Паводле зьвестак закрытага ўладамі праваабарончага цэнтру «Вясна», з 6 па 22 траўня ў Беларусі зафіксавана больш за 100 палітычна матываваных затрыманьняў.
«Пад перасьлед трапілі людзі, якія прыходзілі на сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім у розных гарадах краіны, выходзілі на акцыі ў яго падтрымку пасьля затрыманьня блогера, „кармілі галубоў“ на плошчах сваіх гарадоў ці ўдзельнічалі ў іншых акцыях пратэсту. Пад перасьлед трапілі таксама праваабаронцы і журналісты, якія назіралі або асьвятлялі акцыі», — адзначаецца ў паведамленьні на сайце spring96.org.
Праваабаронцы зьвяртаюць увагу, што за гэты час 61 чалавека арыштавалі на тэрмін ад 2 да 45 сутак. Блогераў Сяргея Ціханоўскага і Ўладзімера Няронскага асудзілі некалькі разоў і кожны раз каралі арыштамі. 47 чалавек атрымалі штрафы, агульная сума якіх перавысіла 47 тысяч рублёў.
Затрыманым інкрымінавалі ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КоАП) і непадпарадкаваньне міліцыі падчас гэтых акцый (арт. 23.4 КоАП).
Адміністрацыйныя суды прайшлі ў 20 гарадах.