Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канцэрт Вольскага і казкі ад швэдзкай амбасадаркі. Культурнае жыцьцё онлайн на 27 красавіка — 3 траўня


Амбасадарка Швэцыі ў Беларусі Крыстына Юганэсан
Амбасадарка Швэцыі ў Беларусі Крыстына Юганэсан

«Літаратары на карантыне»

У праекце Радыё Свабода на працягу бліжэйшых месяцаў можна паслухаць і паглядзець чытаньні ад вядомых беларускіх аўтараў — паэтаў, празаікаў, эсэістаў і перакладчыкаў. На гэтым тыдні для вас чытаюць:

28 красавіка, 19:00 — Уладзімер Арлоў чытае тэксты з новага выданьня кнігі «Імёны Свабоды». У другой частцы — удзельнікі паўстаньня 1863-1864 гадоў пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

29 красавіка, 19:00 — Лёсы людзей нашага часу ад Уладзімера Арлова.

2 траўня, 19:00 — свае новыя вершы чытае Наста Кудасава.

Усе чытанні праходзяць на нашым YouTube канале Свабода Premium.

Літаратурныя сустрэчы ў «Санаторыі пад клепсыдрай»

Цыкль «Санаторый пад клепсыдрай» ад Польскага Інстытуту працягваецца. Падчас другой сустрэчы Андрэй Хадановіч раскажа пра паэтку, перакладчыцу і эсэістку, ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі Віславу Шымборску (1923-2012).

«Што вылучае яе з шэрагу іншых найлепшых польскіх аўтараў ХХ стагодзьдзя? Урэшце, як творы Шымборскай ішлі да беларускага чытача: ад перакладаў Максіма Танка і Ніны Мацяш — да сучаснага амаль поўнага збору вершаў?» — на гэтыя пытаньні зьбіраецца адказаць падчас эфіру Андрэй Хадановіч.

Імпрэза пройдзе 28 красавіка, а 17-й гадзіне ў прамым эфіры тут.

Часопіс «КУПАЛАЎСКІ» даступны онлайн

«Тут і займальны экскурс у мінулае, і цікавыя гісторыі пра Аляксандраўскі сквэр, эксклюзыўныя інтэрвію, а таксама любімая многімі рубрыка "Карацелька" з гісторыямі ад Генадзя Аўсяньнікава» — гаворыцца ў апісаньні.

Часопіс можна замовіць у электроннай вэрсіі і друкаванай (тады выданьне вам даставяць дадому). Усе падрабязнасьці тут.

Таксама працягваюцца чытаньні ад купалаўцаў.
Беларускія і замежныя творы ад актораў тэатра гучаць штовечар у 20.00 у Instagram Купалаўскага, а таксама на YouTube-канале тэатру.

Казка для дзетак ад амбасадаркі Швэцыі і актораў Свабоднага тэатру

Крыстына Юганэсан чытае па-беларуску казку Юі Вісляндэр і Свэна Нурдквіста «Мама Му чытае» для дзетак, што знаходзяцца ў самаізаляцыі.

Нагадаем, што кожны дзень «Казкі на ноч» можна слухаць і ад актораў Беларускага Свабоднага тэатру.

А таксама не прапусьціце чарговыя спэктаклі:
2 траўня, 19:00 — «Кароль Лір» (2012, рэжысэр — Уладзімір Шчэрбань)
3 траўня, 19:00 — «Red forest» (2014, рэжысэр — Мікалай Халезін)

Усе паказы адбываюцца тут і ў сацыяльных сетках.

Опэра «Галька» Станіслава Манюшкі

Вялікі Тэатар Нацыянальнай Опэры ў Варшаве адкрыў доступ да сваіх спэктакляў.

«Галоўная гераіня опэры Манюшкі з віленскай прэм’еры 1848 года шмат разоў вярталася на польскую сцэну. З чым будзе сутыкацца гераіня ў новай сацыяльнай герархіі, у сьвеце, напоўненым спрэчкамі пра будучыню мультыкультурнай Эўропы?» — такімі пытаньнямі задаюцца стваральнікі гэтай пастаноўкі.

Запіс даступны на плятформе «VOD»

Спэктаклі ад Палескага драмтэатру

У сувязі з пандэміяй тэатар часова зачынены для гледачоў, але працягвае працу ў рэпэтыцыйным рэжыме.

«Калі раніцай ідзе казка, а ўвечары паказы, то для рэпэтыцый застаецца літаральна пару гадзін. А цяпер мы ўвесь дзень можам прысьвяціць новым пастаноўкам. Яшчэ ў гэтым сэзоне, спадзяюся, мы выпусьцім і для дзяцей новы спэктакль-казку, і для дарослых», — тлумачыць дырэктар, мастацкі кіраўнік тэатра Аляксандр Лукашэнка.

Па словах дырэктара, у тэатры вырашылі раней скончыць сэзон: трупа пойдзе ў адпачынак, а з чэрвеня распачне працу ў штатным рэжыме.

«Свае спэктаклі "Укантакце" мы выкладаем практычна з 2013 года. А цяпер на гэтай хвалі, калі многія тэатры перайшлі на такі рэжым працы, можа быць для кагосьці гэта ў навінку. У апошні час зьявіліся нашы старыя спэктаклі, якія ў бягучым рэпэртуары вы ўжо ня знойдзеце. Прынамсі можна аднавіць у памяці, а можа хтосьці і наогул ня бачыў.»

Дзяліцца спэктаклямі, што цяпер ёсьць у рэпэртуары, ня бачаць неабходнасьці, тлумачыць дырэктар. А вось паглядзець архіўныя запісы можна тут.

Ужо даступныя:
Драма «Раскіданае гняздо» паводле Янкі Купалы
Спэктакль «Я так хачу дадому» паводле Людмілы Разумоўскай
Спэктакль «NACH HAUSE» паводле п’есы расейскага драматурга Алены Паповой.

Размовы пра кіно з кінафэстывалем «Паўночнае зьзяньне»

Кінафэстываль працягвае онлайн-імпрэзы ў межах кампаніі #zzyalive.

28 красавіка, 15:00 — Сьвятлана Гатальская, сузаснавальніца ініцыятыўнай групы, якая працуе над прыняцьцем у краіне комплекснага закону пра супрацьдзеяньне хатняму гвалту «Маршыруй, дзетка!»: «Новая зьява ў Беларусі — сытуацыйны актывізм»
29 красавіка,11:00 — Ранішняя кава з амбасадарамі Швэцыі і Нарвэгіі: «IN PROGRESS»
30 красавіка, 21:00 — онлайн-вечарына закрыцьця #zzyalive " Special Northern Lights anti-covid mixtape«: Сэт з нардычным вайбам адыграе Aslamin.

Усе гэта праходзіць тут

30 красавіка — онлайн-канцэрт Лявона Вольскага ў межах сусьветнага туру

Трансьляцыя пачнецца ў 20:00. Частка сабраных сродкаў пойдзе на дапамогу мэдыкам.

У гэты ж дзень выступіць беларускі пост-панк-гурт «Петля пристрастия»
Паказ адбудзецца а 20 гадзіне тут.

Знайсьці «Прыродны голас» з Сержуком Доўгушавым

Лідар гурту Vuraj, заснавальнік «Сьпеўнага сходу», кіраўнік арганізацыі «Традыцыя» прапаноўвае прайсьці онлайн-курс «Прыродны голас».
«Ён накіраваны на то, каб людзі разьнявольваліся, знайшлі свой прыродны голас, гучалі, сьпявалі і гэтага не баяліся», — тлумачыць Сяржук

Праграма аўтарскага курса складаецца з розных па складанасьці 12 модуляў.

«Ёсьць людзі, якія ніколі ў жыцьці не сьпявалі, але марылі б аб гэтым. Ёсьць тыя, што ўжо сьпяваюць не адзін год, ёсьць мае вучні, якія працягваюць займацца. Тут самае галоўнае толькі жаданьне», — пераконвае Сяржук.

Зарэгістравацца можна па спасылцы.

Экалекторый «Голас неабыякавых — 2020»

29 красавіка, а 19 гадзіне адбудзецца лекцыя «Як COVID-19 паўплываў на экалёгію плянэты»

«Што цяпер адбываецца з плянэтай? Ці стала "перадышка", якую чалавецтва вымушана даць навакольнаму асяродзьдзю, сапраўды відавочным прыкладам таго, як можна жыць у гармоніі з прыродай? Як хутка ўсё адкаціцца назад, калі сусьветная эканоміка зноў набярэ абароты? Мы хочам пачуць адказы на гэтыя пытаньні.» — гаворыцца ў апісаньні падзеі.

Разабрацца дапаможа Анастасія Бекіш — экспэрт у кліматычнай палітыцы і перамоў ААН па клімаце.

Зарэгістравацца можна па спасылцы, а лекцыя пройдзе тут.

Фільм «Чыстае мастацтва» з мастаком Захарам Кудзіным

Дакумэнтальны фільм беларускага рэжысэра Максіма Шведа, які стаў прызёрам міжнародных фэстываляў, зрабілі даступным да 3 траўня ў межах фэстывалю Docudays.

«Камунальныя мастакі Зіна і Іна акуратна зафарбоўваюць графіці і слоганы на сьценах Менска, пакідаючы пасьля сябе каляровыя простакутнікі. Мастак Захар Кудзін уразіўся яркімі фігурамі і вырашыў капіяваць іх на велізарных палотнах», — говорыцца ў апісаньні фільма.

Украінскую прэм’еру можна паглядзець тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG