Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За «рукі Пушкіна» пракурор папрасіў аштрафаваць палітвязьня Шаўрова на 1350 рублёў

абноўлена

Піліп Шаўроў на судзе, 18 траўня
Піліп Шаўроў на судзе, 18 траўня

У судзе над палітвязьнем Піліпам Шаўровым, які часткова прызнаў сваю віну ў фарбаваньні ў чырвоны колер рук помніка Пушкіну ў Менску, 19 траўня пачаліся спрэчкі. Як піша «Прававая ініцыятыва», пракурорка Маргарыта Курыловіч прасіла пакараць Шаўрова штрафам у 1350 рублёў (50 базавых велічыняў).

Піліпа Шаўрова вінавацяць у хуліганстве паводле 1 і 2 частак 339 артыкулу Крымінальнага кодэксу. Яму пагражае да 6 гадоў зьняволеньня. Піліпа Шаўрова трымаюць пад вартай з 19 студзеня. Паводле дзяржаўнага абвінаваўцы, тое, што Піліп Шаўроў учыніў «злачынства супраць грамадзкай маралі», у судзе было цалкам даказана.

У апошнім слове Шаўроў папрасіў прабачэньня ў тых, каго ягоныя дзеяньні маглі абразіць, паабяцаў так больш не рабіць і знайсьці працу. Вырак маюць агучыць у 12.45.

Што здарылася

​17 студзеня стала вядома, што нехта пафарбаваў чырвонай фарбай рукі помніка Аляксандру Пушкіну каля гатэля «Беларусь» у Менску. Амбасада Расеі выступіла з адмысловай заявай, а Сьледчы камітэт Беларусі завёў крымінальную справу аб пашкоджаньні помніка. У першай палове дня 20 студзеня стала вядома, што ў нанясеньні фарбы на помнік Пушкіну прызнаўся актывіст «Маладога фронту» Піліп Шаўроў, які 19 студзеня сам прыйшоў у міліцыю.

Шаўрова вінавацяць таксама ў тым, што ён намаляваў бел-чырвона-белы сьцяг на памятным знаку загінулым супрацоўнікам Міністэрства ўнутраных справаў у Менску, напісаў «1937» на агароджы помпавай станцыі ў Бараўлянах.

Пасьля эпізоду з помнікам Пушкіну амбасада Расеі выступіла з адмысловай заявай, а Сьледчы камітэт Беларусі завёў крымінальную справу аб пашкоджаньні помніка.

Шаўроў прызнае віну толькі часткова. Шкоду ад ягоных дзеяньняў ацанілі ў 228 рублёў 66 капеек.

Шаўроў прызнаў віну часткова

Піліп Шаўроў часткова прызнае віну. Актывіст пацьвердзіў у судзе, што гэта ён 17 студзеня пафарбаваў рукі помніку Пушкіну, а таксама намаляваў бел-чырвона-белы сьцяг на помніку супрацоўнікам МУС каля Сьвіслачы, а наступным днём зрабіў надпіс «1937» на агароджы помпавай станцыі водазабору блізу Курапат.

Але Піліп Шаўроў заяўляў, што зрабіў гэта не з хуліганскіх намераў, як лічыць сьледзтва, а выключна з палітычных прычын. Паводле Шаўрова, расфарбоўваючы помнік Пушкіну, ён пратэставаў супраць замежнай палітыкі Расеі, якая імкнецца паглынуць Беларусь.

Нанясеньне бел-чырвона-белага сьцяга на помнік загінулым супрацоўнікам МУС і ўнутраных спраў Шаўроў патлумачыў намерам нагадаць дзейным міліцыянтам, што яны мусяць абараняць незалежнасьць Беларусі. Надпіс «1937» непадалёк ад Курапатаў, паводле Піліпа Шаўрова, гэта «напамін пра найбольш жахлівы год палітычных рэпрэсій у СССР».

«Гэта надуманыя прычыны»

У судовых спрэчках палітычныя прычыны ўчынкаў Піліпа Шаўрова прадстаўніца пракуратуры Маргарыта Курыловіч назвала надуманымі і настойвала на хуліганскіх намерах падсуднага. На думку дзяржаўнага абвінаваўцы, Піліп Шаўроў дзейнічаў «дэманстрацыйна, зьневажаючы маральныя каштоўнасьці грамадзтва».

«Аляксандар Пушкін зьяўляецца вядомым дзеячам літаратуры, творы якога вывучаюць у Беларусі», — казала Маргарыта Курыловіч. Паводле яе, «актам вандалізму» ёсьць і маляваньне бел-чырвонага-белага сьцяга на помніку загінулым міліцыянтам.

Чаму перакваліфікавалі адказнасьць у эпізодзе пра надпіс «1937»?

У спрэчках прадстаўніца пракуратуры адмовілася ад абвінавачаньня Піліпа Шаўрова ў хуліганстве ў трэцім эпізодзе справы — пра надпіс «1937» на агароджы помпавай станцыі на вуліцы Сасновы Бор. Дзяржаўная абвінаваўца прызнала, што агароджа — гэта ня помнік, і таму дзеяньні актывіста варта лічыць не хуліганствам, а толькі пашкоджаньнем маёмасьці, і кваліфікаваць іх паводле 341-га артыкулу Крымінальнага кодэксу.

Адвакат Шаўрова Яўген Маслаў нагадаў у спрэчках, што пра гэты эпізод (аб надпісе «1937») праваахоўным органам увогуле не было вядома да яўкі Шаўрова з павіннай. Паводле абаронцы, Піліп Шаўроў не нанёс ніякай шкоды помніку Пушкіну і мэмарыяльнаму знаку на вуліцы Камуністычнай ды цалкам кампэнсаваў страты камунальнікаў на ачыстку помнікаў ад фарбы. Абаронца прасіў апраўдаць Піліпа Шаўрова, бо лічыць, што ў ягоных дзеяньнях не было складу крымінальнага злачынства.

Шаўрова прызналі палітвязьнем

Шэраг праваабарончых арганізацыяў Беларусі месяц таму запатрабаваў неадкладна спыніць крымінальны перасьлед Шаўрова. Перасьлед лічаць палітычна матываваным, а самаго Шаўрова прызналі палітычным зьняволеным.

Супольную заяву падпісалі праваабарончыя арганізацыі «Вясна», «Беларускі Хэльсынскі камітэт», Human Constanta, Беларускі дом правоў чалавека імя Звоскава, а таксама «Цэнтар прававой трансфармацыі», Асамблея НДА, Беларускі ПЭН-цэнтар, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Офіс правоў людзей з інваліднасьцю, група «Ідэнтычнасьць і права», «Беларускі дакумэнтальны цэнтар» і «Ініцыятыва FORB».

У заяве адзначаюць, што, паводле прававога аналізу, учынак Шаўрова ня мае складу злачынства, апісанага ў артыкуле 339 КК («Хуліганства»), нанесеныя ім графіці ня зьнішчылі і не пашкодзілі аб’екты, не прывялі да страты аб’ектамі спажывецкіх якасьцяў. Вяртаньне аб’ектаў у пачатковы выгляд патрабавала пэўных выдаткаў, але грошы маглі быць спагнаныя ў грамадзянска-прававым парадку.

Зьмест малюнкаў і надпісаў у кантэксьце грамадзка-палітычных падзеяў і публічных грамадзкіх дыскусіяў, якія адбываліся ў краіне (сэрыя публічных акцыяў пратэсту супраць гэтак званай «паглыбленай інтэграцыі» Расіі і Беларусі) у канцы 2019 году, сьведчаць аб тым, што матывам Шаўрова пры іх нанясеньні было выказваньне погляду на гэтыя значныя для грамадзтва тэмы, — пішуць у заяве. — Мы лічым, што такія формы выказваньня думкі падпадаюць пад абарону Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і ня маюць нічога агульнага з указанымі ў працэсуальным дакумэнце Сьледчага камітэту матывамі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG