Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраіль сфармаваў «урад нацыянальнай згоды» пасьля 1,5 года крызісу


Прэм’ер-міністар Ізраілю Біньяміну Нэтаньягу, архіўнае фота
Прэм’ер-міністар Ізраілю Біньяміну Нэтаньягу, архіўнае фота

Кнэсэт — аднапалатны парлямэнт Ізраілю — прагаласаваў 17 траўня за вотум даверу 35-у ўраду на чале зь Біньямінам Нэтаньягу. 73 дэпутаты Кнэсэту прагаласавалі за, 46 супраць. Міністры прынесьлі прысягу ў якасьці чальцоў ураду.

У Ізраілі не было дзеяздольнага ўраду з пачатку 2019 году. Урад Нэтаньягу сфармаваны пасьля шматмесячных перамоваў на аснове кааліцыйнага пагадненьня паміж партыяй «Лікуд» Нэтаньягу і другім у колькасьці дэпутатаў альянсам «Кахоль-Лаван» («сіне-белыя») былога начальніка Генштабу ізраільскай арміі Бэні Ганца.

Паводле дамоўленасьці палітыкаў, Нэтаньягу застаецца прэм’ерам цягам 18 месяцаў, пасьля (17 лістапада 2021 году) ён памяняецца пасадамі з Ганцам, які да таго будзе міністрам абароны і намесьнікам прэм’ера. Перамовы пра «ратацыйны ўрад» ішлі ў сакавіку і красавіку.

Нядзельная пасяджэньне Кнэсэту адкрыў прэм'ер-міністар Біньямін Нэтаньягу. Ён заявіў, што фармаваньне гэтага ўраду грунтавалася на спадзевах большасьці грамадзянаў Ізраілю. Першым прыярытэтам ураду стане барацьба з каранавірусам. Трэба будзе зацьвердзіць праект дзяржаўнага бюджэту, які «не дапусьціць абвалу ізраільскай эканомікі».

Кіраўнік «Кахоль-Лаван» Бэні Ганц, яшчэ нядаўна быў галоўным палітычным праціўнікам Нэтаньягу, заявіў, што рашэньне далучыцца да ўраду нацыянальнага адзінства не было простым, і выказаў перакананьне, што і для Нэтаньягу яно таксама не было простым.

«Пасьля 11 гадоў знаходжаньня ва ўладзе вы прынялі рашэньне зьмірыцца з прысудам, вынесеным выбарнікамі, і падзяліць месца ля стырна ўлады з маімі паплечнікамі і са мной», — сказаў Ганц.

Палітычны крызіс у Ізраілі цягнуўся 18 месяцаў, за апошні год там тройчы праходзілі выбары, па выніках якіх прыблізна аднолькавую колькасьць месцаў у Кнэсэце атрымлівалі палітычныя апанэнты, якія не маглі сфармаваць кампрамісны ўрад.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG