Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марныя надзеі. Што адбываецца зь міжнароднай легітымнасьцю Лукашэнкі пасьля выбараў


Аляксандар Лукашэнка на выбарчым участку. Менск, 26 студзеня 2025
Аляксандар Лукашэнка на выбарчым участку. Менск, 26 студзеня 2025

Галоўная праблема замежнай палітыкі Беларусі палягае ў тым, што задача ўтрыманьня Лукашэнкам улады любой цаной супярэчыць нацыянальным інтарэсам краіны.

І ў рамках існага палітычнага рэжыму гэтая супярэчнасьць невырашальная.

Сьцісла:

  • Надзея на перазапуск дачыненьняў з ЭЗ з дапамогай датэрміновых выбараў ня спраўдзілася.
  • Лукашэнку павіншавалі зь перамогай на прэзыдэнцкіх выбарах кіраўнікі 20 дзяржаў са 183, зь якімі Беларусь мае дыпляматычныя дачыненьні.
  • Апошнім часам міністар і намесьнік міністра замежных спраў Беларусі наведалі Паўночную Карэю, М’янму, Афганістан, Сырыю. Гэта самыя складаныя, праблемныя, бедныя і ізаляваныя краіны сьвету. Відавочна, што ніякай выгады ад супрацоўніцтва зь імі Беларусь не атрымае.
  • Міністар замежных спраў Максім Рыжанкоў даў інтэрвію выданьню «Известия», у якім намаляваў контуры замежнай палітыкі Беларусі пасьля выбарчай кампаніі. Але ніякіх новых акцэнтаў у публікацыі ня зроблена.

Як і чакалася, краіны Захаду не прызналі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і па-ранейшаму не прызнаюць Аляксандра Лукашэнку прэзыдэнтам. Надзея на перазапуск дачыненьняў з ЭЗ з дапамогай датэрміновых выбараў ня спраўдзілася. Пакуль, ва ўсялякім разе.

Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы аднагалосна не прызнала беларускіх выбараў. Нават прадстаўнікі краін — сяброў рэжыму Лукашэнкі не пярэчылі такой выснове.

Лукашэнка, раздражнёны такім стаўленьнем заходніх краін, заявіў на прэсавай канфэрэнцыі 26 студзеня, што яму гэта «абсалютна фіялетава». І ўвогуле: «Пляваць я хацеў на гэты Захад».

Аднак тыя жэсты, якія рабіў і робіць афіцыйны Менск, сьведчаць пра тое, што кіраўніцтву Беларусі не зусім «пляваць на Захад». Навошта тады праведзена 10 хваляў памілаваньняў, у выніку якіх каля 300 палітвязьняў выйшлі на волю? Не ад вялікага ж гуманізму. Навошта запрасілі і акрэдытавалі ў дні галасаваньня вялікую колькасьць журналістаў заходніх мэдыя і Лукашэнка амаль пяць гадзін ім нешта імкнуўся даказаць? Навошта Лукашэнка так патасна павіншаваў Дональда Трампа зь перамогай на выбарах, а акурат пасьля яго інаўгурацыі вызваліў зь вязьніцы амэрыканскую грамадзянку Анастасію Нюфэр?

Няхай сабе Лукашэнку «фіялетава», якой будзе пазыцыя Захаду, але з кім тады падтрымліваць адносіны? Лукашэнку павіншавалі зь перамогай на прэзыдэнцкіх выбарах кіраўнікі 20 дзяржаў. Гэта шмат ці не? Нагадаю, што Беларусь мае дыпляматычныя дачыненьні са 183 краінамі сьвету. А вось жа віншаваньні атрымаў толькі ад двух дзясяткаў дзяржаў. Нават лідэры некаторых з тых краін, куды нядаўна рабіў візыты Лукашэнка, прамаўчалі. Калі гэта не міжнародная ізаляцыя, то што?

Дарэчы, цікавая інфармацыя, куды выпраўляліся зь візытамі апошнім часам міністар і намесьнік міністра замежных спраў Беларусі: Паўночная Карэя, М’янма, Афганістан, Сырыя. Самыя, скажам так, складаныя, праблемныя, бедныя і ізаляваныя краіны сьвету. Відавочна ж, што ніякай асаблівай выгады ад супрацоўніцтва зь імі Беларусь не атрымае. І навошта ў такім разе туды езьдзіць? Складваецца ўражаньне, што гэта робіцца на злосьць Захаду.

У студзені Лукашэнка двойчы анансаваў свой візыт у Кітай. І нават запэўніваў, што гэта адбудзецца яшчэ да выбараў. Аднак нешта пайшло ня так. Прычым у віншаваньні, якое даслаў Сі Цзіньпін Лукашэнку з нагоды перамогі на выбарах, нічога не гаворыцца пра тое, што ён чакае беларускага ўладара ў хуткім часе ў Пэкіне.

Таксама Лукашэнка абвесьціў, што зьбіраецца наведаць КНДР. Аднак гэта адбываецца на тле дыпляматычнага канфлікту паміж краінамі. Зусім нядаўна малодшая сястра паўночнакарэйскага дыктатара Кім Е Джон заявіла, што Лукашэнка ўжо два гады напрошваецца ў госьці. Такі зьдзеклівы сыгнал ад КНДР, абсалютнага сусьветнага ізгоя, гэта вельмі яскравы паказьнік сёньняшняга міжнароднага статусу Беларусі.

Па сутнасьці, у Лукашэнкі застаецца адна Расея. Залежнасьць ад яе моцна ўзрастае. Нібыта, як заявіў Лукашэнка, менавіта туды павінен адбыцца першы замежны візыт. Аднак прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў канстатаваў, што ў блізкім часе ў працоўным графіку Ўладзіміра Пуціна сустрэчы зь беларускім уладаром не прадугледжана. Прагучала гэта даволі прыніжальна. Калі малодшая сястра лідэра КНДР ці прэсавы сакратар кіраўніка РФ камэнтуюць у такім ня самым камплімэнтарным стылі пэрспэктывы візыту Лукашэнкі, то гэта шмат пра што сьведчыць.

На другі дзень пасьля прэзыдэнцкіх выбараў міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў даў інтэрвію расейскаму выданьню «Известия», у якім намаляваў контуры замежнай палітыкі краіны пасьля выбарчай кампаніі. Але ніякіх новых акцэнтаў там ня зроблена. Абяцана працягваць ранейшую палітыку, ніякіх перамен не плянуецца. У інтэрвію прагучалі ўсе супярэчнасьці, характэрныя для стылістыкі Лукашэнкі. Пагрозы і абвінавачваньні ў адрас Захаду ідуць побач з прапановай супрацоўнічаць. Адначасова робяцца супрацьлеглыя супярэчлівыя мэсэджы.

І ў гэтым — адметнасьць Максіма Рыжанкова ў статусе міністра замежных спраў. Ён вельмі дакладна, нават сынхронна паўтарае тэзісы, угадвае, перадае ў дэталях і нюансах мэсэджы Лукашэнкі. Капіюе асаблівасьці стылю, прагаворвае патаемныя, магчыма нават падсьвядомыя думкі свайго начальніка. Так віртуозна гэта не ўдавалася рабіць, здаецца, нікому з усіх папярэдніх кіраўнікоў МЗС Беларусі.

Галоўная праблема замежнай палітыкі Беларусі палягае ў тым, што задача ўтрыманьня Лукашэнкам улады любой цаной супярэчыць нацыянальным інтарэсам краіны. І ў рамках існага палітычнага рэжыму гэтая супярэчнасьць невырашальная.

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
  • Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
  • У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG