Зь цягам часу роля Менску ва ўрэгуляваньні расейска-ўкраінскага канфлікту адыходзіць на другі плян, а вось энэргетычнае супрацоўніцтва становіцца ў двухбаковых дачыненьнях галоўным.
Сьцісла:
- З аднаго боку, афіцыйны Менск атрымаў вялікія замежнапалітычныя дывідэнды ад сваёй ролі ва ўрэгуляваньні крызісу вакол Украіны. З другога боку, ва ўнутранай палітыцы Беларусі падзеі ва Ўкраіне выкарыстоўваліся для запалохваньня беларусаў.
- Да моманту прыходу Ўладзіміра Зяленскага да ўлады ў кіраўнікоў Беларусі і Ўкраіны склаўся ня самы лепшы бэкграўнд адносна адзін аднаго.
- Пасьля выбраньня Зяленскага Лукашэнка ўзяў у адносінах да свайго маладога калегі апякунскі, паблажлівы тон.
- Увосень 2019 году Лукашэнка некалькі разоў заклікаў падтрымаць прэзыдэнта Ўкраіны ў яго высілках дзеля ўрэгуляваньня канфлікту на Данбасе.
Парадаксальная роля ўкраінскага чыньніка
У апошнія гады, пасьля Крыму, украінскі фактар у палітыцы афіцыйнага Менску адыгрываў вельмі дзіўную, супярэчлівую, нават парадаксальную ролю.
З аднаго боку, кіраўніцтва Беларусі атрымала вялікія зьнешнепалітычныя дывідэнды ад таго, што краіна апынулася ў цэнтры міратворчых высілкаў усясьветнай супольнасьці па ўрэгуляваньні крызісу вакол Украіны. Дзякуючы Менскаму працэсу, беларускія ўлады распрацавалі новы канцэпт сваёй зьнешняй палітыкі, у якім Беларусь выступае ў ролі міратворца, «донара бясьпекі». Гэта дазволіла беларускаму кіраўніцтву пачаць пасьпяховы працэс нармалізацыі адносінаў з Захадам.
Зь іншага боку, ва ўнутранай палітыцы Беларусі падзеі ва Ўкраіне трактаваліся выключна ў нэгатыўным ключы, выкарыстоўваліся для запалохваньня беларусаў. Беларускія дзяржаўныя СМІ апісвалі сытуацыю ва Ўкраіне ў вельмі абразьлівым тоне. Маўляў, вось у выніку Майдана квітнеючую краіну апанавалі хаос і вайна.
Дрэнны бэкграўнд
Да моманту прыходу Ўладзіміра Зяленскага да ўлады ў кіраўнікоў Беларусі і Ўкраіны склаўся ня самы лепшы бэкграўнд адносна адзін аднаго.
Зяленскі ў сваёй ранейшай прафэсіі ня раз зьедліва жартаваў з Лукашэнкі. Вось, напрыклад: «Аляксандар Лукашэнка балятуецца на пасаду прэзыдэнта Беларусі. Праўда, сэнсацыя? Няправільна ставіцца да выбараў кіраўніка Беларусі як да прадказальнай падзеі: незразумела, хто зойме другое і трэцяе месцы».
Або, напрыклад, артыст Зяленскі сьмяяўся з імкненьня Лукашэнкі любым коштам прывязацца да «нармандзкага працэсу»: «Вазьміце мяне ў групу — будзе Нармандзкая пяцёрка. Добра, давайце тады нармандзкая чацьвёрка з палавінкай. А на нітачцы? А на сопельцы?»
Лукашэнка не застаўся ў даўгу і вельмі скептычна ацэньваў удзел Зяленскага ва ўкраінскай прэзыдэнцкай кампаніі. Падчас прэсавай канфэрэнцыі 1 сакавіка 2019 году ён заявіў: «Новым прэзыдэнтам будзе Парашэнка. Абсалютна».
8 красавіка таго ж году ў інтэрвію турэцкаму інфармацыйнаму агенцтву Anadolu Лукашэнка пацьвердзіў свой прагноз. Гэта адбылося ўжо пасьля першага туру, які паказаў, што грамадзкія сымпатыі ва Ўкраіне выразна схіляюцца на бок Уладзіміра Зяленскага. Тым ня менш кіраўнік Беларусі ўпарта працягваў прагназаваць перамогу Пятра Парашэнкі:
«Ніхто там нічога ня выйграў, пасьля першага туру лідзіруе Зяленскі, Парашэнка ад яго адстае. Як скончыцца другі тур, ніхто не наважыццца прадказаць. Я ўсё ж такі схільны думаць, што гэтыя прэзыдэнцкія выбары выйграе Парашэнка».
Лёгіка Лукашэнкі зразумелая. Каб дзейны прэзыдэнт прайграў прэзыдэнцкія выбары — гэта абсалютна ня ўпісваецца ў ягоныя палітычныя ўяўленьні. У гэтым палягае прырода памылковасьці ягонага прагнозу вынікаў украінскіх выбараў.
Паблажлівы тон
Зважаючы на фэномэн Зяленскага, Лукашэнка ў сваім фірмовым стылі параўнаў яго з сабою: «Гэта падобна да нашай перадвыбарчай кампаніі ў сярэдзіне 90-х»; «Я таксама быў калісьці яшчэ маладзейшы і больш недасьведчаны, таму ці мне ацэньваць Зяленскага?».
БТ, каб неяк зьмікшаваць эфэкт дэмакратычнага працэсу ва Ўкраіне, нэўтралізаваць непатрэбныя паралелі з выбарамі ў Беларусі, назвала абраньне Зяленскага «спэктаклем», «шоў». Маўляў, чым больш такіх спэктакляў, тым горш жывуць украінцы.
Пасьля абраньня Зяленскага Лукашэнка ўзяў у адносінах да свайго маладога калегі такі апякунскі, паблажлівы тон: «Валодзя Зяленскі — чалавек новы. Так, малады, ды — недасьведчаны. Я таксама быў калісьці малады і неспрактыкаваны... Мы пабудуем добрыя адносіны»; «Валодзя Зяленскі — шоўмэн, артыст. Тут няма нічога сьмешнага — кожны прэзыдэнт у нечым артыст».
Восеньню 2019 году Лукашэнка некалькі разоў заклікаў падтрымаць прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, які, прыняўшы «формулу Штайнмаера» па ўрэгуляваньні на Данбасе, апынуўся пад агнём крытыкі і шырокіх пратэстаў. Напрыклад, на саміце СНД у Ашгабаце кіраўнік Беларусі казаў: «Гаворачы пра новую ўладу ва Ўкраіне, хацеў бы і вас заклікаць падтрымаць гэтую ўладу. Вы бачыце тэндэнцыю ўжо згарнуць гэтую ўладу, скруціць, зрынуць, але мы павінны разумець, хто пасьля гэтага прыйдзе да ўлады ва Ўкраіне». І дадаў, што ў выпадку зьмены цяперашняга кіраўніцтва ва Ўкраіне «можа ўзьнікнуць „рассаднік“ ужо нават не нацыяналізму».
У такой пазыцыі Лукашэнкі быў пэўны прагматычны разьлік. Падтрымка Зяленскага ў яго прасоўваньні «формулы Штайнмаера» ўмацоўвала вобраз Беларусі і яе кіраўніка як міратворца, які настойліва дамагаецца міру на Данбасе. Лукашэнка заклікаў яшчэ раз сабрацца ў Менску ў «нармандзкім фармаце», магчыма, з удзелам ЗША, І ўнесьці, калі трэба, зьмены ў Менскія пагадненьні, прынятыя ў 2015 годзе.
Прагматычнае супрацоўніцтва
4 кастрычніка 2019 году два прэзыдэнты нарэшце сустрэліся на II Форуме рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны ў Жытоміры. Зяленскі так вітаў беларускага лідэра: «Але да каго бліжэй беларусы? Да расейцаў ці да ўкраінцаў?.. Адказ — у прозьвішчы паважаных гасьцей зь Беларусі». Гэта быў намёк на ўкраінскае паходжаньне прозьвішча Лукашэнкі.
Пра зацікаўленасьць Менску і Кіева ў захаваньні і, магчыма, разьвіцьці двухбаковых адносін сьведчыла рашэньне ўрэгуляваць «шпіёнскі скандал». Прэзыдэнты пацьвердзілі курс на захаваньне сяброўскіх і добрасуседзкіх адносін і, як выказаўся Аляксандар Лукашэнка, «разбор завалаў, якія ўтварыліся за апошнія гады».
Большая частка тых перамоў была прысьвечана прапрацоўваньню варыянтаў пастаўкі нафты ў Беларусь праз тэрыторыю Ўкраіны. Практычная іх рэалізацыя надышла ўжо сёлета, азэрбайджанская нафта пайшла на Мазырскі НПЗ праз нафтаправод Адэса-Броды. Дарэчы, роля ўкраінскага рынку для беларускіх нафтапрадуктаў падчас нафтавага крызісу толькі ўзрасла.
Увогуле па меры таго, як роля Менску ва ўрэгуляваньні расейска-ўкраінскага канфлікту адыходзіць на другі плян, менавіта энэргетычнае супрацоўніцтва становіцца галоўным у двухбаковых дачыненьнях.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.