Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Закрытая труна і не цалаваць цела: ва Ўкраіне вызначылі правілы пахаваньня памерлых ад каранавірусу


Ва Украіне набліжаецца да дзьвюх тысяч лік лябараторна пацьверджаных выпадкаў захворваньня каранавірусам. 57 чалавек ад пачатку пандэміі памерлі, прычым першая сьмерць хворага на COVID-19 была зафіксаваная яшчэ 25 сакавіка. Але з таго часу прайшлі цэлыя два тыдні, і толькі цяпер Міністэрства аховы здароўя Ўкраіны апублікавала рэкамэндацыі, як хаваць хворых з COVID-19.

Як вынікае з прамовы намесьніка міністра аховы здароўя Ўкраіны, галоўнага санітарнага доктара Віктара Ляшко:

  • праводзіць крэмацыю целаў памерлых ад каранавірусу ва ўкраінскім Міністэрстве аховы здароўя не патрабуюць;
  • але пры гэтым пахаваньне ці крэмацыя мусяць праходзіць у шчыльна зачыненай труне;
  • сваякам і прысутным на пахаваньні забаронена цалаваць цела памерлага;
  • на рытуальным абрадзе могуць прысутнічаць ня больш за 10 чалавек;
  • пры гэтым прысутныя павінны захоўваць бясьпечную дыстанцыю ў 1,5 мэтра;
  • цела перад пахаваньнем павінны апрацаваць дэзынфэкцыйным растворам і зьмясьціць у гермэтычны пакет-мех;

«Галоўная мэта прапісаных захадаў — пазьбегнуць кантакту зь целам хворага, паколькі менавіта праз кантакт, менавіта праз наяўнасьць біялягічных вадкасьцяў, якія выдзяляюцца зь цела памерлага, мы можам перадаць узбуджальніка каранавіруснай хваробы», — растлумачыў Ляшко.

За парушэньне гэтых санітарных нормаў паліцыя ўжо распачала крымінальную справу ў дачыненьні мэдыкаў у Херсонскай вобласьці. Яны выдалі цела жанчыны, якая памерла ад каранавірусу, для пахаваньня, не дачакаўшыся вынікаў тэстаў. У выніку аднавяскоўцы, якія былі на могілках, пра яе дыягназ даведаліся ўжо пасьля разьвітаньня.

Новыя правілы пахаваньня павінны, як разьлічваюць у Міністэрстве аховы здароўя Ўкраіны, выключыць такую сытуацыю, якая адбылася ў бальніцы Цярнопалю, дзе ад каранавірусу памёр 58-гадовы Павел Баднарчук зь сяла Кавалёўка. Яго родныя расказалі: калі прыехалі забіраць цела — лекары проста вынесьлі труп у калідор шпіталя ў мяху, які не закрываўся на замок, зачынілі дзьверы і пайшлі, не прапанаваўшы ніякай дапамогі. Сваякам у выніку давялося цягнуць цела па зямлі.

«Гэтым займалася мая сястра. Мех парваўся, і на ім разыходзіўся замок, уяўляеце? — расказала дачка Паўла Ганна Палішчук. — Бацька важыў дзесьці 100 кіляграмаў, яны гэты мех цягнулі па зямлі, яна і муж зь ёй. Яна кажа: «Мы ад страху не разумелі, мы галаву нясём ці ногі. Такая была паніка».

«Яна тады патэлефанавала, па-мойму, галоўнаму доктару, і спытала, што яны павінны рабіць зь целам. А ёй сказалі, што ёсьць усяго тры мэдсястры ў шпіталі, і ніхто сябе ня будзе падстаўляць небясьпецы», — заявіла Ганна.

Паводле дачкі, людзі ў вёсцы — таксама ад страху перад каранавірусам — адмовіліся капаць магілу Паўлу, хоць звычайна менавіта аднавяскоўцы хаваюць сваіх землякоў. Каб пахаваць Бандарчука, улады былі вымушаныя наняць трактар, а апускалі цела ў магілу мэр райцэнтру, яго намесьнік, кіраўнік сельсавету і зяць памерлага.

«Труна была засыпана хлёркай, зачыненая. Перад тым, як труну браць, ручкі працерлі растворам, — расказваў аб тым пахаваньні Андрэй Старых, мэр гораду Манастырску. — Мы памаліліся, апусьцілі ў яму, кінулі ў яму хлёрку, засыпалі зямлёй».

«Мы паглядзелі, што нікога няма ахвочых хаваць. Ну дык што, пакінуць чалавека не па-хрысьціянску непахаваным, хай труна ляжыць на зямлі на могілках?» — зазначыў ён.

Мэр Манастырыску, дачка памерлага і яе дзеці пасьля пахаваньня Паўла Бандарчука таксама захварэлі на каранавірус. Але дзе менавіта яны заразіліся, дакладна сказаць нельга.

“Настоящее время”

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG