Cтаршыня Берасьцейскага гарвыканкаму Аляксандар Рагачук расказаў аб пэрспэктывах запуску побач з абласным цэнтрам акумулятарнага заводу, паведамляе навінны партал Брест СИТИ.
Паводле чыноўніка, на гэты момант дзейнічае распараджэньне кіраўніцтва аблвыканкаму аб прыпыненьні ўсіх работ да ліквідацыі выяўленых парушэньняў. Акрамя таго, рашэньнем суду кампанія «АйПаўэр» мусіць вярнуць у абласны інавацыйны фонд 5,7 млн рублёў, выдзеленых на будаўніцтва прадпрыемства. Цяпер кампанія спрабуе дамагчыся растэрміноўкі выплаты гэтай сумы.
«Аблвыканкам не зьбіраецца мяняць сваёй пазыцыі і выставіў патрабаваньне на сьпісаньне грошай з усіх рахункаў „АйПаўэр“, — адзначыў Рагачук. — Першыя сродкі ўжо паступілі ў бюджэт. Якая можа быць растэрміноўка, калі ўжо распачата выкананьне? Мне здаецца, што пэрспэктывы запуску заводу абсалютна туманныя. Ніхто ня хоча, каб працавала прадпрыемства з парушэньнямі».
Той факт, што нядаўна завод АКБ прайшоў экалягічную экспэртызу і атрымаў дазвол на выкід у паветра забруджвальных рэчываў, яшчэ ні пра што не гаворыць, запэўніў старшыня Берасьцейскага гарвыканкаму.
«Я не хачу нікога супакойваць, але ўлада ў Берасьці ня мае намеру рабіць нешта насуперак інтарэсам грамадзянаў, а ўжо тым больш насуперак заканадаўству і нормам бясьпекі, — заявіў ён. — Калі будзе нармальная вытворчасьць, заяўленая з усімі экалягічнымі патрабаваньнямі, няхай працуе. Аднак, калі ёсьць пытаньні, трэба спачатку знайсьці адказы на іх, а не паскараць працэс».
Больш за два гады берасьцейцы кожную нядзелю ў цэнтры гораду пратэстуюць супраць шкоднай вытворчасьці ў свабоднай эканамічнай зоне «Брэст». За прамінулы час Камітэт дзяржбясьпекі распачаў шэраг крымінальных спраў супраць кіраўнікоў структурных падразьдзяленьняў інвэстара, будаўніцтва замарозілі.
9 красавіка кампанія «АйПаўэр» атрымала станоўчае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы праекту акумулятарнага заводу, а праз тыдзень таксама і дазвол на выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфэру.
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.