Шэсьць грузавікоў гуманітарнай дапамогі беларускім мэдыкам прыехалі з Польшчы 24 красавіка. Гэта падарунак ад польскага ўраду беларускаму.
Частка грузу засталася ў Горадні, рэшта паедзе ў Менск і Воранава.
Як расказаў Свабодзе генэральны консул Польшчы ў Горадні Яраслаў Ксёнжэк, Беларусь папрасіла аб дапамозе розныя краіны. Польшча адгукнулася адной зь першых.
Гуманітарную дапамогу забясьпечыла Міністэрства замежных справаў Польшчы, польскі фонд міжнароднай дапамогі «Салідарнасьць» і пажарная служба Польшчы.
«Мы суседзі. Мы вельмі хочам быць добрымі суседзямі. Калі добра, тады добра. Але калі прыходзяць цяжкасьці, тады менавіта правяраецца добрае суседзтва. Я маю надзею, што прыклад дапамогі Польшчы — гэта пацьверджаньне добрага суседзтва», — сказаў Яраслаў Ксёнжэк.
Капітан дзяржаўнай пажарнай службы Польшчы Якуб Січэк паведаміў, што ў Беларусь прывезьлі агулам каля 80 тысяч літраў дэзынфэкцыйных сродкаў, 100 тысяч масак і 1000 адзінак лекаў, зь іх 7,5 тысячы літраў дэзынфэкцыйных сродкаў і 25 тысяч масак разьмяркуюць паміж Горадняй і Воранавам. Рэшта паедзе ў Менск, а адтуль у іншыя гарады.
Ён ацаніў супрацу беларускага і польскага боку як вельмі добрую. Адзначыў, што яны ня мелі перашкодаў зь пераходам мяжы.
Галоўны доктар Горадзенскага клінічнага інфэкцыйнага шпіталя Сяргей Ціхановіч расказаў, што дэзынфэкцыйнымі сродкамі будуць апрацоўваць боксы і памяшканьні, дзе ляжаць хворыя на COVID-19, а таксама для абароны мэдыкаў ад заражэньня каранавіруснай інфэкцыяй.
«Пандэмія каранавірусу закрыла межы, але яна аб'ядноўвае людзей», — адзначыў галоўны доктар.
Ціхановіч выказаў падзяку польскаму боку і зазначыў, што іхная дапамога вельмі своечасовая. Па словах кіраўніка шпіталя, мэдыкі забясьпечаныя сродкамі засьцярогі, але «варта быць гатовымі да любога разьвіцьця сытуацыі».
Ён адзначыў, што сытуацыя ў Горадзенскай вобласьці сёньня стабільная. Колькасьць хворых павялічваецца, але ня тымі тэмпамі, якіх чакалі. Горадзенская вобласьць знаходзіцца ў Беларусі на апошнім месцы ў колькасьці хворых з каранавірусам — у Горадні 190 хворых, у інфэкцыйным шпіталі Горадні ляжаць 102 пацыенты з каранавірусам. Па словах галоўнага Ціхановіча, шпіталь яшчэ не запоўнены цалкам.
У афіцыйнай перадачы гуманітарнай дапамогі ў Варшаве ўзяў удзел амбасадар Беларусі ў Польшчы Ўладзімер Чушаў, камэндант Дзяржаўнай супрацьпажарнай службы Анджэй Барткавяк, намесьнікі міністра дзяржаўных актываў і міністра замежных спраў Мацей Малецкі і Марцін Пшыдач.
У якасьці донараў выступілі дзяржаўныя прадпрыемствы і Міністэрства аховы здароўя Польшчы, а пасярэднікам пры перадачы — Фонд міжнароднай салідарнасьці. Дастаўку забясьпечвае Дзяржаўная супрацьпажарная служба.
Атрымальнікам гуманітарнай дапамогі ўказаны Рэспубліканскі цэнтар арганізацыі мэдычнага рэагаваньня ў Менску. Частка грузу прызначаная для Горадні і вобласьці — рэгіёну, дзе пражывае большасьць прадстаўнікоў польскай дыяспары.
Прыбыцьцё другой часткі грузу ў Менск чакаецца 24 красавіка а 14-й гадзіне на тэрыторыю прадпрыемства «Белмэдтэхніка» на вуліцы Асаналіева, 31. У цырымоніі перадачы дапамогі возьме ўдзел амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.