Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чапляемся ўсімі кіпцюрамі». Як беларускім бадзяжным сабакам знаходзяць гаспадароў на Захадзе


Сабачка з прытулку Крэйнісаў. Ілюстрацыйнае фота.
Сабачка з прытулку Крэйнісаў. Ілюстрацыйнае фота.

Алена і Ігар Крэйнісы трымаюць зоагатэль пад Валожынам, у якім жывуць сабакі на ператрымцы, жывёлы з прытулкаў і былыя бадзяжныя сабакі. Некаторым зь іх знаходзяць гаспадароў ня толькі ў Беларусі, але і за мяжой — у ЗША, Канадзе, Нямеччыне ды іншых краінах сьвету. Часам да Алены і Ігара трапляюць і жывёлы з-за мяжы, якія трапілі ў складаную сытуацыю.

Як шукаюць гаспадароў для бяздомных сабак

Ігар і Алена Крэйнісы
Ігар і Алена Крэйнісы

«Асноўная частка нашай працы заключаецца ў тым, каб бадзяжнага сабаку адаптаваць, зрабіць так, каб сабака зразумеў, што чалавек — гэта ня зло, а ласкавыя рукі і пяшчота. І пасьля гэтага нашыя хвастатыя шукаюць новы дом», — расказвае Алена Крэйніс.

Яе муж, зоапсыхоляг Ігар Крэйніс карэктуе паводзіны жывёлаў, якія ў выніку жорсткага абыходжаньня баяцца людзей і таму могуць быць агрэсіўнымі. Такім быў Рэмба, які трапіў да Крэйнісаў зь Фінляндыі. Ігар змог зрабіць з агрэсіўнага сабакі любячага сябра. І цяпер яму можна шукаць гаспадароў.

«Сабачку мы расшыфроўваем, як код, расказваем пра яго праблемы, характар, фобіі, на што хварэў, што рабілі зь ім, каб у выніку сабака меў прыстойны выгляд і самаадчуваньне, — расказвае Алена Крэйніс. — Потым робім фатаздымак. Да нас прыяжджае фатограф і робіць здымкі абсалютна задарма. Часам наша дачка фатаграфуе сабак. Я пішу для сацсетак невялікі аповед пра сабаку, звычайна гісторыі ня надта вясёлыя, бо гэта гісторыі пра пакуты і пра выратаваньне».

У прытулак да Крэйнісаў трапляюць сабакі зь перабітымі хрыбтамі, адсечанымі хвастамі і вырванымі языкамі. Звычайна такія жывёлы баяцца чалавека, баяцца замаху рукі ці звону ланцуга, з сумам адзначае Алена.

Error rendering VK.


«Калі знаходзіцца гаспадар, чапляемся усімі капцюрамі»

Наступны этап — сацыяльныя сеткі, празь якія і шукаюць гаспадароў. Гэта спэцыяльныя старонкі ў Інстаграме, Укантакце, Фэйсбуку. «Гаспадары могуць знайсьціся ў любой краіне сьвету, дзякуючы інтэрнэту і сацсеткам. Пакуль сабачка ў нас, робім прышчэпкі, лягчаем ці стэрылізуем, каб быў гатовы да пераезду ў новы дом. — распавядае Алена Крэйніс. — Калі знаходзіцца гаспадар, чапляемся усімі кіпцюрамі, каб ён не адмовіўся ад гадаванца».

Каб перавезьці сабаку за мяжу, патрэбны пашпарт і даведка ад вэтэрынара, а таксама бокс для транспартаваньня, у якім будзе і ня цесна, і не занадта прасторна.

«Была сытуацыя, калі па дарозе ў аэрапорт даведаліся ад „Люфтганзы“, што наш бокс для сабакі не становіцца ў багажны адсек у самалёце. Застаўся гадаванец дома, а я паляцела сама ў Амэрыку з коцікам. Звычайна мы самі вязём жывёлаў. Сын адвозіў сабачку ў Бостан. Праз Маскву адпраўлялі сабак, каб зэканоміць грошы будучых гаспадароў, бо так таньней», — адзначае Алена.

Як выжывае прытулак для сабак пад Валожынам

Прытулак Крэйнісаў дзейнічае ўжо чацьвёрты год. «Справа нялёгкая», — прызнаецца Алена Крэйніс.— Хацелася, каб у кожнага сабакі быў фінансавы куратар, які плаціць за тое, што сабака знаходзіцца ў нас, за вэтэрынарныя паслугі, калі яны сабаку патрэбныя».

У Крэйнісаў цяпер пяць сваіх сабак, нядаўна дадаліся тры маленькія шчанюкі, якіх прывезьлі зь Менску, з Уручча, зь іхнымі бацькамі, і яшчэ 25 сабак, якія жывуць у прытулку.

«Нядаўна суку аддалі ў добрыя рукі, у багаты дом. Хай Бог дасьць, каб яна там зачапілася і яе любілі», — спадзяецца Алена Крэйніс.

Крэйнісы маюць палову гектара зямлі. «Гэта зямля маёй сям’і, мае дзеці — пятае ці шостае пакаленьне, якое тут жыве. Наша зямля агароджаная высокім плотам, да нас толькі па званку можна зайсьці. Жывём самі ў маленькім дамку. Ён меншы, чым нашая псярня», — расказвае Алена Крэйніс.

Псярня — гэта стацыянарная, ацепленая забудова, а таксама вальеры з дахам. У кожным вальеры — па 1-2 сабакі. Усяго 24: 12 вулічных вальераў і 12 невялікіх з дахам. «У нас заўсёды перагрузка, як на тым Ноевым караблі», — сьмяецца Алена.

«Як правіла, бяром сабаку на просьбу куратара. Але часта бывае, што і пад браму сабачку прывязуць і кінуць. Выходзім за браму, а там шчаня сядзіць, нехта падкінуў. Дачка паедзе ў горад да сяброўкі і тэлефануе: „Мама, тут маленькі сабачка, у яго дзірка ў баку“. Едзем і забіраем, самі за яго ўсё плацім».

Як зьменшыць колькасьць бадзяжных жывёлаў

Наша размова адбываецца падчас візыту ў Беларусь прадстаўніцы фонду Брыджыт Бардо, якая спрабуюць пераканаць улады Беларусь прыняць адпаведны закон і зьмяніць сытуацыю са стаўленьнем да бадзяжных жывёлаў праз шэраг канкрэтных захадаў.

«Нам да Захаду ў гэтай справе яшчэ далёка. Мы яшчэ ў гэтым пляне жывём «з дубінамі і ў шкурах». Павінна быць сыстэма, і пры гэтым ня трэба вынаходзіць ровар. Патрэбна стэрылізацыя і чыпаваньне бадзяжных сабак і катоў, а потым трэба выпускаць іх туды, дзе злавілі. Яны частка агульнай экасыстэмы. Спыніць рост бадзяжных жывёлін мажліва толькі такім чынам.

Гісторыі сабак, якія знайшлі гаспадароў за мяжой дзякуючы Крэйнісам

Былы бадзяжны сабака Барсік цяпер жыве ў Бостане

Скай, шчанюк зь перабітымі лапамі, якога выратавалі і змаглі адправіць у Амэрыку, цяпер дапамагае інваліду ў вазку.

Беларускі сабачка Морці стаў амэрыканцам.

Ляля пераехала ў Нямеччыну.

Нудл знайшла гаспадароў у Канадзе.

Сабакі, якія пераехалі да Крэйнсаў зь іншых краінаў

Рэмба пераехаў зь Фінляндыі ў Беларусь. Дзякуючы дрэсуры Ігара Крэйніса ён больш не агрэсіўны сабака.

Лісічка прыехала ў Беларусь з Малдовы. Там жывадзёры вырвалі ёй язык. Дзякуючы Крэйнісам у сукі цяпер новае жыцьцё.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG