Ці ўсё перадвызначана на выбарах у Беларусі? Якую пазыцыю адносна гэтых выбараў зойме Масква? З такімі пытаньнямі мы зьвярнуліся да Глеба Паўлоўскага, расейскага публіцыста, выдаўца, палітоляга, паліттэхноляга, у 1996–2011 гадах — кансультанта расейскіх прэзыдэнтаў Барыса Ельцына і Ўладзіміра Пуціна.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
— На ваш погляд, ці ўсё перадвызначана на выбарах у Беларусі сёлета?
— Для мяне відавочна, што ніякіх пераменаў ва ўладзе ня будзе. Перамены адбываюцца ў людзях, у выбарніках. Але ім пакуль няма ходу. Мы не даведаемся, наколькі глыбокае незадавальненьне ўладай, бо сыстэма ня можа гэтага дазволіць. Цяпер зьмены ўлады ня будзе. У пэрспэктыве яны будуць. Але мяркую, што яны будуць рэзкімі, канфліктнымі і нечаканымі.
Што тычыцца новых фігураў, то яны ня надта рызыкуюць, бо за імі можа стаяць Масква. Прынамсі, за некаторымі зь іх. Тут, з аднаго боку, гульня даміноўнай сілы з боку беларускай улады, а з другога боку — гульня, хутчэй за ўсё, з боку Масквы.
Ці будуць нечаканасьці на сёлетніх беларускіх выбарах? Хутчэй за ўсё, будуць. Але мяркую, што мы пра іх не даведаемся, з прычыны асаблівасьцяў беларускай сыстэмы падліку галасоў. У Беларусі яна больш жорсткая, чым нават у Расеі. Таму мы даволі скептычна ставімся да гэтых выбараў. Але зразумела, што беларусы ня могуць ставіцца да іх гэтаксама — як да падзеі ў іншай краіне.
— Цяпер адносіны паміж Лукашэнкам і Крамлём даволі напружаныя. Менск выгнаў журналіста «Першага каналу» расейскага ТБ, працягваюцца спрэчкі наконт цаны на газ, Беларусь упершыню купіла партыю амэрыканскай нафты, што яшчэ ў лютым прапанаваў Беларусі дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо. Як павядзе сябе Масква ў выбарчай кампаніі гэтага году ў Беларусі?
— Думаю, што Ўладзімір Пуцін будзе займаць дружалюбную пазыцыю адносна Лукашэнкі. Але я б зьдзівіўся, калі б не праявіліся кандыдаты, з-за кулісаў падтрыманыя Масквой. Ня яўна, зразумела, ні ў якім выпадку. Гэта было б, з пункту гледжаньня Крамля, законнай праявай незадавальненьня.
— А ці толькі з-за кулісаў? Карэспандэнта «Першага каналу» расейскага ТБ выслалі зь Беларусі за сюжэт, які ў Менску падаўся паклёпніцкім. Гэта апошні сюжэт, які ў Менску падасца паклёпніцкім?
— Я б зьдзівіўся, калі б падчас выбараў Масква распачала адкрытае ўмяшаньне ў выбары на баку нейкіх канкурэнтаў Лукашэнкі. Але ў мяккай форме гэта, безумоўна, будзе.
— У 2001 годзе пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, калі кандыдат апазыцыі Ўладзімер Ганчарык набраў 15% галасоў, вы сказалі: «Цяпер мы ведаем, каму патэлефанаваць, калі захочацца пагаварыць зь беларускай апазыцыяй». Ці ня можа цяпер нейкі канкурэнт Лукашэнкі прайграць выбары, але стаць вось такім лідэрам, тварам беларускай альтэрнатывы, тым, каму можна «патэлефанаваць»?
— Вы прыгадалі Ганчарыка, памятаючы яго далейшы лёс?
— Так. Яму так ніхто і не «патэлефанаваў».
— Тады таксама была закулісная гульня, але зусім іншая. Масква тады ўрэшце зрабіла стаўку на Лукашэнку і адмовілася ад усталяваньня сталых сувязяў з апазыцыяй. Як, уласна, і на ўсёй постсавецкай прасторы, прынамсі ў першае дзесяцігодзьдзе кіраваньня Пуціна, да гісторыі з Грузіяй і Ўкраінай. У прынцыпе, стварыць нейкую прарасейскую альтэрнатыву Масква была б ня супраць. Але гэта вельмі цяжка і патрабуе вельмі тонкай гульні. І зразумела, што Лукашэнка паспрабуе гэтага не дапусьціць.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.