Экс-прэзыдэнт ЗША Абама заявіў, што эпідэмія разьвеяла ўяўленьні, што «людзі ва ўладзе ведаюць, што яны робяць».
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп назваў свайго папярэдніка Барака Абаму «некампэтэнтным прэзыдэнтам», пасьля таго як той скрытыкаваў рэакцыю цяперашніх амэрыканскіх уладаў на пандэмію каранавірусу.
Выступаючы на онлайнавай цырымоніі для выпускнікоў каледжаў у суботу, Абама заявіў, што «гэтая пандэмія цалкам і канчаткова разьвянчала ўяўленьне, што многія людзі ва ўладзе ведаюць, што яны робяць». Пры гэтым экс-прэзыдэнт не назваў ніякіх імёнаў.
У адказ на просьбу пракамэнтаваць словы Абамы Трамп заявіў у нядзелю: «Ён быў некампэтэнтным прэзыдэнтам. Гэта ўсё, што я магу сказаць. Надзвычай некампэтэнтным».
ЗША сталі асяродкам глябальнай пандэміі каранавірусу: у краіне пацьверджана больш за паўтара мільёна выпадкаў захворваньня і каля 90 тысячаў сьмяротных выпадкаў. Крытыкі абвінавачваюць адміністрацыю ў пагаршэньні сытуацыі праз ігнараваньне сур’ёзнасьці эпідэміі ў вельмі важныя першыя тыдні.
Раней у нядзелю міністар аховы здароўя і сацыяльных службаў ЗША Алекс Азар адхіліў абвінавачваньні ў тым, што дзеяньні ўраду не адпавядалі чаканьням амэрыканскага народу.
«Усё магло быць нашмат, нашмат горш», — заявіў Азар тэлекампаніі CNN.
Ён сказаў, што за апошнія два месяцы амэрыканскім уладам удалося стрымаць рост захворваньняў, каб даць мэдыкам магчымасьць справіцца з наплывам пацыентаў, якія маюць патрэбу ў дапамозе.
Трамп у нядзелю напісаў у Твітэры: «Сытуацыя з каранавірусам (чумой!) вырашаецца вельмі добра ў мэдычным пляне. І яна вырашыцца!».
Пасьля вяртаньня са сваёй рэзыдэнцыі Кэмп-Дэйвід пад Вашынгтонам Трамп абвясьціў: «Мы правялі шмат узрушальных сустрэчаў. Дасягнуты велізарны прагрэс на многіх франтах, у тым ліку ў пошуку сродкаў ад гэтай жудаснай чумы, якая ахапіла нашу краіну».
У панядзелак у прэзыдэнта ЗША заплянаваныя новыя сустрэчы з губэрнатарамі і лідэрамі прамысловасьці, на якіх будуць абмяркоўвацца ўмовы адкрыцьця краіны, а таксама бесьперабойныя пастаўкі прадуктаў харчаваньня і іншых тавараў і паслуг, нягледзячы на прагнозы, што да жніўня ад каранавірусу памрэ больш як 147 тысяч амэрыканцаў.
Карантынныя захады пагражаюць увесьці амэрыканскую эканоміку ў рэцэсію. Беспрацоўе ўжо дасягнула гістарычнага ўзроўню: чвэрць працаздольнага насельніцтва краіны страціла працу.
Кіраўнік фэдэральнай рэзэрвовай сыстэмы Джэром Паўэл заявіў у нядзелю, што скарачэньне працоўных месцаў, верагодна, працягнецца і ў чэрвені. У інтэрвію праграме «60 хвілін» на канале CBS Паўэл сказаў, што на аднаўленьне эканомікі пойдзе шмат часу, і амэрыканскім кампаніям і семʼям спатрэбіцца ад трох да шасьці месяцаў урадавай фінансавай падтрымкі. Ён таксама падкрэсьліў важнасьць прадухіленьня новых усплёскаў для эканамічнага аднаўленьня.
«Калі мы будзем дзейнічаць прадумана і асьцярожна, калі будзем адкрываць эканоміку, каб людзі выконвалі меры сацыяльнага дыстанцыяваньня, і спрабавалі рабіць усё магчымае, каб не дапусьціць новых усплёскаў, то аднаўленьне пачнецца даволі хутка», — сказаў Паўэл.
Ён заклікаў амэрыканцаў дапамагаць адзін аднаму праз захаваньне сацыяльнай дыстанцыі, мыцьцё рук і нашэньне масак.
Большасьць з 50 штатаў ЗША пачынаюць аслабляць абмежаваньні на дзейнасьць бізнэсу, адначасна заклікаючы жыхароў захоўваць сацыяльную дыстанцыю прынамсі два мэтры, насіць маскі і пазьбягаць зграмаджэньня людзей.
Аднак мільёны амэрыканцаў стаміліся сядзець у чатырох сьценах на працягу двух месяцаў, і адкрыцьцё бараў і рэстаранаў у некаторых штатах на Сярэднім Захадзе і пляжаў на ўзьбярэжжы прывяло да таго, што людзі зьбіраліся разам, як быццам небясьпека пандэміі ўжо мінула.
Белы дом працягвае вінаваціць Кітай у глябальнай пандэміі. Дарадца Белага дому па гандлі Пітэр Навара ўсьлед за Трампам абвінаваціў Кітай у распаўсюдзе вірусу ў Эўропу і ЗША. Трамп таксама абвінаваціў Сусьветную арганізацыю здароўя ў тым, што арганізацыя была на баку Кітаю, і прыпыніў унёскі ЗША ў гэтую ўстанову ААН.
«Так, я вінавачу Кітай», — сказаў Навара, выступаючы ў праграме «На гэтым тыдні» на канале АВС.
Паводле яго, Пэкін, «прыкрываючыся шчытом САЗ, на працягу двух месяцаў хаваў вірус ад сьвету».
Кітай і САЗ адмаўляюць вылучаныя супраць іх абвінавачаньні.