Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі сказаў Лукашэнку, чаму беларусы бліжэйшыя да ўкраінцаў, чым да расейцаў

абноўлена

Уладзімір Зяленскі сустракае Аляксандра Лукашэнку ў аэрапорце, 4 кастрычніка
Уладзімір Зяленскі сустракае Аляксандра Лукашэнку ў аэрапорце, 4 кастрычніка

Ва ўкраінскім Жытоміры завяршылася сустрэча тэт-а-тэт кіраўнікоў Беларусі і Ўкраіны, якая цягнулася больш за дзьве гадзіны.

«Мы разумеем адно аднаго, — заявіў пасьля сустрэчы прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. — Я думаю, што нашыя людзі прыязныя, маральна блізкія. Я ганаруся і ўпэўнены, што кожны ўкраінец ганарыцца тым, што ў нас такія добрыя суседзі і адносіны».

Лукашэнка расказаў, што сустрэча прайшла, каб яшчэ раз «зьверыць гадзіньнікі».

«У вас ніколі не было праблемаў з тэрыторыяй Беларусі і зь Беларусьсю, вы ніколі іх ня будзеце мець, — казаў ён. — Мы заўсёды будзем самымі добрымі і надзейнымі з вашых прыхільнікаў, партнэраў, і калі новы ўрад Украіны захоча мець з намі братэрскія блізкія адносіны, то за намі справа ня стане».

Пасьля Зяленскі і Лукашэнка выступілі перад удзельнікамі ІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны.

Зяленскі падзякаваў Лукашэнку за тое, што украінска-беларуская мяжа ва ўмовах расейскай агрэсіі застаецца «мяжой міру і супрацы», і за наданьне пляцоўкі для перамоваў па Данбасе.

Зяленскі расказаў, што ў размове з Лукашэнкам згадаў таксама пытаньні таваразвароту, «абмену тэлеканаламі», турызму і культурнага абмену.
Ён разважаў, да каго бліжэйшыя беларусы: да расейцаў ці ўкраінцаў.

«Адказ у прозьвішчах паважаных гасьцей Беларусі», — сказаў ён, паглядзеўшы на Лукашэнку і віцэ-прэм’ера Беларусі Ляшэнку.

Лукашэнка параўнаў сустрэчу зь Зяленскім і абмеркаваньне двухбаковай супрацы з разборам завалаў — і прапанаваў праводзіць беларуска-ўкраінскія форумы часьцей. Ён таксама згадаў стварэньне супольных беларуска-ўкраінскіх прадпрыемстваў, параўнаў з пытаньнямі дзяржаўнай бясьпекі пастаўкі нафты і нафтапрадуктаў, альтэрнатыўныя шляхі паставак вуглевадароднай сыравіны.

Сябруюць супраць Расеі?

Лукашэнка адзначыў, што ў сьвеце «ніхто ніколі не дазволіць нам вельмі моцна сябраваць, бо, на жаль, сьвет дзейнічае паводле прынцыпу „падзяляй і ўладар“». Ён заявіў, што журналісты, якія гэта пачуюць, падумаюць, што «мы нібыта супраць Расеі і Кітаю нацэленыя».

Зяленскі адказаў: «А вы не саромейцеся гэтага». Пасьля аплядысмэнтаў дадаў: «Гэта жарт, Аляксандар Рыгоравіч».

Лукашэнка ж сказаў яму: «Я вас за язык не цягнуў. Я не саромеюся». Але пасьля казаў, што «мы добрыя людзі, мы нармальныя людзі, мы ня хочам супраць кагосьці сябраваць, мы ня хочам супраць кагосьці ваяваць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG