Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Польшчы: «Беларускія лекары самаахвярна змагаюцца з пандэміяй»


Амбасадар Артур Міхальскі (справа) з прэзыдэнтам Польшчы Анджэем Дудам. Варшава, 2018 год
Амбасадар Артур Міхальскі (справа) з прэзыдэнтам Польшчы Анджэем Дудам. Варшава, 2018 год

Вялікае інтэрвію з польскім амбасадарам у Менску Артурам Міхальскім пра змаганьне з каранавірусам у Польшчы і Беларусі, працу дыпляматаў ва ўмовах карантыну, парад у Менску 9 траўня, пра візы і паездкі грамадзян паміж краінамі ва ўмовах пандэміі.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Інтэрвію зробленае дыстанцыйна, з улікам рэкамэндацый Сусьветнай арганізацыі здароўя ва ўмовах пандэміі каранавірусу.

Пра барацьбу з каранавірусам у Польшчы

— Спадар амбасадар, найперш раскажыце, як наагул Польшча змагаецца з каранавірусам? Ці можна сказаць, што пасьпяхова?

— Польшчу крыху пазьней, чым некаторыя іншыя краіны з нашай эўрапейскай супольнасьці, закранула пандэмія каранавірусу. Мы бачылі, наколькі гэта важны выклік, на прыкладзе таго, як змагаліся італьянцы, гішпанцы ды іншыя. Гэта дазволіла нам прааналізаваць гэты досьвед і дастаткова хутка прыняць радыкальныя меры, як, напрыклад, увядзеньне карантыну, пераход на дыстанцыйную працу там, дзе гэта магчыма; увядзеньне шэрагу вельмі адчувальных, але неабходных абмежаваньняў, якія датычыліся, перш за ўсё, забароны зьбірацца ў публічных месцах, крамах, транспарце, касьцёлах і гэтак далей.

Усё сьведчыць пра тое, што, хоць барацьба з гэтым страшным, нябачным ворагам працягваецца і, напэўна, яшчэ ня хутка скончыцца, зробленыя захады і вялізная грамадзкая адказнасьць значна абмежавалі магчымыя маштабы распаўсюджаньня пандэміі. Сёньня на 38 мільёнаў жыхароў у нас каля 15 тысяч асоб з пацьверджаным дыягназам, рост інфікаваных за суткі цяпер дастаткова стабільны — каля 300 чалавек.

Пра рэжым працы амбасады падчас пандэміі

— Як цяпер працуе ваша дыпмісія ў Беларусі: ці прымаеце вы наведнікаў, ці выяжджаюць супрацоўнікі за межы Менску?

— Па магчымасьці мы працуем дыстанцыйна. Але ня ўсё можна так зрабіць, таму мы ўвялі дзяжурства і, калі ёсьць канкрэтнае заданьне, якое патрабуе фізычнай прысутнасьці, тады прымаем адпаведнае рашэньне. Мы стараемся максымальна эфэктыўна спалучаць патрабаваньні службы з неабходнасьцю клапаціцца пра здароўе супрацоўнікаў. Аказваецца, што шмат што можна зрабіць онлайн, — так, напрыклад, мы арганізавалі адзначэньне нашага нацыянальнага сьвята, 229-й гадавіны прыняцьця Канстытуцыі 3 траўня 1791 году, якое даступна на ютуб-канале нашага пасольства.

Калі гэта не жыцьцёва важна, мы не арганізуем сустрэч і актыўна карыстаемся рознымі сродкамі дыстанцыйнай сувязі.

Сустрэча Артура Міхальскага зь беларускімі журналістамі да пандэміі. Менск, 2018 год.
Сустрэча Артура Міхальскага зь беларускімі журналістамі да пандэміі. Менск, 2018 год.

Пра барацьбу з каранавірусам у Беларусі

— А як вы ацэньваеце барацьбу з пандэміяй у Беларусі, дзе не ўвялі карантыну?

— Я ўжо расказаў, як мы падышлі да гэтага ў Польшчы; падобны падыход выкарыстоўваецца ў пераважнай большасьці краін ЭЗ і Заходняй Эўропы. Я лічу, што такі падыход апраўдвае сябе, хоць цяжкасьцяў у барацьбе з каранавірусам хапае і пандэмія, на жаль, зьбірае сьмяротнае жніво. Я думаю, што ў такіх складаных сытуацыях важнае салідарнае ўзаемадзеяньне міжнароднай супольнасьці, а таксама выкананьне рэкамэндацый САЗ. Я ведаю, што беларускія дактары, мэдсёстры, супрацоўнікі сыстэмы аховы здароўя самааддана, самаахвярна змагаюцца з пандэміяй.

У нас наладжана вельмі добрае супрацоўніцтва зь Міністэрствам аховы здароўя Беларусі, Міністэрствам замежных спраў пры каардынацыі паставак гуманітарнай дапамогі, абмене досьведам паміж мэдыкамі і ў пытаньнях іншых дапаможных дзеяньняў, што натуральна для суседзяў, асабліва ў складаны час, калі добрасуседзкая салідарнасьць павінна і, дзякуй Богу, зьяўляецца відавочнай рэччу.

— Многіх беларусаў хвалюе пытаньне, ці не закрые Польшча мяжу зь Беларусьсю ў сувязі з тым, што тут, у Беларусі, ідзе рост хворых на каранавірус, а карантыну няма?

— Як я ўжо сказаў, Польшча прыняла дастаткова радыкальныя меры ў самым пачатку пандэміі, у тым ліку закрыла межы — усе межы, ня толькі зь Беларусьсю. Адначасова па-ранейшаму прыяжджаюць кіроўцы міжнароднага транспарту, замежныя грамадзяне, якія маюць права знаходзіцца ў Польшчы альбо працуюць у ёй. Могуць таксама прыехаць замежныя грамадзяне, якія маюць «карту паляка». Аднак усе, акрамя кіроўцаў, павінны прайсьці двухтыднёвы карантын.

Пра менскі парад на Дзень перамогі

— Ці будзеце вы назіраць за парадам у Менску 9 траўня?

— Мы стараемся мінімізаваць рызыку ў пэрыяд пандэміі, так што, згодна з рэкамэндацыямі САЗ устрымлівацца ад удзелу ў масавых мерапрыемствах, я ня буду ўдзельнічаць у парадзе, але сам, індывідуальна, ушаную памяць усіх ахвяраў гэтай страшнай 6-гадовай бязьлітаснай вайны і памяць усіх тых, хто ў ёй змагаўся на розных франтах — Усходнім і Заходнім, адкрыта і ў падпольлі, адвага і ахвяра якіх прычыніліся да перамогі над фашызмам.

Артур Міхальскі і Аляксандар Лукашэнка. Уручэньне даверчага ліста. Менск, 2018 год
Артур Міхальскі і Аляксандар Лукашэнка. Уручэньне даверчага ліста. Менск, 2018 год

Пра візавыя праблемы і закрытую мяжу

— Як могуць цяпер выехаць зь Беларусі ў Польшчу грамадзяне Польшчы і ўладальнікі «карты побыту», «карты паляка»? Ці маюць яны праблемы з гэтым?

— Грамадзяне Польшчы ў любы час могуць вярнуцца на радзіму. Зрэшты, як толькі Польшча часова закрыла межы, а было гэта 15 сакавіка, адразу была запушчана акцыя «LOT do domu», каб усе ахвочыя грамадзяне Польшчы маглі вярнуцца дадому. У рамках гэтай акцыі польскія самалёты выканалі 388 рэйсаў і прывезьлі амаль 50 тысяч грамадзян Польшчы, а таксама ў рамках міжнароднай салідарнасьці — грамадзян іншых краін з 71 кірунку. Уладальнікі віду на жыхарства і «карты паляка», таксама могуць прыехаць у Польшчу, але ўсе яны павінны прайсьці двухтыднёвы карантын.

— Калі адкрыюцца польскія візавыя цэнтры ў Беларусі для ўсіх наведнікаў?

— Польскія візавыя цэнтры ў Беларусі адкрыюцца для ўсіх наведнікаў, як толькі дазволіць эпідэміялягічная сытуацыя ў сьвеце і калі будуць адменены абмежаваньні прыезду ў Польшчу для замежных грамадзян. Што датычыцца асобаў, якія, нягледзячы на абмежаваньні, захоўваючы абавязак карантыну, маюць права прыехаць, мы стараемся па магчымасьці забясьпечыць ім магчымасьць атрымаць візы, у тым ліку празь візавыя цэнтры.

— Што рабіць, калі беларус застаўся ў Польшчы і скончылася віза ці пашпарт?

— Візы альбо від на жыхарства іншаземцаў, у тым ліку грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы, тэрмін дзеяньня якіх скончыўся, быў, згодна з заканадаўствам, працягнуты на 30 дзён з дня, калі ў Польшчы закончыцца становішча пандэміі. Гэта значыць, што беларусы, у якіх скончыліся візы альбо від на жыхарства пасьля 14 сакавіка 2020 году, калі было ўведзена становішча эпідэміялягічнай пагрозы, могуць легальна знаходзіцца ў краіне на працягу месяца пасьля заканчэньня гэтага становішча. Аднак неабходна памятаць, што гэта ня тычыцца асобаў, якія прыехалі ў Польшчу пасьля 14 сакавіка.

Калі скончыўся тэрмін дзеяньня беларускага пашпарта, неабходна зьвярнуцца ў пасольства Беларусі ў Польшчы. Калі будзе выдадзены новы пашпарт, віза ў старым працягне даваць права легальнага знаходжаньня ў Польшчы.

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей і Артур Міхальскі. Менск, 2018 год
Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей і Артур Міхальскі. Менск, 2018 год

Пра беларускіх студэнтаў і працаўнікоў у Польшчы

— Што б вы параілі рабіць беларусам-студэнтам, якія вучацца ў Польшчы і ня могуць цяпер туды прыехаць.

— У Польшчы для ўсіх студэнтаў (у тым ліку палякаў) ажыцьцяўляецца дыстанцыйнае навучаньне (праз інтэрнэт). Просім быць цярплівымі і вучыцца дыстанцыйна.

— Ці зацікаўленая цяпер Польшча ў работніках-беларусах для польскіх фірмаў, сельскай гаспадаркі?

— Польскія прадпрымальнікі заўсёды зацікаўленыя ў работніках зь Беларусі, якія ў папярэднія гады паказалі сябе як людзі, якія прафэсійна і сумленна выконваюць свае абавязкі. Працаўнікі па-ранейшаму могуць прыехаць у Польшчу, аднак мусяць адбыць належны двухтыднёвы карантын.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG