На перадавой. Чым жывуць мэдыкі, якія ратуюць беларусаў ад каранавірусу

На перадавой

Чым жывуць мэдыкі, якія ратуюць беларусаў ад каранавірусу

Валер цяпер жыве ў гатэлі, каб не цягаць брудную пасьля працы ў шпіталі вопратку дахаты. Ганна хацела была даглядаць сабаку адзінокай жанчыны, якую яна шпіталізавала. Дар’я перад сном успамінае аналізы сваіх пацыентаў. У спэцпраекце «На перадавой» беларускія мэдыкі расказваюць Свабодзе, як пандэмія каранавірусу зьмяніла іхнае жыцьцё.

Ганна

Ганна, фэльчарка хуткай дапамогі

«Мы забіралі жанчыну з пнэўманіяй. Яна жыве адна, мае сабаку і трох катоў. Сабака ляжаў з сумнымі-сумнымі вачыма, і каты таксама. Нават думала прапанаваць ёй, каб я даглядала жывёлаў, пакуль яна ў шпіталі».

«Бабулі з сардэчнымі прыступамі і алькаголікі ўсе засталіся, ніхто нікуды не падзеўся. Людзі сталі выклікаць „хуткую“ менш, бо, напэўна, баяцца. Але зьявілася шмат „тэмпэратур“, перавозкі хворых з пацьверджаным каранавірусам з аднаго шпіталя ў другі. І зьмянілася тое, што ты павінна апранаць касьцюм, калі едзеш да пацыента з пацьверджаным COVID-19.

Цяжка насіць ахоўныя акуляры паверх звычайных, бо тыя пацеюць. У нас яшчэ быў спэцыяльны касьцюм — чырвоны, гумовы, з гумовымі ботамі, з падачай кіслароду. Ён цалкам гермэтычны, і ў ім нічога не чуваць. Для таго, каб зьвязацца з дыспэтчарскай, трэба даць тэлефон кіроўцу. Потым кіроўца піша на паперцы, паказвае табе і атрымліваецца такі „сапсаваны тэлефон“. Аднойчы я паехала на перавозку і забрала не таго пацыента, таму што ня тое пачула па тэлефоне.

Мы забіралі жанчыну з пнэўманіяй — ня памятаю, ці быў у яе пацьверджаны каранавірус. Яна жыве адна, мае сабаку і трох катоў. Мы папыталіся, з кім яны застануцца. Яна адразу пачала плакаць і папрасіла, каб мы не пыталі. Гэта было вельмі сумна. Калі мы прыходзім, то звычайна гаворым, каб сабаку хавалі, бо незразумела, як ён на чужых адрэагуе. А тут сабака ляжаў з сумнымі-сумнымі вачыма, і каты таксама. Сумна, што жывёлы застаюцца адныя. Нават думала прапанаваць ёй, каб я даглядала жывёлаў, пакуль яна ў шпіталі. Ва ўсёй гэтай сытуацыі пачуцьцё адзіноты ўзмацняецца. Людзі адчуваюць сябе больш самотнымі, чым яны ёсьць на самой справе.

Больш за ўсё мяне хвалюе, што я не магу прыехаць да маці з бацькам, бо баюся. Звычайна я хаця б раз на месяц да іх прыяжджаю. Ня ведаю, калі мы ўбачымся. Нядаўна сяброўка нарадзіла. Я зь вялікім задавальненьнем зьезьдзіла б на выпіску, але не.

За сябе я не хвалююся, бо лічу, што спраўлюся з гэтым. Мне здаецца, што ў нас на „хуткай“ ужо імунітэт да ўсяго».

Вераніка

Вераніка, доктарка лябараторнай дыягностыкі

«Я жыву з хлопцам, ён працуе дома. Я казала яму: „Ці ты едзеш дадому і мы з табой ня бачымся ўвесь гэты час, бо я не хачу рызыкаваць ні табой, ні тваімі роднымі, ці застаесься“. Ён сказаў, што будзем хварэць разам, калі што»

«Цеснага кантакту з хворымі ў мяне няма, але да нас прыносяць іх біяматэрыял, лябараторыя знаходзіцца ў аддзяленьні прыёмнага пакою, таму яны каля нас ходзяць.

Ня буду хітрыць, было страшна спачатку. Бо ты чытаеш усе навіны, як у іншых краінах усе хварэюць, і ты ня ведаеш, як адрэагуе твая імунная сыстэма. У кагосьці каранавірус праходзіць як вострая рэсьпіраторная вірусная інфэкцыя ды вострае рэсьпіраторнае захворваньне, у кагосьці бессымптомна, а ў кагосьці жорсткая пнэўманія. Ты заўсёды баісься чагосьці невядомага, а каранавірус быў невядомы. Але потым страх зьнік. Гэта мая праца; я ведала, куды ішла.

Калі ты ня ў форме, не ў супрацьчумным касьцюме, ты такі разьняволены. А тут у цябе поўная амуніцыя і трэба сачыць за сваімі рухамі. Калі ты працуеш і бачыш колькасьць хворых, і яна расьце... Яна ж не зьніжаецца ўжо каторы дзень! А людзі працягваюць далей тусавацца, езьдзіць на шашлыкі, публікаваць фатаграфіі, ты думаеш: „Мне шкада, што да вас не даходзіць“. Мне здаецца, калегі ўжо стаміліся казаць, каб вы сядзелі дома. Усе чакалі піку пасьля Вялікадня. Вялікдзень прайшоў — пік захворваньня. Цяпер парад, пройдзе 7-14 дзень — і зноў будзе пік.

Я жыву з хлопцам, ён працуе дома. Я казала яму: „Ці ты едзеш дадому і мы з табой ня бачымся ўвесь гэты час, бо я не хачу рызыкаваць ні табой, ні тваімі роднымі, ці застаесься“. Ён сказаў, што будзем хварэць разам, калі што.

Бацькоў даўно ня бачыла. Але ёсьць такое акно: калі мы здаём мазок на каранавірус, ён прыходзіць адмоўны і да маёй наступнай зьмены ёсьць час, я магу схадзіць да іх. А так ніякіх наведваньняў родных. Бабулю даўно ня бачыла. Яна ўсё разумее, ня крыўдзіцца. Тэлефануе штодня і пытаецца, як маё здароўе.

Я вельмі люблю гуляць, бавіць час на вуліцы, а цяпер сяджу дома ў ізаляцыі, пакуль адпачынак. Магу дазволіць сабе выйсьці, пастаяць каля пад’езду ці сесьці ў машыну і пракаціцца па Менску. Я разумею, што людзям цяжка сядзець у ізаляцыі, асабліва тым, у каго вялікая сямʼя і маленькая жылая плошча.

Падняла свой кухарскі ўзровень, прачытала кнігі, якія даўно хацела. Цяпер чытаю „Радзіва Прудок“ Андруся Горвата. Да пандэміі была шмат часу на вуліцы, мы зьбіраліся зь сябрамі, гулялі ў „Мазгабойню“. А цяпер гэтыя гульні як ратаваньне, раз на тыдзень онлайн. Але гэта ўсё роўна не заменіць жывой камунікацыі».

Валер

Валер, хірург, перапрафіляваўся ў інфэкцыяніста

«Усе не зусім важныя пляны адышлі да лета, а магчыма, нават і далей. Я пераехаў у гатэль. Каб не цягаць дадому забруджанага сябе, забруджаныя рэчы. Таму цяпер маё жыцьцё — гэта праца, гатэль, адукацыя, праца — і ўсё».

«Усе не зусім важныя пляны адышлі да лета, а магчыма, нават і далей. Я пераехаў у гатэль, які нам аплаціў камітэт аховы здароўя Менгарвыканкаму, за што вялікі дзякуй. Навошта? Каб не цягаць дадому забруджанага сябе, забруджаныя рэчы. Шмат маіх калег зрабілі так. Таму цяпер маё жыцьцё – гэта праца, гатэль, адукацыя, праца — і ўсё.

Калі чалавеку паведамляюць, што ў яго сапраўды каранавірус, – вядома, гэта страшна. Пасьля яго забіраюць у лякарню, у закрытае аддзяленьне, дзе яму нават нельга выходзіць з палаты. Толькі да прыбіральні і назад – больш не дазваляем. Ізаляцыя, наяўнасьць цяжкай хваробы – гэта вялікі стрэс. У некалькіх людзей здараліся гістэрыкі. У кагосьці былі проста сьлёзы, у кагосьці нейкія псыхасаматычныя праявы. Гэта ўскладняе нашую працу, але на гэта трэба зьвяртаць увагу. Што б хто ні казаў, але маральны настрой у значнай ступені ўплывае на здароўе і на тэрмін ачуньваньня.

Я дзесьці бачыў абʼяву з прапановай псыхатэрапіі для мэдыкаў. Мне прыйшла ў галаву такая ідэя. Тут паўстала іншае пытаньне, зьвязанае зь беларускім мэнталітэтам — „Навошта мне псыхатэрапэўт? Я што, псых? Сам спраўляюся!“ Але некалькі пацыентаў узялі ў мяне кантакты, і я ведаю, што нехта сапраўды пачаў займацца.

Я захварэю. Амаль кожны, хто ёсьць у гэтай лякарні, асабліва тыя, хто працуюць з дакладна пацьверджаным каранавірусам, – усе захварэюць. Пытаньне, калі і ў якой форме. Таму мы больш баімся заразіць блізкіх».

Аліна

Аліна, правізарка

«У людзей стварылася ілюзія бясьпекі: купілі антысэптык, маску, пальчаткі — і ўсё, нічога ня страшна».

«Трошкі страшна, але мне здаецца, што ўсім цяпер страшна. Маё жыцьцё асабліва не зьмянілася. Я працягваю супакойваць людзей, даваць ім парады, адгаворваць іх набываць штосьці.

За апошнія некалькі месяцаў у людзей зьмяніўся попыт. Тры папулярныя пытаньні: ці ёсьць маскі, антысэптыкі, пальчаткі. Цяпер дадаўся яшчэ і парацэтамол. Чаму? Калегі сказалі, што ў інтэрнэце была інфармацыя, што толькі парацэтамол зьбівае тэмпэратуру пры каранавіруснай інфэкцыі. І панікёры пачалі яго скупляць.

Людзі нэгатыўна рэагуюць, калі кажу, што масак няма. Просяць кнігу для скаргаў, гавораць, навошта вы тады ўвогуле працуеце. Гэта бурклівыя людзі. Мне здаецца, у іх хобі такое, прыходзіць і пытацца: „Масак, напэўна, няма?“. А я кажу, што ёсьць. Яны кажуць „добра“ — і ўсё.

Спрабую чытаць менш навінаў. Калі чытала, мне сьніліся кашмары. Хвалююся за бабуляў. Адну адвезьлі на лецішча, а другая сядзіць дома. Мая маці працуе ў паліклініцы, забясьпечыла іх антысэптыкамі і просіць сядзець дома. Больш хвалююся за маці, хоць яна няшмат кантактуе з пацыентамі.

Зь сябрамі сустракаюся прыкладна ў тым жа рэжыме. Не магу сказаць, што раней мы сустракаліся часьцей. Блізкія ў мяне ў іншым горадзе, таму размаўляем мы, як і раней, па тэлефоне. Сумна, што не змагу ў бліжэйшыя месяцы паехаць да бацькоў і сяброў у Гомель».

Настасься

Настасься, фэльчарка хуткай дапамогі

«Часьцей за ўсё бачу свайго сабаку, гуляю зь ім адна, бо не люблю ў кампаніі. Таму вялікай бяды не было, але ўжо і мне дах зрывае ад таго, што не магу бачыць тых, каго хачу».

«Я з блізкімі не кантактую. Нядаўна піла каву з найлепшай сяброўкай — яна сядзела на адным канцы лавачкі, а я на другім. Вядома, на вуліцы, бо ў памяшканьнях я ні з кім не сустракаюся. Мы вельмі даўно ня бачыліся, а тут яна выпадкова мне напісала. Высьветлілася, што мы знаходзімся на адной вуліцы. Таму прапанавала выпіць кавы, так мы хвілін 30 пагутарылі і разышліся.

Часьцей за ўсё бачу свайго сабаку, гуляю зь ім адна, бо не люблю ў кампаніі. Таму вялікай бяды не было, але ўжо і мне дах зрывае ад таго, што не магу бачыць тых, каго хачу.

У нас захварэла ўся адміністрацыя — нікога няма. Дыспэтчары 103 таксама не працуюць, таму выклікі прымаюць нашы дыспэтчары з усіх падстанцый. У іх ёсьць свая праца, але цяпер яны вымушаныя яшчэ прымаць выклікі, таму не заўсёды могуць карэктна апытаць чалавека. Неяк быў выклік для рэанімацыі, брыгада прыехала і выявілася, што там былі родныя пацыента, хворага на каранавірус. Мэдыкі стаялі ў звычайным адзеньні, ужо аказвалі дапамогу. Ужо было позна апранаць касьцюмы, хаця яны ў іх былі.

На працы пераапранаюся і адпачываю ў адным пакоі з калегай. А яна жыве з братам-доктарам, хворым на каранавірус. Яна ходзіць на працу, а ён заражаны сядзіць дома. Калега ўзяла дадатковыя зьмены, каб дадому не вяртацца. Цяпер літаральна жыве на працы».

Ад рэдакцыі. Пасьля інтэрвію ў Настасьсі пацьвердзіўся тэст на каранавірус.

Дар’я

Дар’я, тэрапэўтка

«Засынаю з думкамі аб працы: успамінаю пацыентаў, якія ў іх былі аналізы, наколькі быў плённы дзень і што трэба выправіць. Можа, я такі чалавек – мне заўсёды складана пераключыцца ад працы».

«Я нікуды не хаджу. Дом — праца — дом. Так сабе рэжым жыцьця. Пастаянная ізаляцыя вымушае замыкацца ў сабе, бо ні з кім не пакантактуеш, не пагутарыш. Час праводзім у коле калегаў, таму што зь імі ёсьць што абмеркаваць і яны цябе зразумеюць.

Муж супраць таго, што шмат працы, але я не магу кінуць калектыў. У мяне шмат хто пытаўся, маўляў, чаму ты ня возьмеш адпачынак за свой кошт, чаму ня сыдзеш адсюль. Але я разумею, што калі сыду, гэта будзе сурʼёзны прабел у калектыве.

Не магу сказаць, што баюся самога каранавірусу, але баюся, што выйду са строю на нейкі час і ня будзе каму працаваць. Мой калега хварэе ўжо трэці тыдзень. Ён сябе добра адчувае, але сам факт, што яго няма, заўважны. Пакуль ёсьць здароўе і сілы, працягваю працаваць

Быў момант пераходны, калі пачалі зьяўляцца пацыенты з каранавірусам, але яшчэ ніхто ня быў да гэтага гатовы, у нас не было сродкаў засьцярогі. Да мяне „заехала“ вельмі спрэчная пацыентка. У яе была двухбаковая пнэўманія і вельмі непрыгожы здымак лёгкіх. У выніку яна памерла. Сказалі, што гэта не каранавірус, але я ня ведаю дакладна.

У той момант у мяне ў галаве ўсё пераключылася. Я зразумела, што вось гэта... яно. Зразумела, што гэта ўжо тут і цяпер. Тая ж сытуацыя была, калі пачалі хварэць калегі. Здаецца, што цябе гэта не закране, але вось калега, зь якім ты шмат часу быў побач, захворвае на каранавірус.

Засынаю з думкамі аб працы: успамінаю пацыентаў, якія ў іх былі аналізы, наколькі быў плённы дзень і што трэба выправіць. Можа, я такі чалавек — мне заўсёды складана пераключыцца ад працы».

Сяргей

Сяргей, фэльчар хуткай дапамогі

«Мая жонка – доктарка. У мяне той рэдкі выпадак, калі я магу спакойна пацалаваць каханую жанчыну і не баяцца».

«Маё жыцьцё ніяк не зьмянілася. Як працаваў, так і працую. Самаізаляцыя ў мяне ўсё жыцьцё такая. Дом, праца, максымум — крама, у лепшым выпадку на дачу зьезьдзіць, пагутарыць з памідорамі — зь імі больш прыемна. Дзіця ў школу перастала хадзіць, дачка дыстанцыйна працуе.

Самаізалявацца ад дзяцей? Куды? Бацькі мае — пэнсіянэры. Мне сэнсу няма. У мяне жонка доктарка, кантактуе, і я кантактую. У мяне той рэдкі выпадак, калі я магу спакойна пацалаваць каханую жанчыну і не баяцца.

Каранавірус стаў праблемай у ХХІ стагодзьдзі. Гадоў 50 таму на гэта яшчэ ніхто б не зьвярнуў увагі. Таму што тады быў трошкі іншы ўзровень жыцьця. Мы расслабіліся, гэта хвароба сучаснага грамадзтва. У Афрыцы на каранавірус ніхто ня зьверне ўвагі, таму што там іншая праблема — як паесьці сёньня. А захварэў і памёр — гэта звычайная рэч.

Пачытайце на Facebook журналіста Аркадзя Бабчанку. Ён пісаў пра эвалюцыю, што каранавірус выявіў слабыя месцы ў сямейных стасунках. Выявіў, хто сапраўды патрэбен у складанай сытуацыі, а хто не зусім. Крытычная сытуацыя заўсёды выяўляе ці слабыя, ці моцныя бакі.

Мэдыка ў сучаснай Беларусі, не цяпер, білі нагамі 26 гадоў. Ты быў ва ўсім вінаваты, калі ты не вінаваты ні ў чым. Нас грамадзтва ўтоптвала ў гразь — тыя людзі, якіх мы ратавалі. Ты прыяжджаў на ДТЗ, ратаваў яго, прывозіў жывым у шпіталь, яму там рабілі апэрацыю, а ён потым пісаў скаргу, што на ім касьцюм разрэзалі. Гэта было, і ад гэтага нікуды не падзецца. Ківач зыбнуўся ў адваротны бок.

Вайна дык вайна. A la guerre comme a la guerre.

Лякарню хуткай мэдычнай дапамогі „выкасіла“ ўсю. Я вам так скажу, напэўна, 40% ад усіх „плюсаў“ [пацыентаў з пацьверджаным каранавірусам. — РС], якіх я вазіў, — гэта мае калегі. Радзіма ў нас паклапацілася пра тое, каб мэдыкаў выкасіць».