У выніку інцыдэнту 21 траўня на авіябазе паветрана-марскіх сілаў ЗША Корпус-Крысьці ў штаце Тэхас быў паранены адзін вайсковец, нападніка застрэлілі, расказвае «Голас Амэрыкі».
Страляніна на авіябазе разглядаецца як акт, «зьвязаны з тэрарызмам», заявілі ў Фэдэральным бюро расьсьледаваньняў у чацьвер.
Інцыдэнт пачаўся прыкладна ў 6.15 раніцы. Нападнік паспрабаваў праехаць на базу ў аўтамабілі, але супрацоўнікі службы бясьпекі своечасова паставілі бар'ер, каб спыніць яго, паведамілі агенцтву Associated Press прадстаўнікі Паветрана-марскіх сілаў. Затым мужчына выйшаў з машыны і адкрыў агонь, ударыўшы і параніўшы вайскоўца, які зьяўляўся супрацоўнікам сілаў бясьпекі.
Журналістам на ўмовах ананімнасьці паведамілі, што падчас перастрэлкі нападніка забілі супрацоўнікі службы бясьпекі.
ФБР расьсьледуе інцыдэнт як акт, «зьвязаны з тэрарызмам», паведаміла прадстаўніца бюро на прэс-канфэрэнцыі. ФБР высьвятляе, дзе знаходзіцца другі чалавек, які ўяўляе для сьледзтва інтарэс у сувязі са стралянінай. Прадстаўніца ФБР не ўдакладніла магчымых матываў нападу і не сказала пра тое, што падштурхнула сьледчых думаць, што інцыдэнт зьвязаны з тэрарызмам. Фэдэральныя сьледчыя таксама не далі ніякай інфармацыі пра другога чалавека, якім цікавіцца сьледзтва.
У сьнежні мінулага году на гэтай жа базе адбыўся іншы інцыдэнт. Мужчына на грузавіку ўрэзаўся ў агароджу, якая побач з базай Корпус-Крысьці. Ён прызнаў сябе вінаватым у зьнішчэньні дзяржаўнай маёмасьці і захоўваньні крадзенай агнястрэльнай зброі.