Саюз эўрэпейскіх футбольных асацыяцыяў (UEFA) пастанавіў, што ўсе нацыянальныя пяршынствы гэтага сэзону мусяць быць закончаныя да 3 жніўня 2020 году. Нарада кіраўніцтва саюзу адбылася шляхам відэаканфэрэнцыі.
Нацыянальным фэдэрацыям запрапанаваны выбар варыянтаў завяршэньня сэзону: у поўным аб’ёме, зь меншай колькасьцю матчаў, турніры плэй-оф.
Калі сэзон ня будзе дайграны, месцы камандаў будуць вызначаныя паводле стану на момант спыненьня чэмпіянату.
Кожная нацыянальная фэдэрацыя мусіць падаць свае пляны правядзеньня рэшты чэмпіянату да 27 траўня.
Беларусь на гэты момант застаецца адзінай краінай-удзельніцай UEFA, дзе распачаты футбольны чэмпіянат ня быў спынены ў сувязі з пандэміяй COVID-19.
Апрача таго, як паведамлялася раней, выканкам UEFA вырашыў перанесьці жаночы чэмпіянат Эўропы ў футболе, які меўся адбыцца ад 7 ліпеня да 1 жніўня 2021 году. Турнір пройдзе ад 6 да 31 ліпеня 2022 году ў Ангельшчыне.