Прэм’ер-міністар Японіі Сіндзо Абэ ў панядзелак падоўжыў дзеяньне надзвычайнага становішча па ўсёй краіне да 31 траўня, заявіўшы, што новая каранавірусная інфэкцыя яшчэ ня пойдзе на спад настолькі, каб абгрунтаваць спыненьне захадаў супраць пандэміі.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Спаслаўшыся на рызыку, якую гэтыя абмежаваньні ўяўляюць для трэцяй паводле велічыні эканомікі ў сьвеце, Абэ паабяцаў спыніць абмежаваньні раней, калі экспэрты параяць яму гэта на паседжаньні каранавіруснага штабу, які зьбярэцца 14 траўня.
Ён таксама сказаў, што локдаўн можа быць аблегчаны ў месцах зь невялікай колькасьцю інфэкцый і што бібліятэкі і музэі па ўсёй краіне могуць зноў адкрыцца для абмежаванай колькасьці наведнікаў.
«Травень будзе месяцам, калі нам трэба будзе скончыць гэтую пандэмію. Гэта таксама будзе месяц, калі мы будзем рыхтавацца да наступнага этапу», — заявіў Абэ на прэс-канфэрэнцыі.
У Японіі не назіраецца велізарнай успышкі пандэміі, там зафіксавана 15 965 выпадкаў, у тым ліку 712 з круізнага лайнэра, які раней стаяў на карантыне ў Ёкагаме, і 568 сьмерцяў, паведамляе грамадзкая тэлекампанія NHK.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ