Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнікі «праймэрыз» панясуць дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўных груп


Юрась Губарэвіч, Вольга Кавалькова і Мікалай Казлоў, архіўнае фота
Юрась Губарэвіч, Вольга Кавалькова і Мікалай Казлоў, архіўнае фота

Юрась Губарэвіч, Вольга Кавалькова і Мікалай Казлоў, якія бралі ўдзел у працэдуры «Праймэрыз», зьбіраюцца падаць дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўных груп 15 траўня (а 15-й гадзіне).

Лідэр руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч сказаў карэспандэнту Свабоды, што агульная ініцыятыўная група фармавалася падчас кампаніі «Праймэрыз».

«Мы не імкнемся запісваць максымальную колькасьць, хутчэй за ўсё, абыдземся фармальным мінімумам: сто чалавек плюс тэхнічны пэрсанал, каардынатары. Наша задача — не пасылаць людзей па кватэрах, бо гэта было б злачынствам у дадзенай сытуацыі. А выкарыстаць легальныя і, самае галоўнае, бясьпечныя камунікацыі з грамадзтвам падчас эпідэміі каранавірусу і збору подпісаў.

Хутчэй за ўсё, гэта будуць вулічныя пікеты зь мерамі бясьпекі, з захаваньнем неабходнай дыстанцыі паміж выбарцамі і арганізатарамі пікету. Бо разумеем, і гэта пазыцыя агульная, што кожны зборшчык подпісаў, які пойдзе ў бліжэйшы месяц па кватэрах, празь некалькі дзён ператвараецца ў хадзячую біялягічную зброю, будзе разносіць і пашыраць каранавірус. Таму адназначна: мы нікога накіроўваць у кватэры, каб зьбіраць подпісы, не плянуем. Такая сытуацыя абнуляе шанцы ўсіх астатніх удзельнікаў, у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі, легальна і сумленна сабраць сто тысяч неабходных подпісаў».

Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова сказала, што ў яе таксама няма намеру ствараць вялікую групу.

«Мы зараз аналізуем тыя дадзеныя, якія прыйшлі. У нас няма задачы зьбіраць подпісы, таму ў нас няма мэты стварыць вялікую ініцыятыўную групу і потым яшчэ публікаваць усе дадзеныя людзей».

Выканаўца абавязкаў старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў кажа, што ён і яго прыхільнікі будуць браць удзел у выбарах «намінальна».

«Мэта нашай кампаніі — перанос выбараў. Мы лічым, што ў гэтых умовах паўнавартасныя выбары правесьці немагчыма. Мы зарэгіструем мінімальную групу, для таго каб хаця б на пэрыяд збору подпісаў мець нейкую абарону. Мы бачым, што па ўсёй краіне ўжо ідуць рэпрэсіі, значная частка сяброў АГП — нехта адседзеў, нехта яшчэ сядзіць».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG