Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна атрымала ад ААН 33 мільёны даляраў на барацьбу з каранавірусам


Праверка грамадзянаў Украіны, эвакуяваных з Польшчы. Кіеў, 26 сакавіка 2020
Праверка грамадзянаў Украіны, эвакуяваных з Польшчы. Кіеў, 26 сакавіка 2020

Украіна атрымала ад Арганізацыі аб’яднаных нацый $33 мільёны ў рамках праграмы «Глябальны плян гуманітарнага рэагаваньня для барацьбы з COVID-19». Пра гэта паведаміў у сацсетках прадстаўнік украінскай дэлегацыі ў ААН Алег Нікаленка.

Паводле яго, грошы будуць накіраваныя на рэалізацыю гуманітарных праектаў на Данбасе па абодва бакі лініі разьмежаваньня, у тым ліку на тэрыторыі, якую кантралююць прарасейскія сэпаратысты.

Грошы пойдуць на фінансаваньне:

  • мэдычных установаў (дастаўку неабходнага лябараторнага абсталяваньня і мэдыкамэнтаў)
  • забясьпячэньня харчовай бясьпекі ў рэгіёне і раздачы тавараў першай неабходнасьці мясцовым жыхарам
  • дапамогі асобам сталага веку і людзям з інваліднасьцю
  • дыстанцыйнай школьнай адукацыі
  • правядзеньне інфармацыйных кампаній у справе абароны сябе і навакольных ад вірусу.

«Найбольш неабароненыя катэгорыі ўкраінцаў будуць мець сродкі для лячэньня і мінімізацыі нэгатыўнага ўплыву каранавірусу», — растлумачыў Нікаленка.

Ён нагадаў, што «Глябальны плян ААН» прадугледжвае разьмеркаваньне каля $2 мільярдаў для стрымліваньня эпідэміі COVID-19 у краінах, якія разьвіваюцца ў Паўднёвай Амэрыцы, Афрыцы, на Блізкім Усходзе і ў Азіі.

Паводле Цэнтра грамадзкага здароўя, па стане на раніцу 26 сакавіка ва Ўкраіне было зарэгістравана 156 лябараторна пацьверджаных выпадкаў COVID-19. Пяць хворых памерлі. Чвэрць тых, хто захварэў жывуць у Кіеве — 40 чалавек.

Некалькі дзён таму кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што на барацьбу з каранавірусам выдаткоўваецца адзін мільён даляраў.

У Беларусі на 25 сакавіка пацьвердзілі 86 выпадкаў інфэкцыі новым каранавірусам: 29 «выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі», яшчэ 57 «знаходзяцца пад мэдычным кантролем і на лячэньні», два выпадкі пераправяраюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG