Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У іх два шляхі — эўтаназія альбо барацьба». Як працуе група «Добры леў», якую падтрымала Алексіевіч


Варвара Кулаева і яе сабака Лёва.
Варвара Кулаева і яе сабака Лёва.

«450 падгузкаў, 190 кіляграмаў корму. Вялікі дзякуй, Сьвятлана Аляксандраўна Алексіевіч, што вы паверылі ў нас. Жывёлы-інваліды, сьпінальнікі, сьляпыя, ампутанты, хронікі могуць і хочуць жыць і найчасьцей ня бачаць праблемы ў сваёй інваліднасьці, і толькі патрэбен чалавек, які ў іх паверыць і дасьць шанец». Так 17 траўня напісала ў «Фэйсбуку» Варвара Кулаева, кіраўніца групы падтрымкі асаблівых жывёлаў «Добры леў», публічна дзякуючы нобэлеўскай ляўрэатцы Сьвятлане Алексіевіч.

Дапамога ад Сьвятланы Алексіевіч
Дапамога ад Сьвятланы Алексіевіч


«Інвалідамі жывёлы робяцца толькі па віне чалавека»

Варвара Кулаева шэсьць гадоў таму ўзяла на ператрымку сабаку Лёву, інваліда зь дзяцінства, у выніку жывёліна са зламаным хрыбтом знайшла любячых гаспадароў, а Варвара з мужам ініцыявалі стварэньне групы ў сацыяльных сетках для падтрымкі людзей, якія вырашылі не ўсыпляць, а пакінуць сабе жывёлаў-інвалідаў.

Маё пытаньне пра тое, наколькі сур'ёзная для Беларусі праблема жывёлаў-інвалідаў, Варвара крыху карэктуе: гэта і праблемай назваць цяжка, бо пераважная большасьць людзей проста ня ведае пра яе існаваньне:

Сабачка Бэла
Сабачка Бэла

— Такія жывёлы ёсьць, яны могуць жыць і даволі добра адчуваюць сябе, нягледзячы на інваліднасьць. Жывёла можа прыняць сваю інваліднасьць — зьвярам ня важна, як яны выглядаюць і што пра іх скажуць, ім проста баліць ці не баліць, ім проста камфортна ў інваліднасьці ці не. Інвалідамі прама ці ўскосна жывёлы робяцца толькі па віне чалавека — найчасьцей гэта аўтамабільныя траўмы і жорсткае абыходжаньне...

Варвара Кулаева сьведчыць, што ў Беларусі стаўленьне людзей да жывёлаў-інвалідаў паступова мяняецца.

Варвара Кулаева і Муха(шукае дом)
Варвара Кулаева і Муха(шукае дом)

— Цяпер ніхто ўжо не выварочвае галаву або не шарахаецца ад сабачкі на вазку, і я магу спакойна гуляць са сваім Лёвам без выслухоўваньня папрокаў кшталту: «Ён жа пакутуе, лепей бы вы яго ўсыпілі».

«Добры леў» — каардынацыйная сетка. Па сутнасьці, я пасярэдніца паміж людзьмі, якім патрэбна дапамога, і людзьмі, якія хочуць дапамагчы. Многія не разумеюць, як мы працуем. Усё хочуць, каб я прыехала і забрала, мне часта скідваюць фоткі пакалечаных жывёлаў, даюць каардынаты навігатару і кажуць: «Мы паехалі, а вы прыяжджайце і забірайце». На жаль, я не магу выратаваць усіх. Я адна, але амаль кожны, хто праяжджае міма, мог бы выратаваць хаця б адну жывёлу. Але мала хто хоча браць на сябе адказнасьць і выходзіць з зоны камфорту.

«У такіх жывёлаў два шляхі — эўтаназія альбо барацьба за жыцьцё, калі ёсьць шанец»

Жанчына тлумачыць, як працуе група «Добры леў»:

— У траўмаваных ці пакалечаных бяздомных жывёлаў, як бы жорстка гэта ні гучала, папраўдзе два шляхі — эўтаназія ці барацьба за жыцьцё, калі ёсьць шанец жыць, хай з інваліднасьцю, але бяз болю.

Калі нехта знайшоў пакалечаную жывёлу і просіць дапамогі, я адразу прашу добра падумаць і прыняць узважанае рашэньне. Калі людзі гатовыя змагацца і ўзяць на сябе адказнасьць за жывёлу, то, безумоўна, я іх падтрымаю чым змагу.

У сацсетках я расказваю пра жывёліну, прашу для яе і апекуна дапамогі і падтрымкі. Варыянты могуць быць вельмі рознымі — ад аўтадапамогі да фінансавай, усё залежыць ад сытуацыі. Прасьцей кажучы, мы ратуем талакой — нехта ўзяў апеку, другі ўзяў на ператрымку, хтосьці дапамог машынай, нехта лекамі ці грашыма. Ратуем разам — гэта філязофія «Добрага льва»!

«Сабакі не пакутуюць і камфортна сябе адчуваюць у інваліднасьці»

Рой (шукае дом) і Лёва
Рой (шукае дом) і Лёва

Варвара Кулаева кажа, што падтрымка Сьвятланы Алексіевіч была для «Добрага льва» як выратавальнае кола.

— Выдатна! Дзякуй ёй вялікі. Гэта адна зь нямногіх публічных, мэдыйных асобаў, хто падтрымаў нас. На яе ахвяраваньні купілі падгузкі і корм сабакам-інвалідам. У нас цяпер ёсьць сьляпыя, «хронікі», жывёлы пасьля апэрацыі, «сьпінальнікі», амуптанты і «шчасьліўчыкі» (траўмы і хваробы пасьля лячэньня амаль не паўплывалі на іх здароўе). Насамрэч жывёлы не пакутуюць і камфортна сябе адчуваюць у інваліднасьці. Пра пакуты жывёлаў-інвалідаў часта крычаць людзі, якія іх у вочы ня бачылі.

Варвара Кулаева і Лакі (шукае дом)
Варвара Кулаева і Лакі (шукае дом)

Варвара — індывідуальная прадпрымальніца, мае маленькі пракатны бізнэс і прадае дзіцячыя кнігі. За дапамогу жывёлам ніякіх грошай не атрымлівае.

— Мне ніхто ніякага заробку ня плаціць. Ні пра якую фінансавую выгаду размова не ідзе, тут хаця б апошняе з дому не прадаць дзеля падтрымкі жывёлак.

Варвара і Цімур (шукае дом)
Варвара і Цімур (шукае дом)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG