Мазырскія ўлады вырашылі ліквідаваць Цэнтар мэдычнай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў «Радуга». У цэнтры праходзяць мэдычную, сацыяльную, псыхалягічную рэабілітацыю каля 50 дзяцей-інвалідаў. Бацькі, іх дзеці і грамадзкасьць супраць закрыцьця ўнікальнага для рэгіёну цэнтру.
Што здарылася
30 сакавіка старшыня Мазырскага райвыканкаму падпісала рашэньне пра ліквідацыю з 1 ліпеня цэнтру «Радуга». У дакумэнце паведамлялася, што цэнтар ліквідуецца на прапанову гарадзкой паліклінікі, у падпарадкаваньні якой знаходзіцца «Радуга». Улады паведамілі, што ў будынку цэнтру разьмесьцяць дзіцячы садок.
Бацькам дзяцей-інвалідаў прапанавалі наведваць Цэнтар карэкцыйна-разьвіцьцёвага навучаньня і рэабілітацыі і аддзяленьне дзённага наведваньня Цэнтру сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва. Бацькі ж кажуць, што гэтыя варыянты не падыходзяць, бо не прыстасаваныя для асаблівых дзяцей зь фізычнымі парушэньнямі.
Унікальны для рэгіёну цэнтар рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў адкрыўся ў 1995 годзе пры спонсарскай падтрымцы нямецкіх дабрачынных фондаў і Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу. Нямецкія фонды дапамаглі маладым інвалідам з унікальным абсталяваньнем — адмысловымі прыладамі і трэнажорамі, якія дазваляюць праходзіць паўнавартасную мэдычную рэабілітацыю.
Пацыенты «Радугі» знаходзяцца тут з 7 да 17 гадзін, маюць магчымасьць як праходзіць рэабілітацыю, так і вучыцца, займацца з псыхолягамі, лягапэдамі, удзельнічаць у працы гурткоў. Ніводзін райцэнтар Гомельскай вобласьці ня мае такой установы.
Як адстойваюць Цэнтар бацькі дзяцей-інвалідаў
Бацькі дзяцей-інвалідаў ня згодныя з рашэньнем уладаў. Яны
- стварылі ініцыятыўную групу;
- напісалі шэраг калектыўных зваротаў у дзяржаўныя інстанцыі: Адміністрацыю прэзыдэнта, Камітэт дзяржаўнага кантролю, Генэральную пракуратуру;
- стварылі пэтыцыю ў абарону цэнтру, якая сабрала амаль 17 тысяч подпісаў;
- праводзяць у Мазыры акцыю «Неабыякавы грамадзянін», сабралі сярод жыхароў гораду 5 тысяч подпісаў у падтрымку «Радугі»;
- зладзілі шэраг акцый у падтрымку цэнтру, дзеці-інваліды і ўсе неабыякавыя грамадзяне праводзяць інтэрнэт-флэшмоб з просьбай да уладаў не закрываць «Радугу». Дзеці-інваліды зьвяртаюцца наўпрост да Аляксандра Лукашэнкі.
Што адказваюць улады
Звароты бацькоў з Адміністрацыі прэзыдэнта перанакіравалі ў Гомельскі аблвыканкам, з Генэральнай пракуратуры — у абласную, адтуль — ва ўпраўленьне аховы здароўя.
Абласное ўпраўленьне аховы здароўя адказала, што:
- мэдыцынскую рэабілітацыю для дзяцей-інвалідаў у Гомельскай вобласьці можна атрымаць у абласным дзіцячым шпіталі мэдыцынскай рэабілітацыі, абласным дзіцячым цэнтры «Верасок», а таксама ў рэспубліканскіх установах;
- для дзяцей-інвалідаў у Мазырскім раёне працуюць Цэнтар карэкцыйна-разьвіцьцёвага навучаньня і рэабілітацыі і аддзяленьне дзённага наведваньня Цэнтру сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва;
- «улічваючы недастатковую загружанасьць цэнтру (будынак разьлічаны на 240 наведваньняў за зьмену, фактычна яго наведваюць 32-40 пацыентаў), функцыянаваньне ў Мазыры яшчэ дзьвюх устаноў, якія прапаноўваюць паслугі, аналягічныя тым, якія ў „Радузе“, вострую неабходнасьць у адкрыцьці дзіцячага садку і прынята рашэньне пра ліквідацыю».
Аналягічны адказ — слова ў слова — даслаў і Гомельскі аблвыканкам.
Чаму прапановы ўладаў не задаволілі бацькоў
У скаргах ва ўсе інстанцыі бацькі дзяцей-інвалідаў зазначаюць, што рашэньне пра ліквідацыю «Радугі» незаконнае і дыскрымінуе інвалідаў. Яны падкрэсьліваюць, што выканкам прымаў рашэньне без уліку думкі бацькоў і грамадзкасьці.
«У выніку закрыцьця цэнтру нашы дзеці апынуцца зачыненымі ў сваіх кватэрах, будуць пазбаўлены магчымасьці праходзіць мэдыцынскую рэабілітацыю, кантактаваць адно з адным, разьвівацца, сацыялізавацца», — гаворыцца ў зваротах.
У горадзе, паводле бацькоў, больш няма дзе праходзіць мэдыцынскую рэабілітацыю дзецям-інвалідам. Напрыклад, у дзіцячым шпіталі кабінэты масажу, фізіятэрапіі знаходзяцца на трэцім паверсе, ліфт не працуе. Кабінэту лячэбнай фізкультуры няма ўвогуле.
Аддзяленьне дзённага наведваньня інвалідаў, паводле бацькоў, не прыстасавана для вазочнікаў, час наведваньня там — толькі чатыры гадзіны, няма гарачага харчаваньня, абмежаваная колькасьць месцаў, у штаце няма мэдыка, адсутнічаюць пандусы і ліфт, дзяцей зь цяжкімі парушэньнямі туды ня возьмуць, пра мэдыцынскую рэабілітацыю няма гаворкі.
Цэнтар карэкцыйна-разьвіцьцёвага навучаньня і рэабілітацыі таксама не прыстасаваны для вазочнікаў, гэта трохпавярховы будынак бяз ліфта і пандусаў, няма такой лячэбнай базы, як у «Радугі».
Што гавораць бацькі
Жыхарка Мазыра Дана Блізьнец выхоўвае 10-гадовую Лізу. Цэнтар «Радуга» дзяўчынка наведвае з 2017 году. У Лізы 4-я ступень страты здароўя, ДЦП.
У «Радузе» Ліза атрымлівала комплекснае абслугоўваньне — адукацыю, мэдыцынскую рэабілітацыю — масаж, лячэньне цяплом і сьвятлом, лячэбную фізкультуру; займалася зь лягапэдам, псыхолягам, наведвала гурткі.
«Рашэньне выканкаму я лічу незаконным і дыскрымінуючым. Улады прапанавалі нам наведваць сярэднюю школу для атрыманьня адукацыі. Але Ліза са сваімі дыягназамі і індывідуальным плянам рэабілітацыі ня мае права наведваць школу, згодна з пастановай Міністэрства аховы здароўя. Цяпер „Радугу“ закрыюць, а маё дзіця застанецца ў чатырох сьценах, без магчымасьці стасункаў зь дзецьмі, сацыялізацыі», — кажа Дана. Яна пералічвае інстанцыі, куды зьвярталася са сваёй праблемай, накіроўвала індывідуальныя і калектыўныя скаргі.
«Атрымліваўся футбол. Перасылалі з інстанцыі ў інстанцыю. Накіроўваюць нас у карэкцыйна-разьвіцьцёвы цэнтар. Але маё дзіця туды ня возьмуць, таму што там няма ўмоў для інвалідаў-вазочнікаў — гэта раз. Другое — у Лізы захаваны інтэлект, а карэкцыйна-разьвіцьцёвы цэнтар — для дзяцей з псыхічнымі парушэньнямі. Там нават няма інструктара ЛФК. Гэты цэнтар для дзяцей, якія могуць самі перасоўваюцца. Але ж нашы ня могуць!» — зазначае Дана.
Яна і іншыя бацькі былі ў аддзяленьні дзённага наведваньня інвалідаў.
«Там няма ліфта, вазок не пралазіць у прыбіральню, нават у дзьверы не пралазіць», — кажа жыхарка Мазыра. «Мясцовыя ўлады гатовыя абяцаць усё што заўгодна, нават немагчымае, абы толькі бацькі супакоіліся і перасталі пісаць скаргі ва ўсе інстанцыі. На прапанову даць іншае памяшканьне для цэнтру «Радуга» яны, не саромеючыся, кажуць бацькам: «Такога цэнтру вам ня будзе», — дадала Дана.
Жыхарка Мазыра Дыяна адна выхоўвае 15-гадовага Стаса. Ён мае ДЦП.
«Наш цэнтар „Радуга“ ўнікальны, ён ня мае аналягаў. Там шмат трэнажораў, выдатныя спэцыялісты — масажысты, псыхолягі, выхавальнікі. Яны столькі ўвагі аддаюць дзецям!
Мне самой цяжка цягаць яго. А ў „Радугу“ яго і завезьлі, і прывезьлі, там і навучаньне, і рэабілітацыя, і сацыяльныя стасункі.
Цяпер што? Дзеці будуць сядзець у чатырох сьценах дома», — з роспаччу кажа Дыяна.
Яна зьвяртае ўвагу, што на адкрыцьцё «Радугі» былі затрачаныя спонсарскія грошы, дзяржава там не ўкладалася. А цяпер улады хочуць пазбавіць дзяцей унікальнага цэнтру.
«Мы пойдзем да апошняга. Пойдзем у суд», — дадала Дзіяна.