Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Контур Беларусі зьменены зь зялёнага на залаты». У Палаце прадстаўнікоў абмеркавалі закон пра зьмены ў выяве дзяржаўнага герба


Цяперашні афіцыйны герб Рэспублікі Беларусь
Цяперашні афіцыйны герб Рэспублікі Беларусь

Сёньня ў Палаце прадстаўнікоў у першым чытаньні разгледжаны зьмены ў Закон аб дзяржаўных сымбалях Рэспублікі Беларусь.

Законапраект унесены Саветам Міністраў 10 студзеня. Згодна зь ім, выява герба памяняецца.

Міністар юстыцыі Алег Сьліжэўскі сказаў, што выява герба дэталізуецца. Ён патлумачыў, што паправілі яе «для больш дакладнай перадачы сэнсавага значэньня, закладзенага ў гербе». Сьліжэўскі расказаў пра «ўдакладняльныя папраўкі»:

  • Выява зоркі ў верхняй частцы герба прадстаўлена ў плоскасным варыянце, бяз граняў, з контурнай абводкай нязначна нахіленымі краямі промняў.
  • Контур Рэспублікі Беларусь зьменены зь зялёнага колеру на залаты.
  • Форма калосься прыведзена ў дэкаратыўным варыянце. Канцы асьцюкоў калосься складаюць натуральнае абрамленьне зорцы і паўтараюць яе контур.
  • Сымэтрычна выраўнялі выявы кветкавых кампазыцый канюшыны і лёну, яны сталі больш аб’ёмнымі, іх форма набліжана да натуральных суквецьцяў.
  • Выявы мацерыкоў сталі больш геаграфічна больш дакладнымі, а іхны зьменены зь сіне-фіялетавага на карычневы колер увасабляе зямную паверхню.
  • Сеткі паралеляў і мэрыдыянаў зробленыя больш тонкімі. Больш выразнай стала чырвона-зялёная стужка з надпісам «Рэспубліка Беларусь».
  • Шрыфтавы надпіс зроблены ў тлустым варыянце для больш камфортнага чытаньня, а таксама выраўнавалі адлегласьці паміж літарамі адпаведна з прынцыпамі глядацкага ўспрыняцьця.
  • Асноўным элемэнтам герба надалі больш яркія колеры.

Паводле Сьліжэўскага, у цэлым вонкавыя контуры герба маюць «ідэальна круглую форму і адпавядаюць правілам і патрабаваньням геральдыкі».

Праект закону вызначае пераходны пэрыяд для таго, каб замяніць дзяржаўны сымбаль. Гэта будзе адбывацца «па меры іх выкарыстаньня ці прыходу ў непрыдатнасьць».

«Адсутнасьць канкрэтных тэрмінаў замены дазволіць пазьбегнуць дадатковых фінансавых выдаткаў на выраб дзяржаўнай сымболікі», — сказаў міністар.

Сьліжэўскі патлумачыў, што праўкі выкліканыя тым, што ва ўжытку выкарыстоўваюцца два варыянты герба: узору 2005 году (у сымболіцы дзяржаўных органаў і на блянках) і ўзору 2012 году (падчас гарадзкіх і сьвяточных імпрэзаў).

«Гэта ня ёсьць добра. Апроч таго, пэрыядычна паступалі прапановы ў геральдычную раду, каб адкарэктаваць дзейныя варыянты сымбаляў».

Дапрацаваны варыянт сымболікі быў прадстаўлены кіраўніку краіны для разгляду, каб выкарыстоўвалася адна эталённая выява, бо «ненармальна, калі ў сымболіцы дапускаецца варыятыўнасьць, гэта павінна быць выпраўлена».

Намесьнік дэпутацкай камісіі дзяржаўнага будаўніцтва, мясцовага самакіраваньня і рэглямэнту Віктар Сьвіла сказаў, што пераходны пэрыяд для ўвядзеньня новай выявы герба ня мае каляндарных ці астранамічных тэрмінаў.

Распрацоўвала праект закону аб зьменах у Закон аб дзяржаўных сымбалях Міністэрства юстыцыі.

Раней міністар юстыцыі Алег Сьліжэўскі патлумачыў зьмену герба тым, што яго хочуць зрабіць больш міралюбным. Маўляў, адкарэктаваць выяву герба неаднаразова прапаноўвалі грамадзяне. Сярод іншага выява зоркі на мінулым гербе мела «ваяўнічы характар».

Мэдыя заўважылі, што на новым гербе зямны шар павярнулі так, што стала больш відаць тэрыторыя Эўропы і менш тэрыторыя Расеі.

Сучасны афіцыйны герб Рэспублікі Беларусь — гэта мадыфікацыя герба БССР. Аляксандар Лукашэнка вярнуў яго праз рэфэрэндум 14 траўня 1995 году.

«Герб як быў савецкім, так і застаўся»

На думку Паўла Вусава, кіраўніка варшаўскага Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозу, «калі гаварыць агульна, то „новы“ беларускі герб як быў савецкім, так і застаўся».

«Кардынальных зьменаў, якія б маглі быць прывязаныя да нацыянальнай культуры і сымбаляў, не адбылося. У новым гербе сонца ўжо ня сьвеціць над расейска-эўразійскай прасторай, а толькі над Эўропай (зь Беларусьсю ў цэнтры). Але, як я ўжо казаў, гэтыя папраўкі не зьяўляюцца лёсавызначальнымі для дзяржавы і грамадзтва», — сказаў ён карэспандэнту Свабоды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG