Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьніклыя ў Берасьці праваабаронцы знайшліся ў судзе. Там судзяць праціўнікаў акумулятарнага заводу 


Раман Кісьляк на пікеце каля акумулятарнага заводу ў Берасьці, 2019 год
Раман Кісьляк на пікеце каля акумулятарнага заводу ў Берасьці, 2019 год

12 траўня судзяць праваабаронцаў Рамана Кісьляка і Ўладзімера Вялічкіна, нагадвае «Вясна». Абодвух затрымалі 10 траўня пасьля нядзельнай акцыі, пра іх месцазнаходжаньне не было нічога вядома больш за суткі.

Маці Кісьляка і жонка Вялічкіна зьвярнуліся ў абласную пракуратуру з заявамі аб зьнікненьні родных.

12 траўня Рамана Кісьляка, Уладзімера Вялічкіна, а таксама актывіста прафсаюзу РЭП Валера Фамінскага прывезьлі ў суд Ленінскага раёну Берасьця.

Працэс над Фамінскім перанесьлі на 18 траўня, але яго зноў затрымалі проста ў судзе. Там жа быў затрыманы актывіст Юры Калько, у якога напярэдадні ўжо быў суд і 40 базавых велічынь штрафу за «ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» і «непадпарадкаваньне міліцыі».

Чакаецца працяг суду над Уладзімерам Марозам, Віталём Казаком, Уладзімерам Дземенціюком.

Напярэдадні штраф у 30 базавых велічынь атрымалі Дзяніс Малышэнка і Алег Вялаў. Малышэнку адразу затрымалі і зноў адвезьлі ў ізалятар. Раней 15 сутак адміністрацыйнага арышту адбыў блогер Аляксандар Кабанаў.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG