Паўночнакарэйскія дзяржаўныя мэдыя паведамляюць пра першае публічнае зьяўленьне лідэра краіны Кім Чэн Ына за доўгі час. Перад гэтым ён адсутнічаў больш, чым тры тыдні. Ужо ў другі раз за апошні час Кім надоўга зьнік з грамадзкага жыцьця.
Як паведамляе афіцыйнае Цэнтральнае тэлеграфнае агенцтва Карэі, 24 траўня Кім ачоліў пашыранае пасяджэньне Цэнтральнай ваеннай камісіі кіруючай Працоўнай партыі Карэі — аднаго з найвышэйшых органаў улады ў краіне.
На сустрэчы, паводле справаздачы, «вывучылі і абмеркавалі важныя ваенныя меры, арганізацыйныя і палітычныя меры, якія зводзяцца да таго, каб усе ўзброеныя сілы Рэспублікі маглі зрабіць яшчэ адзін рывок з ідэалягічна-палітычных і ваенна-тэхнічных аглядаў, жалезнай сьцяной абараніць палітычную стабільнасьць і сувэрэнітэт краіны і надзейна стрымліваць розныя доўгатэрміновыя ваенныя пагрозы ад сіл праціўніка».
Іншыя пытаньні, якія абмяркоўваліся на пасяджэньні, — новыя курсы, як далей узмоцніць стрымліваньне ядзернай вайны і прывесьці стратэгічныя сілы краіны да найвышэйшага ўзроўню баявой гатоўнасьці; а таксама «важныя крокі, каб рашуча павысіць здольнасьць артылерыі Карэйскай народнай арміі нанесьці агнявы ўдар».
Дата сустрэчы не ўдакладняецца, але іншае паведамленьне, якое выйшла адначасна, тычыцца загаду аб прысваеньні вайсковых званьняў, якія Кім выдаў 23 траўня.
Дзяржаўныя СМІ Паўночнай Карэі апублікавалі папярэднюю справаздачу пра публічную падзею з удзелам Кім Чэн Ына 1 траўня. Перад гэтым апошні раз яго бачылі на публіцы 11 сакавіка. Ён не зьявіўся на ўрачыстасьці 15 красавіка з нагоды галоўнага сьвята краіны Дня сонца, як называюць дзень нараджэньня ягонага дзеда, заснавальніка Паўночнай Карэі Кім Ір Сэна. Тады гэта выклікала здагадкі пра ягонае здароўе. Былі вэрсіі, што Кім, які мае залішнюю вагу, пакутуе на дыябэт і шмат курыць, мог памерці.
Цяперашняе дапушчэньне — Кім спрабуе пазьбегнуць заражэньня новым каранавірусам. Афіцыйна ў Паўночнай Карэі няма выпадкаў заражэньня, але экспэрты не давяраюць гэтай заяве. Паводле зьвестак з краіны, там ёсьць карантынныя захады.
Кім Чэн Ын, які займае ўсе вышэйшыя партыйныя, дзяржаўныя і ваенныя пасады ў Паўночнай Карэі, не ўпершыню зьнік з вачэй. У 2014 годзе яго не бачылі паўтара месяца, а потым таксама ў чутках «пахавалі».