Амэрыканская эканоміка адчувае значнае скарачэньне па выніках другога кварталу 2020 году, але пазьбегне паўтарэньня Вялікай дэпрэсіі 1930-х, якая доўжылася шмат гадоў, заявіў 17 траўня Джэром Паўэл, старшыня Фэдэральнай рэзэрвовай сыстэмы, якая ў Злучаных Штатах выконвае функцыі цэнтральнага банку.
Паўэл сказаў у інтэрвію CBS, што «добры шанец» на аднаўленьне эканоміка атрымае сёлета ў трэцім квартале, але аднаўленьне росту можа заняць некаторы час.
Многія штаты ЗША паступова адмяняюць зьвязаныя з распаўсюджваньнем каранавіруснай інфэкцыі абмежаваньні, бо колькасьць людзей, якія сталі беспрацоўнымі за апошні час, перавысіла 36 000 000.
У Эўропе таксама працягваецца паэтапнае аднаўленьне эканамічнай актыўнасьці, у апошнія тыдні колькасьць новых сьмерцяў, шпіталізацый і заражэньняў COVID-19 рэзка ўпала.
Лідэры Італіі і Вялікай Брытаніі, якія панесьлі значныя людзкія страты ад пандэміі, сказалі сваім грамадзянам, што ім давядзецца суіснаваць зь вірусам і прымаць зьвязаныя з гэтым рызыкі.