Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вядучыя інфэкцыяністы кансультуюць мэдыкаў, якія працуюць з хворымі на COVID-19, праз адмысловы сайт

абноўлена

Мужчына ў касьцюме каранавірусу на чыгуначным вакзале ў Менску, ілюстрацыйнае фота
Мужчына ў касьцюме каранавірусу на чыгуначным вакзале ў Менску, ілюстрацыйнае фота

З інцыятывы вядучых інфэкцыяністаў краіны створаны сайт Covid19center.by, на якім супрацоўнікі Менскай гарадзкой клінічнай лякарні, катэдраў БДМУ і БелМАПА абяцаюць кансультаваць мэдыкаў з усёй Беларусі, якія непасрэдна лечаць пацыентаў з COVID-19.

Кожны лекар краіны можа зь любой прылады апэратыўна зьвязацца з адмыслоўцамі і атрымаць кваліфікаваную параду, як дзейнічаць у няпростай сытуацыі.

У камандзе кансультантаў — Ігар Карпаў, прафэсар, загадчык катэдры інфэкцыйных хваробаў Менскага мэдунівэрсытэту; Юры Горбіч, загадчык катэдры інфэкцыйных хваробаў і дзіцячых інфэкцый Акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі; дацэнт катэдры інфэкцыйных хваробаў мэдунівэрсытэту Мікіта Салавей; загадчык аддзяленьня інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі Менскага клінічнага інфэкцыйнага шпіталя Аляксандар Дзядкоў.

За аснову ўзялі досьвед замежных калег. Праграміст Павал Грабчыкаў узяў на сябе тэхнічную частку. На ўсё — ад ідэі да запуску сайта — спатрэбіўся тыдзень.

Разьлічаны гэты рэсурс на дактароў, якія непасрэдна аказваюць дапамогу пацыентам з COVID-19, сказаў Свабодзе дацэнт сталічнага мэдунівэрсытэту Мікіта Салавей.

Мікіта Салавей
Мікіта Салавей

«Па-першае, на створаным рэсурсе акумулюецца ўся інфармацыя, якая сабраная па гэтай праблеме, у тым ліку і дакумэнты Мінздароўя. Зроблена новая частка, улічаны беларускі досьвед, замежны. Інфармацыя перакладзеная і адаптаваная да нашых рэалій», — патлумачыў Мікіта Салавей.

У базе дадзеных некалькі разьдзелаў: дыягностыка і транспартаваньне, лябараторныя абсьледаваньні, лягістыка пацыентаў зь верагодным альбо пацьверджаным выпадкам і кантактных асобаў; лячэньне пацыентаў; сродкі індывідуальнай абароны; інфармацыйныя рэсурсы; заканадаўчыя дакумэнты.

Па-другое, на сайце ёсьць інтэрактыўная форма, якую любы доктар можа запоўніць, і яму апэратыўна адкажуць.

«Калі нам прыходзіць запыт на кансультацыю, мы адразу можам зьвязацца з гэтым доктарам празь любы канал сувязі альбо адказаць на e-mail.

Таксама на сайце ёсьць база зьвестак са спасылкамі на беларускія і замежныя арганізацыі і замежныя навуковыя часопісы. Праз сайт мэдыкі могуць і падаць заяўку на дапамогу валянтэраў — кампаніі ByCovid19, часопісу «Имена» і менскага хакерспэйсу.

Ва ўсе рэгіёны нашы спэцыялісты рэгулярна выяжджаюць і на месцах дапамагаюць арганізавацца. Ужо выяжджалі ў Віцебск, у тым ліку і ў райцэнтры, у Гомель, Магілёўскую вобласьць, Берасьце. Сёньня адмыслоўцы працуюць у Барысаве», — кажа Мікіта Салавей.

Гэта не адзіны канал сувязі. Ёсьць яшчэ Рэспубліканскі цэнтар апэратыўнага мэдычнага рэагаваньня — любы доктар можа падаць заяўку на кансультацыю зь любога пункту краіны ў любы час сутак. І спэцыяліст выедзе на кансультацыю. Гэта рэальна працуе, — кажа адмысловец.

«Мы зрабілі ўсё на адным сайце, каб было вельмі проста, каб можна было зьвязацца апэратыўна ня толькі з кампутара, але зь любой прылады», — дадае Мікіта Салавей.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG