўплываць на ход прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі? Ці выгадна Лукашэнку, што Эўропа і сьвет маюць сёлета столькі сур’ёзных праблемаў дома, што ім цяпер не да Беларусі?

— Па-мойму, да пэўнай ступені гэта яму выгадна. Але рэакцыя Эўразьвязу хаця б на сытуацыю са спадаром Ціханоўскім паказвае, што Эўразьвязу не абыякава, што цяпер адбываецца ў Беларусі. Ну і ЗША таксама зьвяртаюць увагу на тое, што дзеецца ў Беларусі, і гэта відавочна хаця б у справе дывэрсыфікацыі даставак нафты ў Беларусь, у якой ЗША выступілі як даволі істотны гулец.

Пандэмія, зразумела, паўплывае на прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі. Улады, ня выключана, могуць выкарыстаць гэтую сытуацыю для абмежаваньня магчымасьцяў праводзіць кампанію для сваіх апанэнтаў, хоць афіцыйна ў Беларусі ніякага карантыну няма.

І яшчэ адна справа: эканамічныя наступствы пандэміі. Яшчэ да пандэміі чуваць былі галасы, што гэты год для Беларусі будзе эканамічна вельмі цяжкім, хаця б толькі з прычыны газава-нафтавай спрэчкі з Расеяй. Ужо тады гаварылася, што ВУП Беларусі, хутчэй за ўсё, ня вырасьце, а наадварот, у Беларусі можа быць эканамічны спад. Яшчэ да пандэміі людзі непрыхільным вокам глядзелі на палітыку ўладаў.

Цяпер гэты погляд стаў яшчэ больш непрыхільны, бо шмат хто мае прэтэнзіі да ўладаў, што яны ня рупяцца як належыць пра ахову здароўя насельніцтва, што кожны насамрэч клапоціцца пра гэта сам па сабе. Да таго, як мне здаецца, людзі ня надта добра ацанілі некаторыя выказваньні Аляксандра Лукашэнкі пра каранавірус, якія разьляцеліся ў сацсетках як мэмы.

Ну і шмат крытыкі выклікае тое, што прадпрымальнікі ня маюць ніякай падтрымкі ад ураду ў сытуацыі, у якой яны цярпяць эканамічныя страты. А з другога боку, дзяржаўная казна пустая, і няма чым іх падтрымаць, нават калі б урад сапраўды хацеў аказаць такую падтрымку.

Усё гэта, як мне здаецца, некарысна ўплывае на рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі. Хаця папраўдзе, пасьля таго, як спыніў дзейнасьць НІСЭПІ, мы ня маем добрых крыніц інфармацыі пра папулярнасьць Лукашэнкі. Я лічу, што ён зьяўляецца абсалютным фаварытам на выбарах, але застаецца пытаньне: калі б выбары праходзілі з дэмакратычнымі стандартамі, то ці не было б хаця б другога раўнду?

І застаецца заўсёднае пытаньне адміністрацыйнага рэсурсу. Ці далей ён будзе працаваць на карысьць Аляксандра Лукашэнкі, ці, можа, знойдуцца пэўныя незалежныя астраўкі, дзе выбарчыя камісіі будуць лічыць галасы сумленна?

— Выглядае на тое, што тая дэмакратычная апазыцыя ў Беларусі, пра якую столькі гаварылі ў мінулых двух дзесяцігодзьдзях, канчаткова сыходзіць з палітычнай сцэны. Мяркуючы па пачатковых рэакцыях у выбарчай кампаніі, можна сказаць, што ніхто не ўскладае вялікіх спадзяваньняў на ўдзел у выбарах, напрыклад, Юрыя Губарэвіча, Вольгі Кавальковай ці Ганны Канапацкай. Цяпер гавораць наагул пра Бабарыку, Цапкалу і Ціханоўскага. Чаму, па-вашаму?

— Гледзячы збоку, мне здаецца, што беларусам ужо крыху надакучыла гэтая «традыцыйная апазыцыя». Гэта ўвесь час тыя самыя твары ўдзельнікаў палітычнага працэсу, якія былі на слыху гадамі і якім насамрэч нічога не ўдалося дасягнуць. А вось у выпадку Бабарыкі, Цапкалы і Ціханоўскага спрацоўвае эфэкт навізны і сьвежасьці — зьявілася пэўная надзея, што можа быць іначай.

Для мяне вельмі цікава назіраць, зь якой добра прадуманай выбарчай праграмай выступае Бабарыка, які ў беларускай палітыцы — постаць зусім новая. Так, ён быў чыноўнікам, ён быў кіраўніком важнага банку, але палітыкам як такім ніколі ня быў. Я думаю, што гэтая сытуацыя працуе на яго карысьць — звычайныя беларусы бачаць, што ёсьць новы чалавек са сваімі ідэямі і сваёй візіяй, і ён не баіцца іх ажыцьцяўляць.

— Задам цяпер пытаньне ва ўмоўным ладзе. Мы ня ведаем, каму ўдасца сабраць 100 тысяч подпісаў. Тым больш ня ведаем, каму выдадуць пасьведчаньне кандыдата, паколькі збор подпісаў і рэгістрацыя ў Беларусі — дзеяньні не абавязкова ўзаемазьвязаныя. Але дапусьцім, што зарэгістравалі кандыдатамі ўсіх 14 чалавек. Хто, на вашу думку, будзе самым моцным апанэнтам Аляксандра Лукашэнкі на гэтых выбарах?

— Я думаю, што, безумоўна, важным гульцом будзе Віктар Бабарыка, гледзячы на спосаб, у які ён вядзе сваю выбарчую кампанію. Гэтаксама лічаць мае сябры ў Беларусі, якія зь вялікім зацікаўленьнем сочаць за дзеяньнямі гэтага чалавека.

Думаю таксама, што цікавай постацьцю на выбарах можа быць Сьвятлана Ціханоўская, толькі справа тут у тым, што галоўным у яе кампаніі зьяўляецца яе муж, а не яна. Бо людзі ведаюць перш за ўсё Сяргея Ціханоўскага, ведаюць як харызматычную асобу, як папулярнага блогера. Ці спрацуе яго папулярнасьць на карысьць выбарчай падтрымкі жонкі — гэта пытаньне.

Дык вось гэтыя дзьве асобы бачацца мне як наймацнейшыя апанэнты Аляксандра Лукашэнкі. Мяркую, што Бабарыка мае адну істотную перавагу над іншымі — ён не выступае з рэзкай крытыкай уладаў. Ён гэта робіць у даволі мяккай форме, гаворачы хутчэй за ўсё пра тое, што зьмены патрэбны з увагі на цяперашнюю сытуацыю. Мне спадабалася яго мэтафара, калі ён сказаў, што нават самая чыстая вада ў шклянцы, калі стаіць доўга, робіцца нячыстай. Я думаю, што такой памяркоўнасьцю ён можа схіліць да сябе шмат каго зь беларусаў. І можа схіліць да яго тое, што ён не чалавек «ніадкуль», а такі, які зможа сабраць адпаведных экспэртаў, каб даць рады сур’ёзным праблемам, якія стаяць перад Беларусьсю.

— На заканчэньне я хачу запытаць вас пра цяперашні стан польска-беларускіх адносін. Як вам гэтыя адносіны бачацца з Варшавы? Якое азначэньне найлепш да іх пасуе: карэктныя, добрыя, дрэнныя, замарожаныя? Ці мо яшчэ нейкія?

— Думаю, што найлепшае азначэньне для іх — карэктныя. На сярэднім, так бы мовіць, тэхнічным узроўні яны зусім добрыя. Ідзе абмен візытамі на гэтым узроўні. Летась была вялікая дынаміка парлямэнцкіх кантактаў. Сёлета ў Варшаву меўся прыехаць міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей, праз пандэмію не прыехаў, але адбыўся такі «віртуальны візыт». Такіх віртуальных двухбаковых размоваў вельмі шмат. Відаць супрацоўніцтва Польшчы зь Беларусьсю ў справе нафты, таксама ў пытаньнях бясьпекі.

Ёсьць таксама і абмежаваньні ў кантактах, зьвязаныя перш за ўсё з пазыцыяй Расеі. Мне вось цікава, ці прыехаў бы Аляксандар Лукашэнка ў Варшаву летась, на 80-ю гадавіну пачатку Другой усясьветнай вайны, калі б пазыцыя Масквы была не такой, якой яна цяпер ёсьць.

Для вельмі добрых адносін паміж Польшчай і Беларусьсю не хапае сустрэч на найвышэйшым узроўні, афіцыйных візытаў прэм’ер-міністраў ці прэзыдэнтаў. Але цяперашнія адносіны, як я сказала, карэктныя: тое, што павінна працаваць, — працуе, няма вялікіх праблемаў. Ёсьць пытаньні, якія ўсё яшчэ патрабуюць вырашэньня з гледзішча Польшчы: прыкладам, справа Саюзу палякаў у Беларусі і польскай меншасьці, справа малога памежнага руху. Але гэта, на шчасьце, не такія сюжэты, якія выклікаюць вялікае абвастрэньне двухбаковых дачыненьняў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG