Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саакашвілі пагадзіўся стаць віцэ-прэм’ерам Украіны


Міхэіл Саакашвілі, Кіеў, 24 красавіка 2020 году
Міхэіл Саакашвілі, Кіеў, 24 красавіка 2020 году

Экс-прэзыдэнт Грузіі і былы кіраўнік Адэскай вобласьці Міхэіл Саакашвілі адказаў згодай на прапанову прэзыдэнта Ўкраіны стаць віцэ-прэм’ерам у пытаньнях рэформаў. Пра гэта сам палітык заявіў перад сустрэчай з партыяй «Слуга народу».

Паводле Саакашвілі, сярод іншага ён будзе адказваць за сувязі зь Міжнародным валютным фондам. Былы прэзыдэнт Грузіі адзначыў, што мае намер узмацніць працу з урадам на фоне сур’ёзнага эканамічнага крызісу ў краіне. «Нам трэба знаходзіць вельмі неардынарныя крокі для таго, каб ня толькі выратаваць украінскую эканоміку, але і максымальна аслабіць удар па кожнай украінскай сям’і», — сказаў Саакашвілі журналістам. Ён паабяцаў прэзэнтаваць у Радзе праграму неадкладных зьменаў.

Кандыдатуру Саакашвілі павінен зацьвердзіць парлямэнт. Галасаваньне можа адбыцца да канца месяца. Прадстаўнікі партыі «Слуга народу» заявілі прэсе, што фракцыя пакуль ня мае аднагалоснага рашэньня ў пытаньні прызначэньня палітыка на пасаду віцэ-прэм’ера.

Таксама сёньня СМІ са спасылкай на крыніцы ў дыпляматычных колах паведамілі, што Грузія адклікала з Украіны свайго амбасадара Тэймураза Шарашанідзэ. Сам дыплямат назваў магчымае прызначэньне Саакашвілі непрыязным крокам.

  • Саакашвілі быў прэзыдэнтам Грузіі ад 2008 да 2013 году. Пасьля зьмены ўлады супраць экс-кіраўніка дзяржавы распачалі некалькі крымінальных справаў, у тым ліку — за злоўжываньне службовым становішчам. У некаторых справах Саакашвілі прызналі вінаватым і асудзілі на некалькі гадоў турмы.
  • У траўні 2015 году тагачасны прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка прызначыў Саакашвілі старшынём Адэскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі і выдаў яму ўкраінскае грамадзянства. У 2017 годзе ён адмяніў абодва свае рашэньні.
  • У верасьні таго самага году Саакашвілі з дапамогай сваіх прыхільнікаў прарваўся на тэрыторыю Ўкраіны і запатрабаваў адстаўкі Парашэнкі. Яму забаранілі ўезд у краіну, ён называў рашэньне аб адклiканьнi грамадзянства і забароне на ўезд незаконнымі. 28 траўня 2019 году Ўладзімір Зяленскі вярнуў яму грамадзянства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG