24 красавіка 2020 году Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ «Пра падтрымку эканомікі». У ім ёсьць новыя правілы наконт афармленьня бальнічных.
Так, бацькам дзяцей да 10 гадоў, якія наведваюць установу дашкольнай ці агульнай сярэдняй адукацыі аплоцяць бальнічны, калі гэтае дзіця стала кантактам першага ці другога ўзроўню і мае рэсьпіраторныя сымптомы.
Гэта рэгулюецца пунктам 15 згаданага ўказу № 143. Грашовая выплата вызначаецца парадкам прызначэньня дапамогі па часовай непрацаздольнасьці ў выпадку догляду за хворым дзіцём ва ўзросьце да 14 гадоў. А ў выпадку дзіцяці-інваліда — да 18 гадоў.
Заставацца на такім бальнічным можна да 14 каляндарных дзён. Памер выплаты складае 100 працэнтаў сярэднедзённага заробку, пачынаючы зь першага дня.
Такія тлумачэньні дае Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Раней такім бацькам таксама давалі бальнічныя, аднак яны не аплочваліся.
Указ № 143 пачаў дзейнічаць з 25 красавіка 2020 году. Колькі будзе дзейнічаць Пункт 15, вызначыць адмысловае рашэньне кіраўніка краіны.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ