Вялікая Брытанія займае другое месца ў Эўропе ў агульнай колькасьці памерлых ад COVID-19 — больш за 26 тысяч, паводле зьвестак, апублікаваных сёньня.
Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters.
Гэта азначае, што Вялікая Брытанія страціла больш жыцьцяў ад COVID-19, чым Францыя ці Гішпанія, але менш, чым Італія, у якой самая вялікая колькасьць памерлых у Эўропе і другое месца ў сьвеце ў сьмяротнасьці ад пандэміі пасьля ЗША.
Як адзначае BBC, упершыню брытанскія ўлады ўключылі ў лік памерлых ад COVID-19 тых, хто памёр ў Англіі ад 2 сакавіка па-за шпіталямі — у сябе дома або ў дамах для старых. Шатляндыя, Уэльс і Паўночная Ірляндыя зьбіралі такую статыстыку і раней. Цяпер гэтыя памерлыя будуць уключацца ў статыстыку штодня і ў Англіі. З улікам новай статыстыкі дзённы прырост сьмерцяў ад выкліканай каранавірусам хваробы сёньня склаў рэкордныя 4419 чалавек. Колькасьць памерлых за апошнія суткі ў шпіталях склала 765 чалавек.
«Мы ніколі не павінны выпускаць з-пад увагі той факт, што за кожнай статыстыкай стаіць шмат чалавечых жыцьцяў, якія трагічна былі страчаныя» — заявіў міністар замежных спраў Брытаніі Дамінік Рааб.
Такая вялікая колькасьць памерлых у Вялікай Брытаніі ўзмацняе ціск на прэм’ер-міністра Борыса Джонсана. Апазыцыя абвінавачвае яго ўрад у занадта павольным увядзеньні локдаўну для абмежаваньня заражэньня новым каранавірусам і занадта марудным правядзеньні масавых тэстаў.
Джонсан вярнуўся на працу ў панядзелак пасьля ачуньваньня ад COVID-19. Прэмʼер цяжка хварэў на каранавірус і кароткі час нават знаходзіўся ў рэанімацыі.
Лідэр апазыцыйнай лейбарысцкай партыі Кейр Стармэр раскрытыкаваў рэакцыю Джонсана на найгоршы ў сьвеце крызіс у галіне здароўя пасьля грыпу 1918 году.
Стармэр сказаў, што ягоныя разьлікі паказалі: ў Вялікай Брытаніі ад COVID-19 памерла 27 241 чалавек. У сярэдзіне сакавіка галоўны навуковы дарадца ўраду заявіў, што «добрым вынікам» будзе, калі колькасьць памерлых не перавысіць 20 тысячаў.
Вялікая Брытанія і Італія
Джонсан першапачаткова супраціўляўся ўвядзеньню карантыну, але зьмяніў курс, калі прагнозы паказалі, што чвэрць мільёна чалавек можа памерці.
Італія заявіла, што ў сераду колькасьць памерлых ад каранавірусу павялічылася да 27 682 чалавек.
Гішпанія зафіксавала 24275 памерлых пры апошнім падліку, што менш за колькасьць брытанскіх сьмерцяў.
Дадзеныя аб колькасьці сьмерцяў ад усіх прычынаў, якія перавышаюць сярэдні паказчык для гэтай пары году, дазваляюць выказаць здагадку, што ў Брытаніі вынік атрымаўся горшы, чым у іншых краінах.
Афіцыйныя дадзеныя, апублікаваныя на гэтым тыдні, паказваюць сапраўдную цану пандэміі ў Брытаніі: у Англіі і Ўэльсе за тыдзень да 17 красавіка агулам памерла 22 351 чалавек, самая вялікая колькасьць з тых часоў, калі супастаўныя падлікі пачалі рабіцца ў 1993 годзе.
Гэта было на 11854 больш, чым у ранейшыя гады ў сярэднім за тыдзень. Аднак толькі ў 8758 выпадках COVID-19 пазначаўся ў пасьведчаньнях аб сьмерці. Гэта дазваляе меркаваць, што нават цяперашнія, больш поўныя дадзеныя, могуць недаацэньваць сапраўдную колькасьць ахвяраў пандэміі.