Прэм'ер-міністар Біньямін Нэтаньягу выказаў упэўненасьць у тым, што Ізраіль зможа анэксаваць асобныя раёны Заходняга берагу ракі Ярдан на працягу некалькіх месяцаў пры падтрымцы адміністрацыі Дональда Трампа.
«Мы зможам адсьвяткаваць яшчэ адзін гістарычны момант у гісторыі сіянізму», – заявіў Нэтаньягу групе эўрапейскіх эвангельскіх хрысьціян, якія рашуча падтрымліваюць Ізраіль. Прэмʼер-міністар камунікаваў зь імі празь відэасувязь.
Ізраіль плянуе абвясьціць свой сувэрэнітэт над стратэгічна важнай Ярданскай далінай і ўсімі габрэйскімі паселішчамі на Заходнім беразе. Ізраіль акупаваў Заходні бераг пасьля яго захопу падчас Шасьцідзённай вайны 1967 году.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падтрымаў ізраільскую анэксію, калі ў студзені раскрыў дэталі свайго блізкаўсходняга пляну, ухваліўшы стварэньне «буфэрнай зоны» супраць тэрарыстаў, як называе яе Нэтаньягу.
Каля 500 тысяч габрэяў жывуць у паселішчах на Заходнім беразе. Сярод іх шмат амэрыканцаў, якія пасяліліся на тэрыторыі, якую яны лічаць сваім законным біблійным домам.
Ніякай рэакцыі з боку палестынцаў на нядзельны зварот Нэтаньягу не было, але раней яны ўжо абвясьцілі мірны плян Трампа мёртвым.
Палестынцы хочуць зрабіць Заходні бераг незалежнай дзяржавай са сталіцай ва Ўсходнім Ерусаліме. Мірны плян Трампа прадугледжвае стварэньне палестынскай дзяржавы, але абстаўляе гэта шматлікімі ўмовамі.
Прадстаўнікі ААН і ЭЗ перасьцерагаюць Ізраіль ад анэксіі Заходняга берага, называючы яе незаконнай. На іх думку, яна прывядзе да небясьпечнай сытуацыі на ўсім Блізкім Усходзе.