Папяровыя квіткі ў грамадзкім транспарце Берасьцейскай вобласьці будуць на беларускай мове. Такое абяцаньне, піша БелаПАН, зьмяшчаецца ў адказе, які атрымала прадстаўніца ініцыятывы «Ўмовы для мовы» Аліна Нагорная ад генэральнага дырэктара ААТ «Брэстаблаўтатранс» Ігара Мартынавіча.
Ён піша, што пакуль рэквізыты на квітках на гарадзкія, прыгарадныя і міжгароднія перавозкі ў асноўным афармляюцца на расейскай мове. Форма блянкаў білетаў, багажных квіткоў зацьвярджаецца заказчыкамі перавозак, гар- і райвыканкамамі і адпавядаюць Правілам аўтамабільных перавозак, якія не прадугледжваюць абавязковага разьмяшчэньня інфармацыі па-беларуску.
Разам з тым гендырэктар прадпрыемства абяцае, што «па меры выдзяленьня блянкаў білетнай прадукцыі на папяровых носьбітах далейшая іх замова на выраб па ўзгадненьні з заказчыкамі будзе ажыцьцяўляцца з указаньнем рэквізытаў на беларускай мове».
«Тое, што квіткі зьявяцца на беларускай пасьля ўзгадненьня зь перавозчыкамі, фармальнасьць. Па факце гэта значыць, што „Брэстаблаўтатранс“ напіша філіялам, каб яны надрукавалі квіткі на беларускай, і яны будуць. У аўтобусах Гомля ўжо ёсьць квіткі па-беларуску, і неўзабаве будуць ва ўсіх гарадах Магілёўскай вобласьці», — заявіла БелаПАН Нагорная.
Яна лічыць, што перавесьці афармленьне білетаў на беларускую мову атрымалася з дапамогай некалькіх зваротаў.
«Звароты — адзін з эфэктыўных спосабаў зьмяніць нешта ў Беларусі. Мы разам з каталёгам беларускамоўных бізнэсаў і паслугаў „Свае“ стварылі сайт Umovy.by, на якім можна знайсьці прыклады зваротаў, парады і вытрымкі з заканадаўства, якія дапамогуць зрабіць так, каб у Беларусі стала больш беларускай мовы», — адзначыла прадстаўніца ініцыятывы.
У Магілёўскай вобласьці, зыходзячы з адказаў чыноўнікаў «Магілёўаблаўтатранс», на беларускамоўныя квіткі пяройдуць з 1 чэрвеня — калі скончыцца запас расейскамоўнай прадукцыі. У Гомельскім аблвыканкаме ініцыятыве «Ўмовы для мовы» абяцалі яшчэ ў 2019 годзе надрукаваць квіткі па-беларуску і абяцаньне выканалі.