Палата прадстаўнікоў уносіць зьмены ў выяву дзяржаўнага герба.
Таго самага, які быў зацьверджаны пасьля рэфэрэндуму 1995 году.
Тым самым заканадаўства можа быць груба парушанае.
У брэжнеўска-андропаўскія часы савецкія дысыдэнты выходзілі на вуліцы зь лёзунгамі «Паважайце сваю Канстытуцыю!» (маючы на ўвазе, што Канстытуцыя СССР фармальна гарантавала свабоды). Савецкай уладзе на законнасьць было начхаць, і людзі, якія карысталіся канстытуцыйным правам на свабоду сходаў і слова, за ўдзел у такіх сходах і выказваньне такіх лёзунгаў адпраўляліся ў турмы.
Пра нелегітымнасьць рэфэрэндуму-1995 сказана шмат — але ўявім сабе на хвіліну, што ён прайшоў у поўнай адпаведнасьці з Канстытуцыяй і заканадаўствам.
У такім разе застаецца прызнаць, што цяперашняя ўлада Рэспублікі Беларусь таксама не паважае і не выконвае свае законы, бо пасьля так званага рэфэрэндуму 1995 году яна ня мае права ўносіць абсалютна ніякія зьмены ў герб і сьцяг.
Увогуле, наколькі старажытная і слаўная мінуўшчына «Пагоні», нагэтулькі ж камічная і абсурдная гісторыя эрзац-бээсэсэраўскага герба.
Паводле ўспамінаў, герб быў намаляваны тагачасным кіраўніком прэзыдэнцкай адміністрацыі Леанідам Сініцыным пасьля банкету ў мітрапаліта Філарэта; Сініцын маляваў расьліны, зямны шар, сонца, а прэзыдэнцкі «заўгас» Ціцянкоў— «зорачку».
Потым гэты малюнак быў вынесены на рэфэрэндум.
Тут важны момант: у фармулёўцы пытаньня былі словы «новы герб», і пры гэтым — у бюлетэні адсутнічала выява герба і сьцяга.
Такім чынам, паняцьце «новы» можна было прымяніць менавіта да «Пагоні» і бел-чырвона-белага сьцяга, якія ў якасьці дзяржаўных сымбаляў былі зацьверджаныя тры з паловай гады да таго. А вось прапанаваны Лукашэнкам мала чым адрозьніваўся ад БССРаўскага і ўспрымаўся як стары.
Гэтага было дастаткова, каб Вярхоўны Савет ці Канстытуцыйны Суд не прызналі юрыдычна правамоцнымі вынікі галасаваньня. (Пасьля рэфэрэндуму шмат хто казаў, што галасаваў «за», думаючы, што галасуе за «новыя», г. зн. «Пагоню» і бел-чырвона-белы сьцяг. Ну, на тое і быў разьлік ініцыятараў).
Але дапусьцім, што і гэтага парушэньня не было.
Лукашэнка, не жадаючы скасоўваць сьмяротнае пакараньне, спасылаецца на вынікі рэфэрэндуму 1996 году і нагадвае, што тое пытаньне мела абавязковы характар — гэта значыць, адмяніць прынятае рашэньне можна ня ўказам прэзыдэнта ці пастановай парлямэнту, а толькі праз рэфэрэндум.
Аднак пытаньне пра герб і сьцяг таксама мела абавязковы характар.
А гэта значыць, што ніякія зьмены ў герб і сьцяг уносіцца ня могуць — акрамя як толькі рэфэрэндумам.
І калі Леанід Сініцын пасьля банкету намаляваў расьліну, якой, як потым выявілася, не існуе ў прыродзе — дык што паробіш, нельга было яе замяняць, як гэта зрабілі ў 2012 годзе.
Лепш бы ўжо намаляваў кактус, не прыйшлося б мяняць — іх вялізнае мноства, і кожны кактус не падобны да іншага.
Цяпер заўважылі, што ненатуральна выглядала канюшына?
Што абрысы мацерыкоў геаграфічна недакладныя?
А куды ж глядзеў выпускнік Горацкай сяльгасакадэміі? І ён жа, да гэтага — выпускнік гісторыка-геаграфічнага факультэту Магілёўскага пэдынстытуту?
Значыць, такія ва ўлады ў 1995-м былі «геральдысты». І такія «прававеды», якія рэкамэндавалі абавязковы характар пытаньняў.
Так сьпяшаліся зганьбіць гістарычныя сымбалі (суаўтар герба Ціцянкоў нават парваў дзяржаўны сьцяг), што трапілі ва ўласную юрыдычную пастку і мусяць ісьці на парушэньне ўласных законаў.
Зрэшты, ці ўпершыню?
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.