Польшча яшчэ на 10 дзён — да 13 траўня — падоўжыла забарону ўезду іншаземцаў з прычыны пандэміі каранавірусу COVID-19. Адпаведнае рашэньне падпісаў 29 красавіка міністар унутраных спраў і адміністрацыі Марыюш Каміньскі, паведаміла прэс-служба ведамства.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Уяжджаць могуць муж і жонка і дзеці грамадзян Польшчы, уладальнікі «карты паляка», асобы, якія маюць дыпляматычны статус, іншаземцы зь відам на жыхарства альбо дазволам на працу і некаторыя іншыя катэгорыі.
Паводле зьвестак польскага Міністэрства аховы здароўя на вечар 29 красавіка, у краіне выяўлена 12 640 інфікаваных COVID-19 (225 за апошнія суткі), памерлі 624 чалавекі (+18). Паправіліся 3 025 чалавек. Пратэставаныя 281,7 тысячы чалавек. Для параўнаньня, у Беларусі гэтыя паказчыкі на раніцу серады складалі 13 181, 84, 2 072 і 168 986 адпаведна.
Польшча закрыла мяжу 15 сакавіка — спачатку да 24 сакавіка, пасьля да 13 красавіка і да 3 траўня.
Як паведамляў БелаПАН, урад Расеі, дзе падобны захад быў уведзены 18 сакавіка з тэрмінам дзеяньня да 30 красавіка, прыняў рашэньне не адкрываць мяжы да паляпшэньня эпідэміялягічнай сытуацыі.
У сакавіку межы закрылі ўсе краіны — суседкі Беларусі: Украіна і Літва — да 11 траўня, Латвія — да 12 траўня. Беларусь сваёй мяжы не закрывала, аднак усе, хто ўяжджае, павінны два тыдні знаходзіцца на самаізаляцыі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.