Вечарам 26 траўня ў Магілёве на сустрэчу са сваёй ініцыятыўнай групай прыехаў патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты, былы кіраўнік Парку высокіх тэхналёгіяў Валер Цапкала. Гэты горад — радзіма ягонай жонкі. Tut.by пераказаў, на якія пытаньні адказаў Цапкала.
Пра сьмяротнае пакараньне. Цапкала сказаў, што падзяляе выпадкі, калі віна падсуднага відавочная і калі ёсьць сумневы, але ў абодвух выпадках ён выступае за мараторый на выкананьне выраку.
Пра БелАЭС. Будаўніцтва станцыі — памылка. Варта, як у Скандынавіі, мадэрнізаваць дзейныя цеплаэлектрастанцыі, выкарыстоўваць аднаўляльныя крыніцы энэргіі. А энэргаёмістыя вытворчасьці варта выносіць у Расею.
Пра два тэрміны прэзыдэнцтва. Прэзыдэнта варта выбіраць ня больш як на два тэрміны. Прэзыдэнцкая рэспубліка ня самая пасьпяховая форма праўленьня, калі глядзець на досьвед постсавецкіх краінаў. Кіраўніку дзяржавы патрэбны апанэнты, каб выбіраць найлепшы варыянт.
Пра першыя 100 дзён прэзыдэнцтва. Калі Цапкалу выберуць, ён зьбіраецца першы час вучыцца, зьбраць досьвед іншых краінаў.
Пра алькаголь. Падчас кампаніі, як заявіў Цапкала, ён ня п’е. Забароны ня вырашаць праблему алькагалізму, дапамогуць хутчэй разьвіцьцё культуры харчаваньня і якасныя прадукты. Калі стане прэзыдэнтам, здыме падатак на даданую вартасьць з алькаголю, каб віно было «якасным, сухім, вінаградным, па даступнай цане, а ня той бадзягай, якую разьліваюць беларусы».
Пра лёс Лукашэнкі ў выпадку перамогі Цапкалы. «Я лічу, што мы павінны проста перагарнуць старонку і пакінуць Лукашэнку там, дзе ён знаходзіцца. А менавіта — у гісторыі, у гэтых традыцыйных сельскіх укладах, у тым, што яму падабаецца: сьвінкі там, кароўкі, экалягічна чыстае малако. Кавуны ён зьбірае, па 4 мяшкі бульбы ў Крэмль прыносіць. Калі ласка, няхай гэтым займаецца ў адной з рэзыдэнцыяў. Хай жыве гэтым, таму што відаць жа, што ён робіць гэта з вялізным азартам. А мы павядзём Беларусь наперад — у будучыню».
Пра іншых кандыдатаў. Ня бачыў ніводнай «уцямнай праграмы», усе кандыдаты выступаюць «за ўсё добрае, супраць усяго кепскага».
Пра зьняцьце на карысьць іншага кандыдата. Гэта магчыма «дзеля агульнай справы і зьмены курсу», калі праграма кандыдата «будзе рэзанаваць» зь ягонымі ўяўленьнямі пра будучыню краіны. Але пакуль Цапкала кажа, што гатовы «ісьці да канца».
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.