Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ахвяраваньне Сьвятланы Алексіевіч пойдзе на дапамогу адзінокім пажылым інвалідам» — прадстаўніца Чырвонага Крыжа


Супрацоўніца мэдыка-сацыяльнай службы Чырвонага Крыжа «Дапамога» і яе падапечная. Фота з сайту Чырвонага Крыжа https://redcross.by/.
Супрацоўніца мэдыка-сацыяльнай службы Чырвонага Крыжа «Дапамога» і яе падапечная. Фота з сайту Чырвонага Крыжа https://redcross.by/.

«Мы вельмі ўдзячныя Сьвятлане Аляксандраўне за падтрымку тых, хто мае найбольшую патрэбу ў дапамозе», — кажа Марына Харытонава, спэцыялістка ў пытаньнях партнэрства Беларускага Чырвонага Крыжа, каардынатарка праекту па COVID-19 з дабрачыннай плятформай «ІМЁНЫ».

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

У Беларусі ёсьць шмат ініцыятываў, накіраваных на дапамогу мэдыкам, на шыцьцё масак і ахоўных касьцюмаў для мэдыкаў, на закуп патрэбнай тэхнікі ці мэдыкамэнтаў. Шмат людзей і арганізацый пералічваюць грошы шпіталям на барацьбу з каранавіруснай інфэкцыяй.

Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч вырашыла падтрымаць найбольш уразьлівую групу — пажылых самотных інвалідаў. І зрабіла гэта празь Беларускі Чырвоны Крыж, які шмат гадоў сыстэмна дапамагае пажылым людзям і мае значны досьвед i інфармацыю пра людзей, якім патрэбны сталы спэцыялізаваны догляд.

Як адзначала раней Сьвятлана Алексіевіч у інтэрвію Свабодзе, яна вырашыла зрабіць ахвяраваньне праз Чырвоны Крыж і заклікае іншых людзей за яе прыкладам дапамагчы старым і безабаронным у часе пандэміі.

Сьвятлана Алексіевіч
Сьвятлана Алексіевіч

«Я думаю, што ўсім нам, у тым ліку і эліце, і багатым людзям, і людзям з сумленьнем трэба дапамагчы тым, каму цяжэй найбольш — бедным людзям, інвалідам, якія закрытыя і без карантыну ў чатырох сьценах. Я хачу дапамагчы самым бездапаможным людзям — адзінокім інвалідам, якія ляжаць дома, і да іх ніхто, акрамя сацыяльнага работніка, ня прыйдзе. А што можа сацыяльны работнік, калі той самы Чырвоны Крыж ня мае вялікіх сродкаў, каб дапамагаць гэтым людзям? Я думаю, што кожны нягледзячы на тое, што ў гарадах людзі жывуць дастаткова асобна адзін ад аднаго, усё ж ведае, дзе жывуць адзінокія людзі, старыя, у каго нікога няма. Мы ўсё ж вясковая нацыя і дастаткова ведаем адзін пра аднаго. Блізкія суседзі, сябры таксама павінны прыйсьці на дапамогу людзям, якім цяпер найгорш».

Спэцыялістка Чырвонага Крыжа па партнэрстве Марына Харытонава спадзяецца, што ініцыятыву нобэлеўскай ляўрэаткі падтрымаюць і іншыя людзі і арганізацыі.

Марына Харытонава
Марына Харытонава

— Мы вельмі ўдзячныя. Ахвяраваньне Сьвятланы Алексіевіч пойдзе на дапамогу адзінокім інвалідам сталага веку. На жаль, пажылыя — гэта такая катэгорыя, на якую вельмі складана зьбіраць сродкi. Звычайна людзі ахвяруюць грошы на дзяцей, на хворых, могуць яшчэ на жывёлаў. А ў дачыненьні да пажылых чамусьці існуе перадузятая думка, што нехта павінен ім дапамагаць — альбо дзяржава, альбо родныя. Дзяржава дапамагае, але магчымасьці не бязьмежныя. Але ўявіце, чалавек жыве, усё добра, ёсьць сям’я, але здараецца няшчасьце, і ён застаецца ў самоце. А калі зусім няма родных? І найбольш цяжка, калі здараецца цяжкая хвароба — інсульт, пералом, дэмэнцыя. Чалавеку патрэбен дагляд.

Мы ўжо атрымалі ахвяраваньне ад нобэлеўскай ляўрэаткі. Сьвятлана Аляксандраўна прасіла, каб гэтыя сродкі пайшлі на тое, што неабходна старым людзям. Нашым падапечным патрэбныя падгузьнікі, сродкі дагляду, напрыклад для апрацоўкі пролежняў. Мы дамовіліся, што яе грошы пойдуць на гэта.

Марына Харытонава расказвае Свабодзе, як у Чырвоным Крыжы дапамагаюць пажылым людзям падчас пандэміі каранавіруснай інфэкцыі.

Праз мэдыка-сацыяльную службу «Дапамога»

Наогул, 146 мэдыцынскіх сёстраў міласэрнасьці і 25 малодшых сёстраў міласэрнасьці аказваюць мэдыцынскую і сацыяльную дапамогу каля 1500 падапечным у іх дома. Гэта адзінокія пажылыя людзі, адзінокія інваліды з хранічнымі хваробамі, старэйшыя за 80 гадоў, якім цяжка рухацца і даглядаць за сабой. У сёстраў міласэрнасьці шмат абавязкаў, сярод іх і мэдыцынская дапамога — зрабіць агляд падапечнага і зьмераць ціск, зрабіць іньекцыю, перавязкі, даць лекі, выканаць гігіенічныя працэдуры, дапамагчы апрануцца, зрабіць фізычныя практыкаваньні, пакарміць, а таксама i зрабіць працу па гаспадарцы. Гэта робіцца для тых людзей, хто ня здольны памыцца або прыбрацца ў хаце самастойна.

Праз «Добрую лінію»

Чырвоны Крыж арганізаваў шматканальную бясплатную інфалінію для пажылых людзей — мабільны тэлефон 201, стацыянарны 122. Праект створаны супольна з дабрачыннай плятформай «ІМЁНЫ». Першапачаткова гэтая інфалінія задумвалася як спосаб псыхалягічнай падтрымкі адзінокіх пажылых людзей, якім цяпер не рэкамэндуецца выходзіць з хаты. Цяпер яна будзе дапамагаць яшчэ і кантактным асобам 1-га і 2-га ўзроўню. Праз гэтую лінію таксама можна замовіць дастаўку прадуктаў і неабходных рэчаў.

Праз дапамогу актыўным пажылым людзям, якія вымушаныя самаізалявацца

Гэта тая самая група рызыкі, якая павінна быць максымальна ізаляваная ад кантактаў з хворымі і патэнцыйнымі носьбітамі вірусу, каб не заразіцца каранавірусам. Ім дастаўляюць прадукты харчаваньня, прадметы першай неабходнасьці, а таксама рэцэпты. Колькасьць такіх патэнцыйных падапечных — каля 870 тысяч чалавек, прычым у 167 тысяч зь іх няма родных.

Былі распрацаваныя стандарты бясьпекі, паводле якіх працуюць валянтэры, каб і яны былі абароненыя, і каб яны былі бясьпечныя пры кантактах з пажылымі людзьмі.

Разам з дабрачыннай плятформай " ІМЁНЫ" праводзіцца збор сродкаў на закуп аднаразовых масак, ахоўнага адзеньня, бескантактных тэрмомэтраў і сродкаў дэзынфэкцыі. Сродкі індывідуальнай абароны патрэбныя і 15 000 сацыяльных работнікаў, і валянтэрам Беларускага Чырвонага Крыжа, якія дапамагаюць пажылым людзям у іх дома.

Чаму важна сыстэмна арганізаваць збор сродкаў на дапамогу пажылым людзям

«Для нас гэта вельмі важна, паколькі тыя пажылыя людзі, якім мы дапамагаем, маюць патрэбу ў доўгатэрміновай дапамозе. Часьцей за ўсё мы вядзем іх да самага канца. Неабходныя сродкі, каб забясьпечыць i зарплату, i сродкі дэзынфэкцыі і гігіены. Уявіце, да пажылога хворага чалавека прыходзіць мэдычная сястра міласэрнасьці, яна яму дапамагае, аказвае мэдычныя і сацыяльныя паслугі, яна зь ім размаўляе, для яго гэта вельмі важна, бо гэта і псыхалягічная падтрымка ў тым ліку. І раптам да яго больш ня прыйдуць, бо скончылася фінансаваньне. Таму нам важная сыстэмная падтрымка нашай мэдыка-сацыяльнай службы, каб мы маглі працягваць дапамагаць самым безабаронным. А патрэба ў нашай дапамозе вялікая».

Ёсьць розныя спосабы дапамогі. Зь юрыдычнымі асобамі заключаецца дамова аб спонсарскай дапамозе, а для фізычных асобаў ёсьць старонка на сайце Беларускага Чырвонага Крыжа, празь якую можна выбраць розныя варыянты пераліку ахвяраваньня — праз ЕРІП, банкаўскі перавод ці наўпрост праз сайт.

Было б слушна падзякаваць усім нашым валянтэрам і сябрам Беларускага Чырвонага Крыжа, безь якіх не было б арганізацыі. І вядома ж за дапамогу нашым спонсарам і партнэрам.

Хто стала дапамагае ў часе пандэміі

  • Пастаянна дапамагаюць людзям празь Беларускі Чырвоны Крыж кампаніі Атлянт М Брытанія і Страхавы брокер БелаПоліс плюс, якія акрамя дапамогі ў часе пандэміі ўзялі адну стаўку мэдычнай сястры міласэрнасьці і штомесяц на гэта выдаткоўваюць грошы. «Лідзкае піва» і Сoca Cola Beverages перадаюць безалькагольныя напоі для мэдыкаў у шпіталі.
  • Беларускі Чырвоны Крыж працягвае акцыю «Мэдабед» — бясплатныя гарачыя абеды мэдыкам розных бальніц гораду Менску дастаўляюць кампаніі Catering Stolitsa, ФудТрэйдПродукт, Magic Catering, бар «Госьці», «Файны Штрудзель», «Соседи».
  • Таксама нам дапамагаюць іншыя беларуская кампаніі: Coca Cola Beverages, SOFTTECO, Банк-ВТБ, OYPER, сетка супэрмаркетаў BIGZZ, Vizor Games, EPAM, Кансалтынгавы цэнтар «БКЦ», СУ-3 Белстрой, Мeнскі завод безалькагольных напояў, ТАА «Таоло», «Навучальны цэнтар «Адукацыйныя тэхналёгіі».
  • Значную падтрымку мы атрымліваем і ад міжнародных партнэраў: Эўразьвязу, Міжнароднай Фэдэрацыі Таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, Дацкага Чырвонага Крыжа, Швайцарскага Чырвонага Крыжа, Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА), ПРААН у Беларусі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG