Намесьнік генэральнага дырэктара сьцьвярджае, што гэта не зьвязана з карантынам.
У рэдакцыю Свабоды трапіла копія загаду, падпісанага генэральным дырэктарам Менскага заводу колавых цягачоў Аляксеем Рымашэўскім, згодна зь якім прадпрыемства накіроўвае частку супрацоўнікаў у адпачынак з 4 па 8 траўня.
У дакумэнце гаворыцца, што гэта выклікана «прастоем шэрагу прадпрыемстваў-пастаўшчыкоў у Расейскай Фэдэрацыі», а таксама «мэтамі забесьпячэньня абароны здароўя, папярэджаньня распаўсюду інфэкцыі каранавірусу COVID-19 сярод супрацоўнікаў ААТ „МЗКТ“».
Таксама ў загадзе гаворыцца пра неабходнасьць захаваць аплату для супрацоўнікаў, якія будуць вызваленыя ад працы, у памеры 2/3 ад стандартнага акладу.
На прадпрыемстве гэтую інфармацыю Свабодзе пацьвердзілі часткова.
«Будзем працаваць у абмежаваным складзе, — сказаў Свабодзе намесьнік генэральнага дырэктара МЗКТ па ідэалягічнай працы Павал Огер. — Частка супрацоўнікаў будзе на выходных, частка будзе працаваць. Гэта зьвязана не з эпідэміялягічнай сытуацыяй, я ня буду вам даваць камэнтароў».
Раней 23 красавіка стала вядома, што на вымушаныя вакацыі да 12 траўня пайшоў аўтамабільны завод «БелДжы» пад Барысавам. МТЗ ня будзе працаваць з 4 па 10 траўня.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ