Ва ўмовах пандэміі каранавірусу Канфэрэнцыя каталіцкіх біскупаў у Беларусі вырашыла адкласьці Будслаўскі фэст, які звычайна ладзілі на пачатку ліпеня ў гонар абраза Маці Божай Будслаўскай.
Літургічная ўрачыстасьць у каталіцкіх парафіях на Беларусі адбудзецца бязь зьменаў 2 ліпеня, у гэты ж дзень адбудзецца парафіяльная ўрачыстасьць у самім Будславе, але «агульнабеларускае сьвяткаваньне», якое плянавалі на 3–4 ліпеня, «пераносіцца на пазьнейшы час».
Як растлумачыў Vatican News арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, людзі змогуць самі прыехаць у Будслаў, «ніякай забароны на наведваньне будслаўскай базылікі ня будзе», але ня будзе і арганізаваных пілігрымак.
«Бо найчасьцей паломнікі начавалі ў школах, а цяпер нават цяжка ўявіць, што мы ў такой сытуацыі атрымаем на гэта дазвол, — растлумачыў Кандрусевіч. — Таксама людзі ахвотна прымалі на начлег. Але мы ня можам ім несьці небясьпеку заражэньня».
Летась на фэст прыйшлі каля 2 тысяч пілігрымаў.
Урачыстасьці Божага Цела, падчас якіх каталікі ладзяць масавыя працэсіі з тысячамі вернікаў, сёлета таксама скасавалі, аднак парафіі «могуць правесьці мясцовыя працэсіі, у прыватнасьці, паставіць алтарыкі на невялікай адлегласьці».
Арцыбіскуп таксама адзначыў, што «людзей у касьцёлах сёньня значна менш, чым звычайна», таму час велікоднай камуніі працягнулі да 15 жніўня, каб даць магчымасьць усім ахвочым прыйсьці да споведзі.
* * *
Паводле легендаў, у Будславе 2 ліпеня 1588 году вернікам зьявілася Дзева Марыя. У гонар гэтага быў створаны Будслаўскі вобраз Маці Божай, які называюць адным з найбольш шанаваных каталіцкіх абразоў Беларусі. Будслаўскі фэст ладзіцца штогод ад 1992 году. У 2018 годзе фэст уключылі ў сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва UNESCO.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.