Стаматоляг Вялейскай цэнтральнай раённай лякарні Кацярына Зімніцкая апынулася ў валожынскім шпіталі з дыягназам COVID-19 пасьля кантакту з заражанай пацыенткай. Яна сьцьвярджае, што, нягледзячы на яўныя сымптомы ў яе, мужа і іхных траіх дзяцей, адміністрацыя вялейскай лякарні адмаўлялася рабіць усім ім тэсты на COVID-19, ёй не давалі бальнічнага і доўгі час не прапаноўвалі шпіталізацыі.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«Не ўсякае ВРВІ — гэта каранавірус», — кажа Ірына Макарава, галоўны доктар Вялейскай цэнтральнай раённай лякарні. Яна тлумачыць, што рашэньне не рабіць тэсту прымалася тэрапэўтамі, бо Зімніцкая працавала ў сродках індывідуальнай аховы. Лісткі непрацаздольнасьці такім дактарам не прадугледжаныя.
«Я буду скардзіцца ў пракуратуру, як толькі выйду са шпіталя. Чаму са мной так абыходзяцца? — абураецца Кацярына Зімніцкая. — Дальнабойнік, які прыяжджае з-за мяжы, прыходзіць у прыёмны пакой, патрабуе ўзяць мазок, і яму тут жа яго робяць. А ў нас ёсьць клінічныя праявы, мае дзеці сталі кантактамі першага ўзроўню, і ім не бяруць мазкоў! Дзе праўда?!»
«Тэмпэратура ў мяне была, мазка мне не зрабілі, ніхто на мяне не зьвярнуў увагу»
Кацярына Зімніцкая 12 гадоў працуе ў стаматолягам-тэрапэўтам і артадонтам. У яе сям’і трое дзяцей — дзевяці, двух з паловай і аднаго году. Паколькі артадонтаў у вялейскай лякарні не было, 2 сьнежня Кацярына выйшла на працу на паўстаўкі.
«26 сакавіка ў мяне была пацыентка. Яна мэдык у 3-й гарадзкой лякарні ў Менску, але жыве ў Вялейцы. 28 сакавіка ёй зрабілі мазок на COVID-19, 29 сакавіка прыйшоў станоўчы вынік. Яе шпіталізавалі ў Менску, — расказвае Кацярына. — Яна знаёмая маёй сьвекрыві, таму патэлефанавала ёй і сказала, што мае станоўчы тэст. Мая сьвякроў пазваніла мне, папярэдзіла».
Кацярына кажа, што адразу пазваніла ў лякарню. Яе накіравалі да загадчыцы паліклінікі Тацьцяны Рамэры — у Вялейцы паліклініка ўваходзіць у структуру цэнтральнай раённай лякарні (ЦРЛ).
«Я пазваніла ёй, яна мне сказала, што яны яшчэ нічога ня ведаюць, а я мушу заставацца дома. Я пытаюся, як я буду заставацца дома? Яна кажа: «Пішыце за свой кошт». Я кажу: «Чаму? У мяне ёсьць тэмпэратура, клінічныя прыкметы хваробы», — працягвае аповед Кацярына. — Я абзваніла ўсё кіраўніцтва, размаўляла з намесьнікам галоўнага доктара, старшынёй лекарска-кансультацыйнай камісіі наконт бальнічнага. Яна мне сказала, што шпіталізаваць яны мяне ня могуць, «бо загад». Хаця тэмпэратура ў мяне ў той дзень была 37,5, і я ім пра гэта казала.
Я размаўляла з галоўным доктарам ЦРЛ Ірынай Макаравай. Яна мне сказала, што гэта ня вельмі высокая тэмпэратура, маўляў, «гэта ж не 38 і вышэй». Таму бальнічны яны мне выдаць ня могуць. І калі Рамэра мне раіла сядзець дома, то Макарава сказала, каб я ішла на працу. Усе спасылаліся на «загад».
Пад «загадам», на які ў размовах зь Зімніцкай спасылаліся чыноўнікі ў Вілейцы, падобна, маецца на ўвазе рэкамэндацыйны ліст Міністэрства аховы здароўя.
Паводле намесьніцы міністра Алены Богдан, міністэрства «лічыць, што мэдработнікі, якія былі кантактамі 1-га ўзроўню, мелі мінімальную рызыку заразіцца, бо былі ў ахоўных касьцюмах. Разам з тым за мэдработнікамі, якія былі кантактамі 1-га ўзроўню, устаноўлены кантроль, — 3 разы вымяраюць тэмпэратуру, праводзяць апытаньне, ці ёсьць клінічныя праявы хваробы. Тэставаньне на каранавірус праводзіцца на 1-ы і 13-ы дзень. Калі будуць выяўленыя сымптомы, неабавязкова рэсьпіраторныя, мэдработнік будзе шпіталізаваны».
Кацярына Зімніцкая сьцьвярджае, што ў выпадку зь ёй кіраўніцтва лякарні і паліклінікі зрабілі насуперак гэтаму распараджэньню:
«Тэмпэратура ў мяне была, мазка мне не зрабілі, ніхто на мяне не зьвярнуў увагу», — кажа яна.
«Прасіла, каб мне далі кварцавую лямпу, мне адмовілі»
«30 сакавіка да мяне прыйшоў дахаты тэрапэўт, — працягвае Кацярына. — Ён ня меў поўнай засьцярогі, толькі пальчаткі і маска. Больш на ім нічога не было, хаця ўсё кіраўніцтва ведала, што я кантакт першага ўзроўню. Ён паслухаў, паглядзеў горла, сказаў: пнэўманіі няма, дыханьне чыстае».
Лістка непрацаздольнасьці Кацярыне так і не далі, але яна пайшла на бальнічны ў сувязі з хваробай малодшай дачкі. Мужа, які працуе ў міліцыі, на працы адправілі ў водпуск. 2 красавіка ў Кацярыны цалкам зьніклі нюх і адчуваньне смаку. Пра гэта яна паведаміла кіраўніцтву.
«Калі мы дома сядзелі зь дзецьмі, я прасіла, каб мне далі кварцавую лямпу, — расказвае Кацярына. — Я разумела, што я хварэю, і перажывала за сваіх дзяцей. Але мне адмовілі, сказалі: «Мы нічым вам ня можам дапамагчы».
4 красавіка тэмпэратура ў Кацярыны паднялася да 38 градусаў. Таксама тэмпэратура і кашаль зьявіліся ў яе мужа. На выклік зноў прыходзіць тэрапэўт без сродкаў засьцярогі, толькі ў масцы і пальчатках, апісвае Кацярына. Мужу выпісваюць бальнічны. Кацярыне — не.
«У суботу ўначы я прачнулася, бо мне было вельмі кепска. Я страціла прытомнасьць. Муж выклікаў „хуткую“. Мэдыкі „хуткай“ таксама прыехалі ў звычайным адзеньні, у іх былі толькі маскі і пальчаткі. Мне ўкалолі „трайчатку“ і паехалі, шпіталізаваць мяне ніхто не прапанаваў», — кажа Кацярына. Два наступныя дні тэмпэратура трымалася больш за 38, агульны стан быў кепскі.
«У панядзелак 6 красавіка я званю Рамэры (загадчыцы паліклінікі. — РС.) і кажу, што мне вельмі кепска, зрабіце нешта. Чую паблажлівае: „ладна, зробім вам мазкі“. Мы прыяжджаем у прыёмны пакой, нас адпраўляюць на здымак. Заключэньне рэнтгеноляга ў мяне: „ня выключана ніжнядолевая правабаковая пнэўманія“. У мужа — „востры бранхіт“. Яны адразу пачалі мітусіцца».
Кацярына кажа, што пакласьці яе ў вялейскую лякарню адмовіліся.
«У Вялейцы стаіць апарат КТ. Паўсюль напісана, што рэнтгеналягічнае дасьледаваньне ў гэтай сытуацыі не зусім інфарматыўнае, што сапраўдную карціну пакажа толькі КТ-дасьледаваньне. Мне кажуць, што КТ мне рабіць ня будуць. Я пытаюся, чаму. Чую адказ: „Таму“».
«Хуткая» па Кацярыну прыехала ўжо ў поўным ахоўным рыштунку. 6 красавіка яе шпіталізавалі ў Валожынскую раённую лякарню.
«Яшчэ тыдзень пасьля гэтага ў мяне нічым не зьбівалася тэмпэратура, парацэтамол не дапамагаў. Мне па 4 кропельніцы на дзень рабілі антыбіётыкаў. 4 разы рабілі здымкі — поўнай папраўкі ў мяне дагэтуль, паводле здымкаў, няма», — кажа доктарка.
Першы тэст на каранавірус Кацярыне зрабілі 6 красавіка яшчэ ў Вілейцы, перад шпіталізацыяй. Вынік прыйшоў толькі 10 красавіка і быў адмоўны.
«16 красавіка ў мяне ў валожынскай лякарні ўзялі другі тэст, — кажа Кацярына. — 17 красавіка ён пацьвердзіў, што ў мяне каранавірус».
Першы раз мы размаўляем з Кацярынай Зімніцкай у нядзелю ранкам 19 красавіка. Доктарка абураецца, што настойліва і неаднаразова казала мэдычнай адміністрацыі Вялейскай ЦРЛ пра сымптомы ў сябе і сваёй сям’і, аднак дагэтуль нічога не было зроблена.
«Калі мне пісалі накіраваньне ў Вялейку, Рамэра сваёй рукой напісала, што COVID-верагодны выпадак. Вы ж ужо меркавалі, але чаму траім маім дзецям не зрабілі тэст дагэтуль?! Я званіла пэдыятру, казала, што нехта зь іх кашляе, у малодшай тэмпэратура, ёй прызначылі антыбіётык азітраміцын. Старэйшая не адчувае ўжо паху і смаку тыдзень. А Вялейка ўчора адмовіла ў правядзеньні тэстаў маім дзецям!! Кажуць: „Пачакаем да панядзелка“! Чаго ж чакаць?!» — пытаецца Кацярына.
Яна кажа, што пазваніла кляснай кіраўніцы старэйшай дачкі і расказала, што шпіталь адмовіў у правядзеньні тэстаў дзецям, таму дачка ў панядзелак прыйдзе ў школу. Кажа, папрасіла, каб гэта перадалі кіраўніцтву і тое са свайго боку запатрабавала правядзеньня тэстаў.
«Я не разумею, чаму да мяне такое стаўленьне. Я з гэтымі дактарамі ніколі не сутыкалася ані ў працы, ані ў жыцьці. Хіба можна ставіць пад пагрозу маё жыцьцё і здароўе? Жыцьцё і здароўе маіх дзяцей? Майго мужа? Магчыма, сама сыстэма — каб не псаваць статыстыкі? — задаецца пытаньнем Кацярына.
Па словах Кацярыны, цяпер яна пачуваецца лепш, але на апошнім здымку ўсё яшчэ ёсьць зацямненьні ў лёгкіх. Кажа, што перад ёй маглі папрасіць прабачэньня яшчэ перад шпіталізацыяй, зрабіць кампутарную тамаграфію, узяць тэсты ў дзяцей. Аднак нічога гэтага не было зроблена, і яе да таго ж адвезьлі ў лякарню, дзе няма апарата КТ.
Цяпер яна настроеная рашуча і зьбіраецца скардзіцца ў пракуратуру.
«Я разумею, што мне ўжо працы ў Вялейцы ня будзе. Калі людзі маглі такое ўчыніць з маім здароўем, то мне цяпер шмат хто гаворыць: „Каця, калі ты будзеш сварыцца, то табе працаваць не дадуць“».
У другой палове дня 19 красавіка ў дзяцей і мужа Кацярыны ўзялі тэсты на каранавірус. Мужу таксама загадалі знаходзіцца ў самаізаляцыі да 20 красавіка.
«Цяпер нікому з мэдработнікаў лісткі непрацаздольнасьці не выдаюцца»
Ірына Макарава, галоўны доктар Вялейскай цэнтральнай раённай лякарні, да якой Радыё Свабода зьвярнулася з просьбай патлумачыць сытуацыю, адказала так:
«Як толькі паступіў такі сыгнал, мы пракансультаваліся з Цэнтрам гігіены. Калі доктарка працавала ў сродках індывідуальнай аховы, а яна пацьвердзіла, што менавіта так працавала — маска, акуляры, чапец, халат, нарукаўнікі, — то гэты мэдработнік ня лічыцца нават кантактам першага ўзроўню, а толькі кантактам другога ўзроўню паводле нашых крытэраў“, — тлумачыць яна. — Яна [Зімніцкая. — РС] паведаміла, але цяпер нікому з мэдработнікаў бальнічныя лісты не выдаюцца. Нават калі мэдработнік зьяўляецца кантактам першага ўзроўню, ён усё адно ходзіць на працу і аказвае мэдычную дапамогу ў сродках індывідуальнай аховы».
Макарава зьвяртае ўвагу, што кантакт з каранавіруснай пацыенткай у Зімніцкай быў 26-га, а сымптомы ў яе самой зьявіліся 28-га сакавіка. У каранавіруснай інфэкцыі інкубацыйны пэрыяд нашмат большы, кажа яна.
«Сымптомы ў яе былі нязначныя, мы яе адправілі на самаізаляцыю, я ёй рэкамэндавала. Але бальнічны ліст ёй ня мусіў давацца, мы яго ёй і не выдавалі», — тлумачыць галоўная доктарка.
На пытаньне, чаму Зімніцкай адмовіліся рабіць тэст на каранавірус, хоць яна сама прасіла пра гэта, Ірына Макарава тлумачыць:
«Тэрапэўты прынялі такое рашэньне, бо яна была ў сродках індывідуальнай аховы і на той момант адносілася да кантактаў другога ўзроўню. Ня ўсім запар мы робім аналізы. Шмат хто хоча. Мы ў кантактаў другога ўзроўню мазкі на той момант ня бралі. Стаматолягі заўжды ў ахове, бо любы пацыент можа быць патэнцыйным носьбітам любой інфэкцыі. Цяпер гэта каранавірус, з такім жа посьпехам гэта можа быць і іншая хвароба. Тым больш што адразу яны не паказальныя, мазкі трэба браць на 7-ы і 13-ы дзень».
Сям’я Зімніцкай — муж і дзеці — да моманту яе станоўчага аналізу на каранавірус не лічылася кантактамі першага ўзроўню, таму тэстаў ім таксама не рабілі. Таму для тэрапэўтаў, якія наведвалі іхную сям’ю, пальчаткі і маска — гэта адпаведныя сродкі засьцярогі, кажа Макарава.
Ірына Макарава як лекар выказала думку, што станоўчы аналіз самой Зімніцкай на каранавірус — гэта вынік знаходжаньня ў інфэкцыйным шпіталі. Але, кажа яна, у яе дзяцей і мужа ўжо ўзялі тэсты і адправілі ў Менск, паводле іх вынікаў можна будзе меркаваць аб агульнай сытуацыі.
«Яна не засталася адна: і тэрапэўт, і пэдыятар да яе дзяцей прыходзілі. Першыя мазкі ў яе былі адмоўныя. Ня кожнае ВРВІ ёсьць каранавірус. Яна назіралася ў дактароў. Калі ўжо стан не праходзіў, мы прынялі рашэньне адправіць яе ў Валожын на стацыянарнае лячэньне», — кажа Ірына Макарава.
Куды разьмяркоўваць пацыентаў з падазрэньнем на каранавірус, па яе словах, вырашае цэнтар мэдычнай дапамогі. У Вялейскай ЦРЛ на гэты момант інфэкцыйнага аддзяленьня няма, і пацыенты з каранавірусам там ня лечацца.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ