23 траўня выйшаў на волю жыхар Ліды Павел Анціпкін. Ён адбыў 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
44-гадовы Анціпкін расказаў пасьля вызваленьня, што яго затрымалі 8 траўня, калі ён садзіў бульбу. Трое сутак ён правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня. Ён кажа, што за гэты час у яго моцна падняўся ціск і перад паседжаньнем у судзе Лідзкага раёну 11 траўня ў яго была тэмпэратура 38 градусаў. Ягоны бус, прычэп і трактар застаюцца пад арыштам.
Паўла Анціпкіна асудзілі за тое, што браў удзел у сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім, якую суд палічыў недазволеным масавым мерапрыемствам.
Анціпкін — бацька чацьвярых дзяцей, працуе мэханікам. Падтрымаць яго на суд прыходзілі жонка, дачка, маці, знаёмыя. Аднак нікога на паседжаньне не пусьцілі.
Раней, 8 траўня, у Лідзе асудзілі яшчэ пяць прыхільнікаў Ціханоўскага.
Фэльчары Павал Палейчык і Алег Краўцоў, а таксама жыхары Ліды Андрэй Паляковіч і Максім Палонскі атрымалі па 7 сутак арышту, Генадзь Паўлюкевіч — штраф у памеры 270 рублёў.
Блогера Сяргея Ціханоўскага, аўтара Youtube-каналу «Страна для жизни» міліцыя затрымала ў Магілёве 6 траўня. Яго накіравалі адбываць прызначаныя раней судом 15 сутак. Пазьней яму вынесьлі дадатковыя прысуды з новымі адміністрацыйнымі арыштамі, але 20 траўня нечакана вызвалілі. У той жа дзень Цэнтравыбаркам зарэгістраваў ініцыятыўную групу па зборы подпісаў у падтрымку вылучэньня жонкі блогера Сьвятланы Ціханоўскай у якасьці кандыдата ў прэзыдэнты.
Міліцыя затрымала больш за сто чалавек па ўсёй краіне, якія падтрымлівалі Ціханоўскага, у тым ліку, мэдыкаў, блогераў і журналістаў.