Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы супраць каранавірусу. Яшчэ больш ежы для мэдыкаў і праца для звольненых праз пандэмію


У галерэі «Ў» зрабілі склад гуманітарнай дапамогі мэдыкам
У галерэі «Ў» зрабілі склад гуманітарнай дапамогі мэдыкам

Беларусы працягваюць штодня змагацца з каранавірусам сваімі сіламі і дапамагаць у гэтым мэдыкам. А Свабода працягвае пісаць пра новыя добрыя ініцыятывы.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

ByCovid19 працуе па ўсёй краіне

Валянтэры з ByCovid19 ствараюць сваю сетку па ўсёй краіне. Па гэтай спасылцы можна паглядзець тэлеграм-чат у сваім горадзе і далучыцца да праекту.

У лякарню ў пасёлку Шуміліне валянтэры перадалі мэдыцынскія халаты, 1000 рэсьпіратараў клясу ffp1 і 1270 — ffp2.

Крамы «Пяты элемэнт» і «Электрасіла» перададуць у менскія і віцебскія шпіталі пральныя машыны. Таксама туды перадалі пральныя парашкі і мыйныя сродкі — за гэта валянтэры дзякуюць крамам «Міла» ды «Е-дастаўка».

Праект ByCovid19 просіць спонсарскай дапамогі: шукаюць, хто б мог аплаціць закупку супрацьчумных касьцюмаў. На 500 штук патрэбна 10500 рублёў.

І гэта далёка ня ўсё, што валянтэры зрабілі для мэдыкаў апошнімі днямі. Сачыць за іхнай дзейнасьцю можна на старонцы ў Facebook.

І зноў ежа для мэдыкаў

Дастаўка ежы PastaDeli пачала гатаваць абеды для мэдыкаў менскай гарадзкой станцыі хуткай дапамогі. Сваіх рэсурсаў установе хапае, каб гатаваць 30 порцый. На большую колькасьць яны зьбіраюць дапамогу на MolaMola.

У Віцебску для мэдыкаў пачаў гатаваць абеды арт-паб «Торвальд». Збор сродкаў ідзе тут.

Менская кавярня «Культурнае жыцьцё» вырашыла дапамагчы пэрсаналу раённага шпіталя Барысава. Абеды будуць вазіць два разы на дзень: у 9.00 і 14.00.

«Лекараў у Менску ўжо падтрымліваюць, мы гатовыя ехаць у рэгіён, якому дастаецца менш дапамогі. Там нашыя лекары змагаюцца на перадавой, зь меншай колькасьцю супрацоўнікаў, сілаў і падтрымкі», — пішуць ініцыятары кампаніі.

Да ініцыятывы далучылася рэстарацыя Pasta Fresca. Там будуць гатаваць для мэдыкаў шпіталя ў Бараўлянах. Пералічыць грошы можна тут.

Збор сродкаў для мэдыкаў у Лунінцы і Паставах

На MolaMola распачаўся збор на сродкі індывідуальнай абароны для мэдыкаў Лунінца. Усяго неабходна 5 тысяч рублёў.

Пра сваю дзейнасьць валянтэры распавядаюць у Тэлеграм-канале «Дапамога Лунінец Covid-19».

А тут валянтэры зьбіраюць грошы для дапамогі мэдыкам Паставаў і раёну.

«Эўраопт» заве на працу звольненых праз каранавірус

«Е-дастаўка» заве на працу людзей, якіх звольнілі зь месцаў грамадзкага харчаваньня праз пандэмію каранавірусу. Прапануюць вакансіі кладаўшчыка—камплектоўшчыка ды ўкладчыка—пакавальніка, піша The Village.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG