Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі тэмпэратура, будзем вяртаць назад». У Пінску на Вялікдзень вырашылі закрыць горад


Ілюстрацыйнае фота. Міліцыянт у масцы
Ілюстрацыйнае фота. Міліцыянт у масцы

На ўездах у горад будуць стаяць патрулі. Прыежджых з падвышанай тэмпэратурай у Пінск ня пусьцяць. А гараджан папрасілі на сьвяты не выяжджаць зь Пінску, «асабліва ў Лунінецкі раён».

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Як на ўезьдзе з-за мяжы, альбо ў аэрапорце»

Кіраўніца аддзелу ідэалягічнай працы Пінскага райвыканкаму расказала Свабодзе, як будзе працаваць абмежаваньне.

«У пэрыяд перадсьвяточны і сьвяточны, напэўна, усе мы з вамі зацікаўленыя, каб эпідэміялягічная нашая сытуацыя нармалізавалася, — кажа Валянціна Кулак. — І мы ўсе разумеем, што толькі праз асабістыя кантакты перадаецца гэты вірус. Таму вось вырашылі папрасіць і гасьцей, і пінчукоў устрымацца ад паездак з гораду і ў горад як мага больш. Калі толькі ўжо нейкія важныя прычыны».

Абвестка пра абмежаваньне перамяшчэньняў у сувязі са складанай эпідэміялягічнай сытуацыяй зьявілася ў чацьвер 16 красавіка на афіцыйным сайце пінскага гарвыканкаму.

«У сувязі з эпідэміялягічным становішчам і з мэтай прадухіленьня распаўсюджваньня каранавіруснай інфэкцыі праз кантактаваньне зь людзьмі зь іншых рэгіёнаў дзяржаўныя органы санітарнага кантролю зьвяртаюцца да пінчукоў: не наведваць бяз крайняй неабходнасьці месцы масавага знаходжаньня людзей. У перадсьвяточныя і сьвяточныя дні не выяжджаць за межы гораду, асабліва ў Лунінецкі раён», — гаворыцца там.

Акрамя гэтага, пінскія ўлады папярэджваюць, што на ўезьдзе ў горад будуць стаяць патрулі з праваахоўнікаў і мэдыкаў, якія правераць усіх прыежджых.

Свабода зьвярнулася ў гарвыканкам з дадатковымі пытаньнямі. Кіраўніца аддзелу ідэалягічнай працы Валянціна Кулак паведаміла, што такі парадак уводзіцца толькі на пэрыяд велікодных сьвятаў.

Па словах Валянціны Кулак, гарадзкія ўлады настроеныя рашуча. У тым выпадку, калі ў госьця гораду будзе выяўленая падвышаная тэмпэратура альбо іншыя прыкметы захворваньня, у Пінск яго ня пусьцяць.

«Калі нейкі транспарт будзе ісьці пасажырскі з нумарамі іншага рэгіёну, то прэтэнзій ня будзе. Калі раптам нехта ўсё ж вырашыў прыехаць, — кажа чыноўніца. — Але калі тэмпэратура будзе ў чалавека (павышаная. — РС), альбо, магчыма, ён у сьпісе кантактаў 1 ці 2 узроўню, то такія людзі, натуральна, будуць вяртацца назад».

Па словах Валянціны Кулак, мэдыкі на пастах будуць мець сьпісы кантактаў 1 і 2 узроўняў, а таксама спэцыяльныя інструкцыі па праверцы патэнцыйных носьбітаў каранавірусу. Кантроль плянуецца праводзіць на ўзор таго, які дзейнічае цяпер на дзяржаўных межах Беларусі.

«Як паўсюль на ўезьдзе з-за мяжы альбо ў аэрапорце, — сьцьвярджае чыноўніца. — Гэта толькі на перадсьвяточны і сьвяточны пэрыяд. Інфармацыйная праца. Каб нашыя людзі нарэшце разумелі, што толькі ад кожнага з нас залежыць стабілізацыя вось гэтай эпідэміялягічнай абстаноўкі. Будзем бачыць, як сытуацыя будзе. Гэта не карантын. Але мы бачым, што людзі не да канца разумеюць адказнасьць кожнага. Мы ж бачым, што стараюцца і ў месцах масавага знаходжаньня бываць. Пінск адносна станоўчы горад у гэтай сытуацыі. Таму не хацелася б, каб за сьвяты нейкія завозныя выпадкі ў нас зьявіліся».

Паводле афіцыйных зьвестак, у 140-тысячным Пінску пакуль не зафіксавана ніводнага выпадку захворваньня на COVID-19. Мясцовыя чыноўнікі гавораць толькі пра завозныя выпадкі з суседніх раёнаў.

«У Пінску агулам спакойна»

Тым часам жыхары Пінску расказалі Свабодзе, што, па чутках, у горад звозяць хворых адразу зь некалькіх раёнаў Берасьцейшчыны.

«Людзі гавораць, што возяць да нас з каранавірусам з усіх суседніх раёнаў, кладуць у гарадзкой бальніцы, — расказвае Свабодзе жыхарка Пінску Сьвятлана. — Ці праўда гэта, цяжка сказаць. Людзей на вуліцах менш ня стала. Маскі пачалі насіць толькі пасьля сьмерці мясцовага журналіста (маецца на ўвазе рэпартэр выданьня „Мэдыя-Палесьсе“ Васіль Мацкевіч. — РС). Але ад чаго ён памёр, ніхто ня ведае.

Я працую на рынку, то людзей менш стала цяпер. Нічога не купляюць. Начальства маскі сказала надзець, але ня выдала нам нічога. У мяне свой быў запас, карыстаюся. Так у Пінску агулам спакойна. Гэта ў Лунінцы больш хвалююцца людзі. Там у „Эўраопце“ быў выпадак. А туды ж усе хадзілі. У нас ціха».

Паводле інфармацыі Свабоды, у чацьвер 16 красавіка заехаць і выехаць у Пінск можна было без абмежаваньняў. Калі дакладна на ўездах у горад зьявяцца патрулі з мэдыкаў і міліцыі, пакуль невядома.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG